Лета, госці і гастролі

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі завяршае 93-і сезон. Па традыцыі, апошнімі спектаклямі сталі гасцявыя — праект “Гастрольнае лета”. Гэтым разам прыехаў Чалябінскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета імя М. Глінкі. Прывёз два балеты — “Раймонду” і “Мату Хары”. Кожны спектакль дэманстраваўся двойчы з аднолькавым складам салістаў.

 

ПЛЁН СУПРАЦОЎНІЦТВА

Гастролі чалябінцаў у нас не першыя. Дапамагае і мемарандум аб творчым супрацоўніцтве, падпісаны кіраўніцтвам калектываў чатыры гады назад. У 2023-м трупа паказвала ў нашым Вялікім тэатры свае пастаноўчыя версіі оперы “Баль-маскарад” і балета “Карсар”. Дарэчы, у апошнім названым спектаклі танцавала Дар’я Дземчанка, якая на сёлетніх гастролях прадэманстравала тэхнічна бездакорнае выкананне найскладанейшай партыі Раймонды. А яе партнёр Аляксей Шакура, што танцаваў Жана дэ Брыена (і рускага афіцэра Вадзіма Маслава ў спектаклі “Мата Хары”), нарадзіўся ў Брэсце. Таму на час гастроляў, можна казаць, вярнуўся на сваю радзіму — у Беларусь.

Нашы ж артысты двойчы ўдзельнічалі ў чалябінскім фестывалі “У гонар Кацярыны Максімавай”. Прычым гэта былі не выступленні асобных салістаў, а паказ цэласных балетных спектакляў. Спачатку былі “Лебядзінае возера” і “Ганна Карэніна”, абодва з музыкай Чайкоўскага. А сёлета наспеў час вядомых пракоф’еўскіх балетаў — “Папялушка” і “Рамэа і Джульета”.

Апроч гэтага, развіваюцца асабістыя творчыя сувязі. Летась у Чалябінску адбылася сусветная прэм’ера оперы “Пётр Першы” Міхаіла Багданава — знанага расійскага кампазітара, прафесара Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага. Сярод чальцоў пастаноўчай групы быў і наш харэограф Ігар Колб. А галоўны рэжысёр беларускага Вялікага тэатра Ганна Маторная ўвасобіла там сёлета оперу “Снягурка” Мікалая Рымскага-Корсакава.

 

ФАРБЫ ВІДОВІШЧА

Чалябінскую “Раймонду” паставіў народны артыст Расіі Юрый Кляўцоў.

 

Беражліва захаваўшы харэаграфічную класіку Марыуса Пеціпа, ён ускладніў пэўныя моманты — у адпаведнасці з сучаснай тэхнікай артыстаў, якая не стаіць на месцы. А дзеля большай дынамічнасці разгортвання сюжэта скараціў некаторыя музычныя фрагменты.

Спектакль атрымаўся вельмі відовішчным.

Знешнюю прывабнасць надаюць яму добра намаляваныя дэкарацыі і каля 200 касцюмаў — бліскучых у прамым і пераносным сэнсах (мастак — Алег Малчанаў з Санкт-Пецярбурга). Бо ўсе сцэнічныя строі былі ўручную расшытыя бісерам, паеткамі, упрыгожаны стужкамі і нават камянямі. Адзначым арыгінальны несіметрычны малюнак на класічных балетных пачках у сцэне сну гераіні, што падкрэслівае ілюзорнасць дзеі. А таксама нязвыклыя светлавыя эфекты, выкарыстаныя заслужанай работніцай культуры Расіі, уладальніцай тэатральнай прэміі “Залатая маска” Ірынай Вторнікавай, якая працавала і над нашай прэм’ерай “Шчаўкунка” ў гэтым сезоне.

***

Не менш маляўнічым аказаўся і балет “Мата Хары”.

Рухавыя дэкарацыі імгненна змянялі лясны масіў на раскошную залу, потым — на невялічкі кабінет, а яшчэ праз колькі часу — на лазарэт Першай сусветнай. Суперзаслона дапамагала перанесціся на вуліцы Парыжа.

А ў цэнтры сцэны цягам усяго спектакля знаходзілася статуя Шывы — аднаго з галоўных багоў у індуізме, які мае кантрасны характар: можа быць і чуйным абаронцам, і жорсткім разбуральнікам. Выява Шывы ўвесь час змянялася, адлюстроўваючы не толькі захапленне гераіні індыйскай культурай, але і перыпетыі лёсу гэтай жанчыны. Пры лінейным разгортванні сюжэта кульмінацыяй паўстаў фінал, дзе ў момант немінучай смерці Мата Хары быццам “пракручвае” нанова ўсё сваё жыццё.

Харэаграфія Надзеі Калінінай адпавядала полістылістыцы, ахопліваючы як класіку і неакласіку, так і эстрадныя танцы, старажытную абраднасць.

 

ВЫНІКІ І ПЛАНЫ

Сярод найбольш маштабных падзей вясны-лета нашага тэатра — прэм’еры оперы “Набука” Дж. Вердзі, балета “Баядэрка” Л. Мінкуса, правядзенне традыцыйных праектаў: “Балетнае лета ў Вялікім” з запрашэннем гасцявых калектываў і салістаў, “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, што на тры дні ператвараюць нясвіжскія архітэктурныя помнікі і іх атачэнне ў выбітныя канцэртна-тэатральныя пляцоўкі. Нарэшце, “Гастрольнае лета”, што завяршылася 11 ліпеня.

А напярэдадні, 10-га, скончыліся трохдзённыя выступленні нашага тэатра ў Маскве. Дарэчы, гэта былі не звыклыя гастролі, а ўдзел у праекце “Летнія балетныя сезоны”. За чвэрць стагоддзя існавання гэтага фестывалю наш калектыў быў запрошаны ўпершыню. На сцэне Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра наша трупа паказала “Баядэрку” і “Жызэль” — абодва спектаклі ў рэдакцыі і пастаноўцы галоўнага балетмайстра, заслужанага артыста Расіі Ігара Колба.

Да восені паказаў не прадбачыцца. Але і зараз у будынку ажно да канца ліпеня будзе шмат наведвальнікаў. Тут ледзь не штодзень ладзіцца “Цішыня на сцэне, або Летняя экскурсія па Вялікім тэатры”. Апроч таго, пачаўся продаж квіткоў на першыя тры месяцы наступнага сезона — 94-га. У тым ліку на прэм’еру балета “Любоў на сцэне. Шагал”, што адбудзецца 28 і 29 лістапада. Паставіць яго Ігар Колб, скарыстаўшы музыку Ёганеса Брамса, Сяргея Пракоф’ева, Альфрэда Шнітке і нашага Андрэя Зубрыча. Музычны кіраўнік і дырыжор-пастаноўшчык — народны артыст Башкартастана Арцём Макараў. Мастак — Вольга Мельнік. Нагадаем: тая ж пастаноўчая каманда працавала над леташнімі прэм’ерамі “Шчаўкунка” і ранейшага вечара аднаактовых балетаў “Танцы”.

Дарэчы, квіткі ажно на 19 пераднавагодніх паказаў “Шчаўкунка” з’явяцца літаральна днямі. Бо афіша Вялікага тэатра распланавана ўжо да студзеня, за выключэннем опернага форуму ў снежні.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатраў

MAX TikTok