Да 100-годдзя з дня нараджэння Леаніда Дробава ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася экспазіцыя “Мастацтвазнавец і мастак. Дыялог скрозь час”.

Дакументальна-мастацкая выстава адлюстроўвае этапы прафесійнага станаўлення вядомага навукоўца і жывапісца — ад абароны кандыдацкай дысертацыі і да апошніх манаграфій, прысвечаных беларускай графіцы XIX стагоддзя і айчынным майстрам-сучаснікам. Найбагацейшы архіў выбітнага чалавека пасля яго смерці перадала ў музей удава Святлана Дробава, і сёння гэтыя матэрыялы служаць для работнікаў установы скарбніцай інфармацыі, карпатліва сабранай у Маскве, Санкт-Пецярбургу, іншых гарадах. Працу даследчыка беларускай гісторыі мастацтваў Леанід Ніканоравіч арганічна сумяшчаў з уласнай творчасцю.
ДАРОГА Ў НАВУКУ
Народжаны ў 1926 годзе ў вёсцы Растаў Акцябрскага раёна ў сям’і настаўніка, у 1940-м паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н.К. Крупскай, але далейшыя планы на жыццё сапсавала вайна. У першыя дні Вялікай Айчыннай юнак далучыўся да 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады, а ў студзені 1944 года быў мабілізаваны ў Чырвоную армію і ваяваў у складзе 37-й гвардзейскай дывізіі 65-й арміі 2-га Беларускага фронту, якая ўдзельнічала ў баях у Памераніі на поўначы Польшчы.
Дэмабілізаваўшыся, у 1956-м Леанід Дробаў скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, пасля працаваў выкладчыкам чарчэння і малявання. У 1958 годзе завяршыў падрыхтоўку на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пайшоў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР.
У 1965-м атрымаў яшчэ адну вышэйшую адукацыю — на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе пераймаў веды ў народнага мастака БССР Івана Ахрэмчыка, а таксама ў Пятра Крохалева і Аляксандра Мазалёва.

ЛЕТАПІСЕЦ РАЗВІЦЦЯ
Леанід Ніканоравіч даследаваў станаўленне стыляў ды жанраў у нацыянальным мастацтве. У 1962-м абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную беларускаму жывапісу XIX — пачатку XX стагоддзя і яго шляху ад класіцызму да рэалізму. Выдадзеная ў 1974-м адпаведная манаграфія была крокам наперад у вывучэнні айчыннага мастацтва дарэвалюцыйнага перыяду і змяшчала багата фактычнага матэрыялу аб творчасці выдатных асоб, якія паходзілі з нашых зямель.
Чарговая манаграфія “Жывапіс Савецкай Беларусі (1917— 1975)” пабачыла свет у 1979 годзе, і абедзве яны зрабіліся асновай для распрацоўкі праграм па курсе мастацтвазнаўства ў вышэйшых навучальных установах БССР.
У 1983-м у ленінградскім Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна Леанід Дробаў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Станаўленне і развіццё рэалізму ў беларускім жывапісе XIX—XX стагоддзяў”.
Як аўтар і член рэдкалегіі ў 1972—1982-м удзельнічаў у падрыхтоўцы дзевяцітомнага выдання “Гісторыя мастацтва народаў СССР”, за што быў узнагароджаны залатым медалём Прэзідыума Акадэміі мастацтваў СССР. Акрамя таго, даследчык стварыў кнігі “Беларускія мастакі XIX стагоддзя” і “Сучасны беларускі партрэт”, альбом “Мастацтва Беларускай ССР”, манаграфіі пра такіх майстроў, як Аляксандр Мазалёў, Акім Шаўчэнка, Антон Бархаткоў і Анатоль Шыбнёў.

ГАНАРОВЫ ГРАМАДЗЯНІН
Фундаментальная адукацыя істотна пашырыла сёлетняму юбіляру далягляд, што дазволіла сабраць, асэнсаваць і прааналізаваць велізарны матэрыял. Таму манаграфіі, напісаныя Дробавым, не страцілі актуальнасці і сёння. З 1964-га і да смерці ў 2002-м ён узначальваў аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Акадэміі навук, агулам прысвяціўшы ўстанове 38 гадоў. Менавіта пад кіраўніцтвам Леаніда Ніканоравіча калектыў даследчыкаў інстытута выпусціў у 1987—1994-м шасцітомную “Гісторыю беларускага мастацтва”, якую ў 1996 годзе адзначылі Дзяржаўнай прэміяй.
Як творца Леанід Дробаў працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але самым важным для гэтага чалавека быў пейзаж.
Больш за сотню жывапісных палотнаў і графічных лістоў майстар перадаў галерэі ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Установа цяпер носіць імя Леаніда Ніканоравіча і з’яўляецца адным з культурных цэнтраў рэгіёна. Мясцовыя жыхары дужа шануюць і захоўваюць памяць аб славутым земляку, якому прысвоена пачэснае званне ганаровага грамадзяніна Акцябрскага раёна.
Антон РУДАК. Ілюстрацыі з сайта музея