Народны жаночы...

Статус культурнай сталіцы — гэта не толькі пра гучныя імпрэзы. Гэта найперш пра людзей, якія сваёй штодзённай працай захоўваюць і прымнажаюць жывую спадчыну. Так, як тое робяць удзельніцы жаночага клуба “Юнчанка” з Юнькаўскага сельскага Дома культуры Пастаўскага раёна. Амаль 30 гадоў яны развіваюць народную творчасць роднага краю.

 

Гісторыя “Юнчанкі” пачалася ў 1997-м, калі па ініцыятыве Іны Дзеравянка ў Юньках сабраліся жанчыны, якіх аб’яднала простае чалавечае жаданне быць разам. А ў 2005-м клуб атрымаў ганаровае званне “народны” і з таго часу ўпэўнена пацвярджае статус кожныя тры гады.

— Некалькі дзяўчат усвядомілі, што ім ёсць чым дзяліцца і што да гэтага можна прыцягваць іншых. Захацелася прасторы, дзе можна быць сабой, вучыцца і расці, дзе заўсёды выслухаюць без асуджэння, зразумеюць з паўслова і падтрымаюць. Менавіта імкненне адкрываць новыя гарызонты застаецца найважнейшым у клубе, — адзначае дырэктар Юнькаўскага сельскага Дома культуры Алена Зубко.

Сёння ў складзе — 15 удзельніц розных пакаленняў, прафесій і лёсаў. Сярод іх пенсіянеры, бібліятэкар ды іншыя работнікі нашай галіны, медыцынская сястра, супрацоўнікі сельвыканкама, інжынер. Цікава, што ўзначальвае супольнасць малады рэжысёр Валерый Жук’ян, выпускнік завочнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.

— Валерый вядзе чатыры дзіцячыя клубныя фарміраванні. Праца з выканаўцамі, старэйшымі за 60 гадоў, кардынальна адрозніваецца ад працы з моладдзю. Але гэты чалавек настолькі стаў сваім, што без яго ўжо цяжка ўявіць “Юнчанку”. Для жанчын клуба Валерый даўно больш чым кіраўнік: паралельна сын, унук і блізкі сябар, якому давяраюць безагаворачна і якога чакаюць на ўсіх сустрэчах, — з цеплынёй расказвае Алена Мікалаеўна.

 

ТАЛЕНТ У КОЖНЫМ

Асноўная місія клуба — арганізацыя змястоўнага вольнага часу, падтрымка творчых ініцыятыў, духоўнае развіццё і захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны. Сустрэчы дазваляюць падзяліцца тым, што ўмееш: хтосьці раскрывае сакрэты хатняй кулінарыі, нехта вучыць вышыванню ці тэхніцы канзашы, іншыя распавядаюць тонкасці вядзення гаспадаркі. Так паступова склаліся тэматычныя аб’яднанні — “Дамашняя акадэмія”, “Сад і агарод”, “Стыль жыцця — здароўе!”. Музычная гасцёўня “А гармонік грае, грае” дае магчымасць паспрабаваць сябе ў спевах.

— Мы ўпэўнены — талент ёсць у кожным. Варта толькі забяспечыць умовы, каб ён раскрыўся. Таму ў нас няма выпадковых людзей. Сюды прыходзяць са сваімі ўменнямі, а сыходзяць з новымі ведамі, натхненнем і жаданнем тварыць яшчэ больш, — падкрэслівае Алена Зубко.

Пасля рэпетыцый і майстар-класаў ніхто не спяшаецца дамоў. За кубкам гарбаты з хатняй выпечкай жанчыны абмяркоўваюць клопаты, успамінаюць маладосць і шчыра радуюцца адна за адну. Добрай традыцыяй сталі віншаванні з днямі нараджэння, юбілеямі, папаўненнем у сям’і — увагай не абдзелена ніякая важная падзея.

 

ПЕРАДАЦЬ ЛЮБОЎ

Для “Юнчанкі” захаваць звычаі недастаткова — трэба зрабіць так, каб яны працягвалі жыць. Таму побач са сталымі ўдзельніцамі ўсё часцей можна ўбачыць дзяцей і моладзь. Яны далучаюцца да фальклорных свят, творчых сустрэч, майстар-класаў, спяваюць, асвойваюць рамёствы і адкрываюць для сябе тое, што было часткай побыту продкаў.

— Культура жыве ў чалавеку. Калі дзяўчынка разам з бабуляй вучыць старадаўнюю песню ці гатуе святочныя стравы паводле мясцовых рэцэптаў, менавіта тады нараджаецца сапраўдная пераемнасць. Так перадаецца любоў да каранёў. Таму заўсёды імкнёмся, каб на нашых сустрэчах поруч былі прадстаўнікі розных пакаленняў, — тлумачыць дырэктар СДК.

Акрамя таго, клуб ладзіць дыскатэкі, анімацыйныя праграмы і канцэрты — як для маленькіх, так і для дарослых.

 

КАБ ВЕДАЛІ І ПАМЯТАЛІ

“Юнчанка” даўно выйшла за сцены сельскага Дома культуры. Калектыў удзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Сярод іх — дабрачынныя і грамадскія акцыі, масленічныя і купальскія гулянні, шматлікія кірмашы, конкурс сельскіх падворкаў у рамках міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, абласное свята “Яблычны фэст”. Літаратурныя вечары, выставы, абрады — фактычна штомесяц ладзіцца па некалькі праектаў.

— Амаль 30 гадоў народны жаночы клуб “Юнчанка” — гонар вёскі. Яго ўдзельніцы — сапраўдны прыклад любові да беларускай спадчыны. Яны берагуць роднае слова, песні, рэцэпты... Кожная — з вялікім досведам, мудрая, шчырая. І пакуль існуюць такія аб’яднанні, можна не сумнявацца: наша культура будзе жыць, — падсумоўвае Алена Зубко.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву

MAX TikTok