Камерны аркестр БДАМ выступіць на Фестывалі юнацкіх аркестраў свету

Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прыме ўдзел у IV Фестывалі юнацкіх аркестраў свету, які пройдзе з 21 па 23 жніўня ў Вялікім амфітэатры парка “Зараддзе” ў Маскве.

 

Беларускія музыканты ўжо прыбылі ў Маскву і пачалі рэпетыцыі. Наперадзе — некалькі насычаных дзён падрыхтоўкі да выступлення на адной з найбуйнейшых музычных пляцовак расійскай сталіцы.

Як распавёў рэдакцыі газеты “Культура” прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай працы Максім Фаміч Шкулепа, удзел у гэтым міжнародным праекце для калектыву не першы: у 2024-м камерны аркестр БДАМ даў канцэрт у Зімовым тэатры горада Сочы і, акрамя таго, беларускія музыкі выступілі на заключным канцэрце фестывалю ў складзе Сусветнага юнацкага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Юрыя Башмета.

У гэтым годзе камерны аркестр БДАМ выступіць у IV Фестывалі юнацкіх аркестраў свету ў поўным складзе пад кіраўніцтвам дырыжора Мікалая Пятровіча Тэрана, уладальніка гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры (2024 год).

— У складзе аркестра ёсць і першакурснікі, якія толькі пачынаюць свой шлях у акадэміі. Удзел у такім буйным міжнародным праекце стане для іх каштоўным прафесійным вопытам, дапаможа хутчэй увайсці ў творчае асяроддзе і, упэўнены, будзе добрай матывацыяй для далейшай паспяховай вучобы, — падзяліўся Максім Фаміч.

Пасля выступлення ў “Зараддзі” беларускі калектыў пакажа сваю творчасць у Зімовым тэатры Сочы.

У праграме, якую камерны аркестр БДАМ прадставіць гледачу, — творы Антоніа Вівальдзі, Яна Сібеліуса, Пятра Чайкоўскага, Лероя Андэрсана, а таксама класіка беларускай музыкі ХХ стагоддзя Яўгена Глебава. Прагучыць яго “Лірычная мелодыя”. У якасці саліста выступіць студэнтка 5-га курса Акадэміі музыкі Аляксандра Дударэнка (віяланчэль).

Святлана ЧЭКАЛАВА, фота з архіва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

MAX TikTok