Ад Курска да Мінска

Апублiкавана: 19 жнiўня 2026 Стужка Музеі Мінск Беларусь — Раcія

Аўтар: РУДАК Антон

Пад такой назвай у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе часовая экспазіцыя. Яна створана ў рамках міжнароднага выставачнага праекта, рэалізаванага сумесна з Дзяржаўным ваенна-гістарычным музеем-запаведнікам “Прохараўскае поле” Белгародскай вобласці.

 Гэты музей-запаведнік знаходзіцца ў адной з самых значных гістарычных мясцін Расіі. Там у 1943-м прайшла танкавая бітва, што адыграла важную ролю ў перамозе Чырвонай арміі на Курскай дузе.

 

ШЛЯХ ДА ТРЫУМФУ

Курская бітва доўжылася паўсотні дзён з пачатку ліпеня да канца жніўня 1943 года і па маштабах, задзейнічаных сілах і сродках, а таксама па выніках аказалася сярод ключавых у летапісе Вялікай Айчыннай вайны і Другой сусветнай наогул. У баях з абодвух бакоў удзельнічала каля 2 мільёнаў чалавек, прыблізна 6 тысяч танкаў і 4 тысячы самалётаў. Пасля супрацьстаяння стратэгічная ініцыятыва перайшла да Чырвонай арміі. Яна з гэтага моманту і да канца вайны галоўным чынам наступала, а вермахт быў вымушаны абараняцца, згубіўшы магчымасць праводзіць буйныя стратэгічныя наступальныя аперацыі на Усходнім фронце. Немцы страцілі на Курскай дузе забітымі, параненымі і зніклымі без вестак каля паўмільёна чалавек, прыблізна 3 тысячы танкаў і 1,5 тысячы самалётаў. Па завяршэнні Курскай бітвы ў гонар вызвалення Арла і Белгарада ў Маскве ўпершыню з пачатку вайны быў дадзены артылерыйскі салют.

 

ПЛЁН­НАЕ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ

Летась установы прэзентавалі экспазіцыю “Сямейныя рэліквіі палкаводцаў Перамогі”, якую ўбачыла звыш 20 тысяч чалавек, а сумесная выставачная работа працягнецца і ў 2027 годзе.

Развіццё міжнароднага музейнага супрацоўніцтва і рэалізацыя супольных ініцыятыў спрыяюць умацаванню духоўнага адзінства нашых нацый, перадачы маладому пакаленню праўды аб Вялікай Айчыннай вайне і захаванню памяці аб подзвігу продкаў.

 

ПЕ­РА­ЛОМ­НЫ ЭТАП

У рамках праекта паказана больш за дзве сотні фотадакументальных і рэчавых матэрыялаў з фондаў абодвух музеяў. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з перыпетыямі 1943-га — пераломным этапам у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што адкрыў дарогу да канчатковай перамогі над фашысцкай Германіяй. Так, акцэнтуецца ўзаемасувязь супрацьстаяння на Курскай дузе і дзейнасці беларускіх партызан, якія сваёй актыўнасцю ў тыле ворага набліжалі поспех Чырвонай арміі.

Менавіта каб дапамагчы ў развіцці наступлення і завяршэнні разгрому нямецкіх фарміраванняў пад Курскам, у жніўні 1943 года савецкія народныя мсціўцы распачалі аперацыю “Рэйкавая вайна”. Яна была заклікана ўскладніць дастаўку грузаў для ўмацавання абароны праціўніка і вымусіць яго ахоўваць чыгуначныя пуці. На тэрыторыі нашай краіны партызаны знішчылі 836 эшалонаў і 3 бронецягнікі, узрывалі масты і станцыйныя пабудовы. Асабліва значнымі аказаліся разбурэнні на ўчастках Полацк — Маладзечна, Мінск — Бабруйск, Лунінец — Калінкавічы і Магілёў — Жлобін.

 

ГІС­ТО­РЫЯ ПРАЗ ЛЁ­СЫ

У выніку аперацыі варожыя перавозкі скараціліся на 40 %, месцамі рух затрымаўся на тэрмін да двух тыдняў, а магістралі Магілёў — Крычаў, Полацк — Дзвінск і Магілёў — Жлобін не працавалі ўвесь жнівень. Для рамонту чыгуначнага палатна акупантам трэба было ператвараць двухпутныя ўчасткі ў аднапутныя, зварваць падарваныя і дастаўляць з Польшчы і Германіі новыя рэйкі. Гэта яшчэ больш павялічыла напружанасць перавозак, істотна абцяжарыўшы перагрупоўку і забеспячэнне нямецкіх фарміраванняў.

Гісторыя барацьбы супраць захопнікаў ад Курска да Мінска паказана праз лёсы не толькі звычайных салдат, але і такіх вядомых военачальнікаў, як генералы арміі Міхаіл Казакоў і Міхаіл Малінін, маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі і галоўны маршал бранятанкавых войскаў Павел Ротмістраў. Асобныя тэматычныя раздзелы экспазіцыі прысвечаны ўдзелу беларусаў у баях на Курскай дузе і ўнёску белгародцаў у вызваленне нашай краіны.

Выстава будзе працаваць да 15 верасня.

Антон РУДАК. Фота аўтара і з сайта музея

MAX TikTok