Яе называлі багіняй беларускага тэатра: да 110-годдзя Зінаіды Браварскай

Апублiкавана: 17 жнiўня 2026 Стужка Тэатры Мінск Год беларускай жанчыны

Аўтар: Аўтары

У Год беларускай жанчыны мы ўсё часцей успамінаем асоб, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Сярод іх — народная артыстка БССР Зінаіда Браварская. Знаўцы называлі яе багіняй беларускага тэатра, адной з тых, хто фарміраваў залаты фонд айчыннага тэатральнага і кінематаграфічнага мастацтва, шматгранна таленавітай актрысай, рэжысёрам, педагогам. Шчыра кажучы, яна — у ліку самых выдатных і арыгінальных артыстак у гісторыі Купалаўскага тэатра...

 

"Нашы суседзі" (1957)

І хоць жыццю і творчасці гэтага чалавека прысвечаны кніга Ірыны Кірылюк “И каждый вечер в час назначенный… По воспоминаниям Зинаиды Ивановны Броварской” (Мінск, 2001), шэраг часопісных і газетных артыкулаў, біяграфія патрабуе дадатковага даследавання.

 

ГАРЭЗА І СВАВОЛЬНІЦА

Малая радзіма нашай гераіні — чыгуначная станцыя (пасёлак) Адэса-Дачная. Тут 31 жніўня 1916 года ў сям’і начальніка гэтай станцыі Івана Пятровіча і актрысы Антаніны Сямёнаўны Браварскіх пачаўся жыццёвы шлях “багіні тэатра”. У дзяцінстве яна была гарэзай і свавольніцай. Займалася музыкай — іграла на піяніна — і марыла пайсці па маміных слядах. Збірала ў ваколіцах дзяўчат і ставіла з імі спектаклі.

Праз шмат гадоў Зінаіда Іванаўна ўспамінала: “У мяне была дзіўная мама. Яна выдатна ведала не толькі ўкраінскую і рускую мовы, добра гаварыла па-польску, па-французску. Менавіта мама падарыла мне любоў да музыкі, паэзіі, тэатра. Яна пісала вершы, іграла на піяніна. У яе быў цудоўны голас. Калі да нас прыходзілі сябры, я ціхенька ўладкоўвалася побач і ўбірала кожны гук сваім маленькім сэрцам, часта не заўважаючы, што па шчоках цякуць слёзы…

Я расла вельмі дапытлівай, энергічнай і актыўнай дзяўчынкай. Часам нават «шкадлівай», але заўжды неабыякавай да ўсяго, што мяне акружала. Многія называлі мяне «Зінка-бузацёрка», але тым не менш адэскую школу № 39 я скончыла на «дуже добре»”.

 

У БЕЛАРУСКІМ КАНТЭКСЦЕ

Адразу Браварская паступіла ў Адэскую кансерваторыю, пасля адправілася ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (ГІТІС) у Маскву. Вучылася ў Міхаіла Тарханава, Мікалая Плотнікава і іншых.

У 2001 годзе Зінаіда Іванаўна напіша: “Міхаіл Тарханаў быў незвычайным педагогам. Гэта быў педагог, пацалаваны Богам. Вельмі добразычлівы, мудры і цярплівы. Тарханаў валодаў цудоўнай манерай дыялогу, ён умеў слухаць, умеў маўчаць і нават іншасказальны тэкст ён умеў пераводзіць у жывую гутарку…”

У ГІТІСе Зінаіда Браварская пазнаёмілася з будучым мужам, ураджэнцам горада Чэрвеня, — Аскарам (Ашэрам) Абрамавічам Гантманам. Ён скончыў дырэктарскі факультэт.

Па размеркаванні Браварскую накіравалі ў Калінін (цяпер — Цвер). Гантман мусіў ехаць у Мінск, дзе яму прапанавалі стаць дырэктарам Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР (1937— 1941). За мужам артыстка адправілася ў Беларусь.

Зінаіду Іванаўну прынялі ў Тэатр юнага гледача, які ўзначальваў Еўсцігней Міровіч. Яна вылучылася ў ролі Тоні Туманавай (“Як гартавалася сталь” паводле Мікалая Астроўскага). І праз год на таленавітую актрысу звярнулі ўвагу рэжысёры іншых тэатраў Мінска. Браварская выбрала Першы Беларускі дзяржаўны тэатр, які ў 1944-м стаў Купалаўскім. Менавіта яму наша гераіня аддала больш за 60 гадоў жыцця. Біёграфы падкрэсліваюць, што Зінаіда Іванаўна вельмі хутка і натуральна ўпісалася ў нацыянальны культурны кантэкст, адчула мелодыку беларускай гаворкі, якая ёй спадабалася.

 

"Даходнае месца" (1953)

 

ДАРОГАМІ ЛІХАЛЕЦЦЯ

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве Зінаіда Браварская сустрэлася з мужам, якога прызначылі дырэктарам Рускага тэатра ў Ашхабадзе, і паехала з Аскарам Гантманам у гэты горад. Амаль год актрыса працавала ў Ашхабадскім драматычным тэатры.

У канцы 1942-га перасекліся шляхі Зінаіды Іванаўны і рэжысёра МХАТа Іосіфа Раеўскага. Ён залічыў артыстку ў франтавы тэатр “Огонёк”, які адкрыўся ў 1943 годзе. Жаночую частку трупы прадстаўлялі два чалавекі: Галіна Гантар і Зінаіда Браварская.

Калі Іосіф Сталін аддаў загад неваеннаабавязаным пакінуць франтавую трупу, актрысу адправілі ў Пензенскі драматычны тэатр.

