У Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў. Ганаровым госцем стаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў.

Установа адукацыі, што вядзе сваю гісторыю з 1947-га, сустракае навучальны год у статусе адной з галоўных кузняў мастацкіх кадраў краіны.
Два гады таму 1 верасня адчынілі дзверы будынкі новага корпуса і інтэрната каледжа на сталічнай вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 5, дзе ёсць усё неабходнае як для эфектыўнага навучання, так і для плённага адпачынку. Сёння тут віруе насычанае творчае жыццё і пануе атмасфера натхнення.

У звароце да студэнтаў і педагогаў Марат Маркаў падкрэсліў значнасць захавання традыцый беларускай мастацкай школы і падтрымкі маладых талентаў. Марат Сяргеевіч адзначыў:

— Вы вельмі таленавітыя. Але, шчыра кажучы, тое, якіх поспехаў вы даможацеся, зараз залежыць толькі ад вас. Мы часта альбо губім свой талент, альбо можам яго развіць. Калі ў цябе ёсць дакладная пазіцыя, апроч таленту, тады шанцы на твой поспех і на тваю будучыню вырастаюць кратна.

Міністр уручыў пасведчанні аб прысуджэнні прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама студэнцкія білеты першакурснікам, якія паказалі найвышэйшыя вынікі на ўступных іспытах.

Акрамя таго, адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу студэнцкіх атрадаў і творчага конкурсу, зладжанага па выніках мастацкага плэнеру, які навучэнцы каледжа правялі ў Нясвіжы. Экспазіцыя гэтых работ прадстаўлена ў вестыбюлі каледжа.
Служба інфармацыі “К”, фота Уладзіміра ШЛАПАКА