(Частка трэцяя — па гэтай спасылцы)
1996—1999. ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ
У 1996-м газета “Культура” адзначыла першы юбілей — пяцігадовы.
Пошта поўнілася віншаваннямі — ад афіцыйных асоб, калег-журналістаў, чытачоў. Радкі з лістоў надрукавалі ў святочным выпуску. Словы падзякі, пажаданні творчых поспехаў і натхнення — усё гэта сведчанне шырокага грамадскага прызнання газеты і яе ролі ў асвятленні культурнага жыцця краіны.
Адпавядаючы запытам падпісчыкаў, выданне не страчвала фірменнага стылю, заставалася ў авангардзе падзей. Чытаць “Культуру” таго часу — нібы перагортваць старонкі айчыннай гісторыі. З нататак, як з пазлаў мазаікі, складваецца цэласная карціна той пары.
Чэрвень 1996-га. У Гродне стартуе І Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Па яго выніках у газеце з’яўляецца вялікі рэпартаж. “Калі Беларусь інтэрнацыянальная, чаму б ёй не быць фестывальнай?” — агучваюць рытарычнае пытанне журналісты (№ 22 ад 4 чэрвеня 1996 г.).

Верасень 1997-га. Адноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай — дакладная копія адной з галоўных айчынных святынь перададзена на пастаяннае захоўванне ў Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку. “Народ крыж прыняў!” — маніфестуе першая паласа спецвыпуску, прысвечанага гэтай гістарычнай падзеі (№ 38 ад 27 верасня 1997 г.).

Кастрычнік 1999-га. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у кожную другую нядзелю кастрычніка пачынаюць адзначаць Дзень работнікаў культуры. “Сёння ў нашай хаце свята” — такім загалоўкам сустракае навіну выданне. У нумары асноўныя лічбы і факты аб развіцці сферы сімвалічна падводзяць рысу пад дзесяцігоддзем (№ 36 ад 2 кастрычніка 1999 г.).
Час няўмольна імчаў наперад. Эпоха 1990-х адыходзіла ў мінулае — маладая краіна глядзела ў новы век. Што чакала газету на гэтым рубяжы?
Працяг будзе!
Данііл ПІЎКАРЭЦ