У 2001-м Зінаіда Іванаўна адзначала: “Пасля вайны я вярнулася ў Беларусь толькі ў 1950 годзе. З 1945-га па 1950-ы мая творчая дзейнасць была звязана з Куйбышаўскім драматычным тэатрам, пра які я і сёння ўспамінаю з вялікай цеплынёй. Прыехаўшы ў 1950 годзе ў Мінск з накіраваннем Міністэрства культуры ў Рускі тэатр імя М. Горкага, я цвёрда сабе сказала: «Зіна, ты пачынала ў Купалаўскім, туды табе і дарога» — і пайшла ў свой тэатр, які шалёна любіла”.

 

"Ліса і вінаград" (1957)

 

НА СЦЭНЕ КУПАЛАЎСКАГА

Зінаіда Браварская мела шырокі творчы дыяпазон. Гэтай жанчыне былі падуладныя лірычныя, драматычныя і камедыйна-сатырычныя вобразы. У Купалаўскім “багіня беларускага тэатра” выдатна сыграла каля 100 галоўных роляў. Мала каму вядома, што Зінаіда Іванаўна шмат гадоў працавала ледзь не ва ўсіх спектаклях калектыву…

 

"Хто смяецца апошнім" (1954)

Яе пераўвасабленні выклікалі бурныя апладысменты. Унікальны талент дазваляў Браварскай аднолькава свабодна адчуваць сябе ў самых розных вобразах. Сярод іх — Маці ў “Зацюканым апостале” Андрэя Макаёнка, Зёлкіна ў камедыі “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы, Юлечка ў “Даходным месцы” Аляксандра Астроўскага і многія іншыя. Актрыса ведала ўсё пра ўсіх: як партыйны арганізатар трупы, бясконца нешта выбівала і даставала, некага апекавала.

Адной з упадабаных роляў творцы была Эржы ў спектаклі “Гульня з кошкай” венгерскага аўтара Іштвана Эркеня. Менавіта за гэтую работу на фестывалі драматычнага мастацтва Венгерскай Народнай Рэспублікі 1979 года Браварская атрымала дыплом першай ступені. Потым прызнавалася: “Яе я вельмі люблю яшчэ і таму, што яна ў некаторым сэнсе вучыла мяне жыць. Я вучылася ў сваёй Эржы, як бы паступіла пры тых ці іншых абставінах, разважаючы, што б зрабіла яна. І калі я «вылічвала» паводзіны маёй Эржы, то, як правіла, трапляла ў яблычак”.

 

ШМАТГРАННЫ ТАЛЕНТ

У 1953—1955 і 1967—1988-м (23 гады) Зінаіда Іванаўна выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Аўтар гэтых радкоў неаднаразова сустракаўся з колішнімі пяцікурснікамі, у якіх Зінаіда Іванаўна вяла сцэнічную мову. Яны адзначалі, што будуць памятаць аб педагогу ўсё жыццё.

 

"Гадзіннік спыніўся апоўначы" (1958)

Зінаіда Браварская плённа працавала на радыё і тэлебачанні, актыўна здымалася ў кіно. Яна выканала ролі імператрыцы Аляксандры Фёдараўны ў тэлевізійнай пастаноўцы “Крах” па Льве Талстым, жанчыны з дзіцём у тэлеспектаклі “Нашы суседзі”, сыграла ў васьмі фільмах і кінаальманахах, прымераўшы вобразы фрау фон Каўніц (жонкі Вільгельма Кубэ) у стужцы “Гадзіннік спыніўся апоўначы” Мікалая Фігуроўскага, Зіначкі Зёлкінай у карціне “Хто смяецца апошнім”.

 

"Дзівак" (1960-я)

Аналіз біяграфіі Зінаіды Іванаўны сведчыць, што ў яе, безумоўна, быў шматгранны талент. Разам з беларускай журналісткай Тамарай Абакумоўскай Браварская стварыла інсцэніроўку рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”. Выбітная асоба выступіла рэжысёрам 40 пастановак. Сярод іх — “Краіна Мурлындыя” (1967), “Мафін і яго слаўная карчомка” па Эн Хогарт (1970), “Вайна пад стрэхамі” па Алесю Адамовічу (1978). Таксама наша гераіня пісала сцэнарыі для тэатральных капуснікаў.

 

У ШЧАСЦІ І Ў ГОРЫ

Зінаіда Браварская ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.” і Францыска Скарыны.

У жыцці актрысы здарылася некалькі трагедый. Нагадаем толькі пра дзве. У першыя гады замужжа ў Зінаіды Іванаўны з’явілася дачка. Неўзабаве дзяўчынка памерла праз інфекцыю. Ад гора Браварскую выратавала хуткае нараджэнне сына Алега, які і стаў яе сэнсам.

Ішоў час. Алег — яму было прыблізна 14 гадоў — катаўся на веласіпедзе каля дома на скрыжаванні з цяперашняй вуліцай Я. Купалы і выехаў на праспект. А там імчаўся грузавік. Раптоўная смерць падлетка аказалася трагедыяй для ўсёй трупы.

І тады сваю мацярынскую любоў Зінаіда Іванаўна перанесла на студэнтаў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Артысткі не стала 18 лютага 2005-га — сэрца выбітнай асобы спынілася на 89-м годзе яе жыцця.

 

"Загадай сабе" (1980)

Унікальнай актрысе прысвечаны фільм “Брава, Браварская!” (рэжысёр Станіслаў Гайдук).

Эмануіл ІОФЕ, вучоны-культуролаг,
прафесар, доктар гістарычных навук

MAX TikTok