Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі 1 верасня ўрачыста адкрыла навучальны корпус пасля рэстаўрацыі.

Гістарычны будынак, які з’яўляецца візітоўкай музычнай адукацыі краіны, атрымаў другое дыханне.

З прывітальным словам да студэнтаў і выкладчыкаў акадэміі звярнулася намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч:

— Мы зрабілі ўсё магчымае, каб ваш талент раскрыўся, і рэалізацыя гэтага праекта дзяржавай — не пра грошы, а пра пачуццё запатрабаванасці. Кожны з вас — будучыя і дзейныя музыканты, выкладчыкі — павінен адчуць, наколькі вы патрэбны краіне і людзям. Гэта месца напоўнена душой, каб вы маглі тварыць.

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач падкрэсліў важнасць захавання архітэктурнай спадчыны і стварэння сучасных умоў для навучання моладзі:
— Урад надае асаблівае значэнне развіццю культуры, і таму перад намі стаяла няпростая місія — зберагчы самабытнасць і акустычную дасканаласць залы, адначасова ўзбагаціўшы яе новымі рашэннямі. Перакананы, гэтую задачу мы выканалі бліскуча.

Яскравым момантам святочнай праграмы стала адкрыццё скульптуры скрыпачкі аўтарства Уладзіміра Занковіча. Вытанчаны вобраз маладой артысткі з інструментам у руках арганічна ўпісаўся ў абноўлены архітэктурны ансамбль, нібыта ўвасабляючы сам дух акадэміі — імкненне да гармоніі, прыгажосці і дасканаласці.

Для гасцей правялі экскурсію “Будынак, які гучыць”. Аўтэнтычнасць гістарычнай архітэктуры не была страчана, наадварот — падкрэслена праз удалае ўкараненне сучасных тэхналогій.

Абноўленыя інтэр’еры, удасканаленая матэрыяльна-тэхнічная база і новыя музычна-адукацыйныя прасторы ствараюць камфортныя ўмовы не толькі для заняткаў, але і для канцэртнай дзейнасці.
Рэктар акадэміі Алена Куракіна падкрэсліла, што галоўная мэта праведзеных работ — даць студэнтам максімум магчымасцей для прафесійнага росту.

Завяршальным акордам свята стаў канцэрт у галоўнай зале, дзе выступілі таленавітыя студэнты, салісты і творчыя калектывы акадэміі.

Іх выкананне ярка прадэманстравала высокі ўзровень падрыхтоўкі і добрыя перспектывы развіцця беларускай музычнай школы.
Дар’я АРХІПКОВА, фота Уладзіміра ШЛАПАКА