“А яблычак той няпросты, яблычак чароўны!” Паглыбленне ў беларускія традыцыі

У традыцыйнай абраднасці беларусаў яблык спрадвеку меў глыбокае, сакральнае значэнне.

 

— Ён выступаў галоўным сімвалам плоднасці, прыгажосці, кахання і нараджэння новага жыцця. Яблык служыў знакам згоды дзяўчыны на шлюб. Калі хлопцу ўдавалася высватаць дзяўчыну, яна прымала ад яго гасцінец і ў адказ дарыла яблык. Гэта азначала, што яна згодная выйсці замуж, — распавядае Алеся Маліноўская, загадчык аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага Цэнтра культуры.

 

Не абыходзілася без яблыкаў і стварэнне караваю — галоўнага рытуальнага хлеба беларускага вяселля. Яго афармленне было цэлай магіяй.

— У вясельны каравай на Ашмяншчыне ўтыкалі галінку грушы ці яблыні, — працягвае суразмоўца. — У традыцыйнай абраднасці беларусаў чырвоны прыгожы яблык заўсёды клалі ў самы цэнтр каравая. Ён сімвалізаваў будучую долю маладых, іх каханне і пажаданне мець шмат здаровых дзяцей.

 

Па словах Алесі Маліноўскай, запрашаючы на вяселле, маладыя абыходзілі хаты сваякоў і суседзяў, а нявеста ці яе сяброўкі трымалі ў руках талерку з яблыкамі. Калі госць пагаджаўся прыйсці, ён прымаў частаванне — яблык, а на талерку клаў грошы або падарунак для маладой.

Падчас самога застолля яблыкі выкарыстоўваліся для магічнага замацавання саюза. Госці, віншуючы маладых, маглі дарыць ім парачку прыгожых чырвоных яблыкаў, звязаных разам чырвонай стужкай. Гэта рабілася, каб маладыя “плылі па жыцці разам, як два яблыкі на адной галінцы”.

Пры дзяленні каравая цэнтральны яблык аддавалі выключна маладым. Яны павінны былі з'есці яго разам, каб паміж імі ніколі не было звад і сурокаў.

— Сяброўкі нявесты выкарыстоўвалі яблыкі з вясельнага стала, каб даведацца пра свой лёс. Нявеста магла кінуць яблык у натоўп незамужніх дзяўчат (гэтак было яшчэ да традыцыі кідання букета). Тая, якая лавіла плод, паводле павер'яў, павінна была наступнай выйсці замуж, — паглыбляе ў “чараўніцтва” яблыкаў спецыялістка.

 

У беларускай традыцыйнай культуры будаўніцтва новай хаты для маладых лічылася стварэннем уласнага сусвету. Яблык у гэтым працэсе выступаў як моцны абярэг і магічны інструмент для прыцягнення багацця і жыццёвай сілы. Пад “чырвоны кут” (дзе потым будуць стаяць іконы і стол) або пад прызбу абавязкова клалі прыгожы, цэлы і сакавіты яблык.

— Яблык закладаўся на салодкае, сытае і багатае жыццё. Лічылася, што гэты рытуал гарантуе, што ў новай хаце заўсёды будзе дастатак, а дзеці будуць нараджацца здаровымі і прыгожымі, “як яблычкі”, — расказвае Алеся Маліноўская.

 Звязаны быў яблык і з маціцай — галоўнай папярочнай бэлькай, якая трымае ўсю столь хаты і сімвалізуе трываласць сям'і. Яе ўсталяванне было кульмінацыяй будаўніцтва.

— Калі маціцу падымалі наверх, да яе пасярэдзіне прывязвалі хустку або торбачку, у якую клалі хлеб, соль і абавязкова некалькі чырвоных яблыкаў. Часам яблыкі проста кацілі па бэльцы, — здзіўляе фактамі суразмоўніца.

Адначасова з будаўніцтвам ці адразу пасля яго заканчэння малады гаспадар павінен быў пасадзіць пад акном спальні або каля ўвахода малады саджанец яблыні.

— Дрэва выступала як “дваіжнік” сям'і. Лічылі: як расце і пладаносіць яблыня, так будзе расці і мацнець маладая сям'я. Салодкія плады пад акном павінны былі адганяць ад хаты злых духаў і сурокі, — дзеліцца цікавосткамі з гісторыі Ашмянскага краю Алеся Маліноўская.

 Ілюстрацыі — фота Алесі Маліноўскай з Яблычнага фэсту пад паэтычнай назвай “Водары восені, смак кахання”, які прайшоў у аграгарадку Навасёлкі.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok