Узорны тэатральны калектыў “Смалярыкі” са Смалявічаў адзначае юбілей. За 25 гадоў лакальная ініцыятыва вырасла ва ўнікальную творчую экасістэму, дзе сцэну разумеюць як шлях развіцця асобы і аб’яднання пакаленняў.

Гісторыя “Смалярыкаў” пачалася ў 2002-м на базе Смалявіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. З 2013-га калектыў носіць ганаровае званне “ўзорны” і застаецца адзіным тэатрам з такім статусам ва ўсім краі.
Дзейнасць аб’яднання выходзіць далёка за рамкі звычайных рэпетыцый: тут адначасова вучаць акцёрскаму майстэрству, сцэнічнай мове, харэаграфіі, грыму, вырабу бутафорыі і дэкарацый, а таксама ўдасканальваюць вакал. Недарма дэвіз “Смалярыкаў” — “Тэатр як шлях безагрэсіўнага развіцця!”.
НА ЎЛАСНЫМ ПРЫКЛАДЗЕ
Натхняе калектыў кіраўнік Анастасія Даражынская. Цікава, што яе шлях пачынаўся не з рэжысуры. Адразу наша гераіня вывучала харэаграфію ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Аднак даволі хутка прыйшло ўсведамленне: хочацца большага…
— Мне цікава ствараць гісторыі, працаваць з вобразамі, шукаць сэнсы. Калі мая першая пастаноўка атрымала высокую ацэнку, задумалася: а можа, гэта і ёсць мой шлях? — згадвае Анастасія Аляксандраўна.

Пасля каледжа — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (спецыяльнасць “рэжысура драматычнага тэатра”), магістратура па тэатразнаўстве. Летась скончыла і аспірантуру. Па выніках 2025 года Анастасія Даражынская прызнана найлепшым работнікам культуры Смалявіччыны і занесена на раённую Дошку гонару.
Навуковы, педагагічны і сцэнічны досвед арганічна дапаўняюцца выяўленчым мастацтвам. Анастасія Аляксандраўна — мастак-самавук, вясной адбылася яе першая персанальная выстава “Адлюстраванне нябачнага”. У экспазіцыю трапілі як жывапісныя палотны, так і дзіцячыя кнігі, аўтарам і ілюстратарам якіх выступіла кіраўнік “Смалярыкаў”.
— Калі выхаванцы бачаць, што педагог таксама развіваецца, ставіць перад сабой новыя задачы, гэта ўздзейнічае лепш за любыя словы. Наймацнейшая матывацыя — уласны прыклад, — падкрэслівае рэжысёр.
ШЧЫРАЕ ЖАДАННЕ
У асноўным складзе займаецца 15 юных артыстаў, яшчэ 25 дзяцей — у падрыхтоўчай групе. Сюды прыходзяць са шчырым жаданнем працаваць.

— Галоўнае — каб гарэлі вочы. Тэхніцы можна навучыць. А вось сапраўдную цікавасць і імкненне да творчасці не выклікаеш прымусам. Каб трапіць у асноўны склад, трэба здаць экзамен (паспяхова прадставіць верш, прозу, байку, песню, танец або эцюд), які дазваляе ўбачыць прыродныя здольнасці і гатоўнасць дзіцяці да сцэны, — тлумачыць Анастасія Аляксандраўна.
Паводле назіранняў педагогаў і бацькоў, дзякуючы тэатру выхаванцы робяцца больш адкрытымі, упэўненымі ў сабе, камунікабельнымі.
— Тэатр вучыць аддаваць — атрымліваць веды і ўражанні, але і дзяліцца імі. Калі хлопцы і дзяўчаты выходзяць да публікі, яны разумеюць адказнасць за тое, што нясуць людзям, — адзначае Анастасія Даражынская.
РАЗУМЕЦЬ ІНШЫХ
Аснова рэпертуару “Смалярыкаў” — драматычныя пастаноўкі. У гэтым жанры калектыў знаходзіць найбольш магчымасцей для размовы пра складаныя пачуцці, узаемаадносіны і жыццёвыя выпрабаванні.

— Калі чытаю п’есу і нешта ўнутры адгукаецца, калі з’яўляецца боль, спагада, жаданне разабрацца ў лёсе героя, усведамляю: наш матэрыял. Галоўная задача тэатра — дапамагаць лепш разумець іншых. У жыцці няма людзей вы ключна добрых ці дрэнных. У кожным ёсць нешта светлае, і менавіта гэта хочацца знайсці і паказаць.
Тут не імкнуцца да простых высноў. Кожны спектакль становіцца нагодай для разваг і дыялогу.

АДКРЫВАЮЧЫ СЦЭНУ
У “Смалярыках” склалася асаблівая, амаль хатняя атмасфера. А для Анастасіі Даражынскай тэатр і сям’я даўно непадзельныя. Побач з кіраўніком працуе маці Таісія Віктараўна, якая вядзе падрыхтоўчую групу і вырашае арганізацыйныя пытанні. Бацька дапамагае ствараць дэкарацыі, у пастаноўках задзейнічана дачка Лізавета. Дзяўчынка з трох гадоў на сцэне і ўжо здабыла ўзнагароды за найлепшыя акцёрскія работы.
Артысты перакананы: спектакль нараджаецца і на рэпетыцыях, і ў штодзённых сумесных момантах, з узаемнай падтрымкі, адказнасці за агульны вынік.
— Мне вельмі пашанцавала, што разам са мной гэтым жывуць родныя. Без іх было б значна цяжэй. Тэатр патрабуе вялікай аддачы. Але калі блізкія становяцца часткай любімай справы, усё мае іншы сэнс, — прызнаецца наша гераіня.
Найлепшае сведчанне сямейнай атмасферы — з’яўленне ў пачатку 2026-га дарослай трупы “КропкаА”.

Праект аб’яднаў тых, хто на працягу гадоў быў побач: бацькоў выканаўцаў, гледачоў і сяброў калектыву, якія адчулі патрэбу выйсці да публікі.
Большасць удзельнікаў — жанчыны, якія сумяшчаюць творчасць з прафесійнай дзейнасцю і выхаваннем дзяцей. Таму невыпадкова першай пастаноўкай стаў спектакль “Жаночая тэма”. У ім няма павучальнасці або спроб даць гатовыя адказы. Гэта шчырая размова пра каштоўнасць чалавечага жыцця, адказнасць за выбар, пра мацярынства і тое, як адно рашэнне можа змяніць лёс. Так “Смалярыкі”, якія доўга дапамагалі самавыяўляцца дзецям, сёння адкрываюць сцэну і для дарослых.
ПРОСТАСЦЬ І АДКАЗНАСЦЬ
Да сваёй сацыяльнай місіі калектыў ставіцца не менш сур’ёзна, чым да мастацкай. Сёлета сезон завяршылі дабрачынным вясновым балем. Сабраныя сродкі накіравалі на падтрымку Смалявіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра — для выхаванцаў набылі неабходныя канцылярскія прылады і падрыхтавалі падарункі. Гэта яшчэ раз нагадала: для абедзвюх труп тэатр — і пра сцэну, і пра адказнасць перад людзьмі.

Сустракаючы 25-годдзе, “Смалярыкі” рухаюцца наперад без гучных дэкларацый і абяцанняў.
— Проста хочам рабіць добрыя спектаклі, паказваць іх, вучыцца і дапамагаць расці іншым, — рэзюмуе Анастасія Даражынская.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву