(Частка першая — па гэтай спасылцы)
Ідучы ў нагу з часам, газета не спынялася на дасягнутым. Структура кожнага нумара станавілася больш разнастайнай: з’яўляліся новыя рубрыкі, пашыралася жанравая палітра.

1992—1993. НА СТЫКУ ЭПОХ
Так, у праекце “Мастыхін”, прысвечаным айчыннаму выяўленчаму мастацтву, публікаваліся агляды выстаў, рэпартажы з пленэраў, творчыя партрэты майстроў. Таксама прыводзіўся аналіз тагачасных тэндэнцый у беларускім жывапісе, графіцы і скульптуры.
Пастаяннай робіцца калонка “Жывы эфір”, у аснову якой лягла рэдакцыйная пошта — водгукі чытачоў на кінастужкі і тэлевізійныя перадачы. У рубрыцы “На кубачак гарбаты” друкаваліся замалёўкі з паўсядзённага жыцця, аўтарскія эсэ і парады па арганізацыі культурнага побыту.
Газета паступова становіцца надзейным правадніком і ў свет музычнага, тэатральнага і кінамастацтва. На старонках выдання з’яўляюцца эксклюзіўныя інтэрв’ю са знакамітымі асобамі, дэталёвыя рэпартажы і крытычныя агляды.
Разам з тым “Культура” неаднаразова звяртаецца да пытання пра неабходнасць падрыхтоўкі доўгатэрміновай стратэгічнай нацыянальнай праграмы развіцця нашай сферы. На старонках штотыднёвіка выступалі знакамітыя творцы, дырэктары ўстаноў, афіцыйныя асобы. Яны акрэслівалі балючыя кропкі, дзяліліся меркаваннямі, як і што трэба рабіць, каб культура стала прыярытэтным напрамкам у жыцці грамадства.
Забягаючы наперад, адзначым: гэтая мара спраўдзілася вельмі хутка.
Працяг будзе!
Данііл ПІЎКАРЭЦ