Сілы дае справа і любоў

Да чаго ж нашай краіне патрэбныя людзі, якія захоўваюць, даследуюць і перадаюць культурную спадчыну з пакалення ў пакаленне! На Полаччыне такая носьбітка — Вольга Чобат, кіраўніца народнага фальклорнага ансамбля “Блізнянка”.

 

— Па адукацыі я пекар, цестамес, машыніст цестараздзелачных машын, — расказвае Вольга Чобат. — З дзяцінства вельмі хацела стаць харэографам, хадзіла ў танцавальны гурток пры Сільніцкім Доме культуры. Але мама казала: “Гэта не хлеб — нагамі трэсці”. Давялося паступаць у кулінарнае вучылішча ў Віцебску.

Аднак любоў да фальклору з маленства выхоўвала бабуля — Ядвіга Сігізмундаўна Мажэйка.

— Спевы гучалі заўсёды: калі жалі, садзілі агарод, пралі, пасвілі кароў. Ніхто не прымушаў нас спецыяльна вучыць — усё адбывалася само сабой, у штодзённых клопатах. Мы, дзеці, усё ўбіралі, як губка.

Разам з сёстрамі дзяўчынка назірала, як праходзілі хрэсьбіны, вяселлі, пахаванні, каляндарныя святы. За святочны стол малых не саджалі — іх месца было на печы ці на далёкай лаве. Але менавіта адтуль адкрываўся сусвет традыцыі, дзе кожнае дзеянне мела свой сэнс, кожная песня — свой час, а кожны абрад — сваю логіку.

— Памятаю, як па радыё выступалі фальклорныя калектывы. Калі гучалі купальскія ці жніўныя песні, заўсёды думала: як жа яны могуць так працягла, так хораша спяваць? Мне вельмі хацелася калі-небудзь навучыцца гэтаму.

Прафесійнае знаёмства з народнай песеннай спадчынай пачалося ў 1993-м, калі Вольга Чобат стала загадчыцай Мураўшчынскага сельскага клуба. Там яна апынулася сярод жанчын з фальклорнага ансамбля “Суседкі”, якіх і называе сваімі галоўнымі настаўніцамі.

 

ЁСЦЬ ПРАЦЯГ

Сёння Вольга Чобат перадае назапашанае праз фальклорны ансамбль “Блізнянка”, які ўзначаліла ў 2019-м, калі перайшла працаваць у Сільніцкі сельскі Дом культуры.

У 2022-м калектыў атрымаў ганаровае званне “Народны”. Тут аднаўляюць мясцовыя абрады, зберагаюць аўтэнтычную песенную спадчыну, вывучаюць народныя танцы, гульні, кулінарныя традыцыі. Сярод знакавых рэканструкцый — святы народнага календара “Юр’е” і “Купальская каса”, абрады “Багач”, “Вясельны каравай”, “Сватанне”, “Вяселле”, “Радзіны”.

“Блізнянка” прадстаўляе рэгіён на буйных конкурсах ды фестывалях, сярод якіх — Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, рэспубліканскае свята “Купалле” ў Александрыі, фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ды іншыя.

Але, як прызнаецца сама кіраўніца, галоўная сцэна для калектыву — родная вёска, дзе традыцыя працягвае жыць натуральна.

Асаблівы гонар — уключэнне абрадавага дзейства “Мыццё барод” у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2024 год).

— Калі ехалі ў Мінск абараняць абрад, думала толькі пра адно: вось каб убачылі гэта мая бабуля і ўдзельніцы “Суседак”. Яны б, напэўна, вельмі ганарыліся.

 

ПА МАКУЛІНКАХ

За кожным адноўленым абрадам — гады экспедыцый, сустрэч, дбайнай працы над дэталямі. Важна ўсё: словы, паслядоўнасць дзеянняў, мясцовыя выразы, інтанацыя, жэсты, нават маўчанне.

— Спачатку ўспамінаю ўсё, што бачыла сама, што расказвалі мама, бабуля, удзельніцы “Суседак”. Потым іду да людзей, распытваю старажылаў, запісваю іх словы, песні, прымаўкі. І толькі пасля бяруся за сцэнарый. Калі ён гатовы, узнікае адчуванне, быццам зноў вярнулася ў дзяцінства.

Гэтак жа — па макулінках — Вольга Чобат сёння аднаўляе адзін з самых рэдкіх лакальных абрадаў Полаччыны: “Ваджэнне стралы”.

— Сама бачыла яго толькі раз — яшчэ ў Муравішчы. Тады нават не зразумела, што прысутнічаю пры сапраўднай традыцыі. Запомнілася вельмі мала. Цяпер яе носьбітаў засталося вельмі мала. Але не здаюся. Знаходжу тых, хто хоць нешта чуў ад бацькоў ці дзядоў. І кожны новы ўспамін — як нечаканы падарунак: дадае новы фрагмент у агульную карціну.

Паводле ўяўленняў, абрад быў звязаны з абаронай ад навальніцы. “Стралу” выводзілі за межы вёскі, у поле: так адводзілі стыхію ад сядзіб і пазбаўлялі чалавека ад страху маланкі.

 

СКАРБ ПАМЯЦІ

Важны набытак Вольгі Чобат — музей “Бабін кут”. Мара адкрыць уласны этнаграфічны збор з’явілася ў часы працы ў Мураўшчынскім сельскім клубе, але тады не было галоўнага — памяшкання. Магчымасць узнікла пазней, у 2001-м, калі Вольга Станіславаўна перайшла ў сільніцкую бібліятэку.

— Спачатку прывезла рэчы з бабулінай хаты ў Чырвонай Горцы Ушачскага раёна. Мне вельмі хацелася захаваць хоць нешта з таго дома, дзе прайшло дзяцінства. Потым прынесла тое, што засталося ад бацькоў. Пасля пачала ездзіць па навакольных вёсках. А калі людзі даведаліся, што ствараецца музей, самі пачалі прыносіць рэчы.

З цягам часу экспазіцыя папаўнялася ручнікамі, кроснамі, адзеннем, прыладамі сялянскай працы, прадметамі хатняга ўжытку. І ў 2004-м адбылося адкрыццё музея. Асобную ўдзячнасць Вольга Чобат выказвае Зінаідзе Голубевай з вёскі Зыкава:

— Пазнаёміліся выпадкова. Разгаварыліся, і яна сказала: “Прыязджайце”. Адтуль з мужам вывезлі цэлы трактарны прычэп экспанатаў. Для музея гэта быў сапраўдны скарб.

 

З ПАДТРЫМКАЙ

Вольга Чобат дбае не толькі пра захаванне, але і пра пераемнасць. У “Блізнянкі” ўжо ёсць працяг — дзіцячы фальклорны калектыў “Зярняты”.

— Трэба проста быць з маладымі людзьмі на адной хвалі, — дзеліцца падыходам фалькларыстка. — Не павучаць іх, а зацікавіць. Калі гэта атрымліваецца, яны самі тэлефануюць і пытаюцца, калі будуць Каляды ці Купалле. Сёння мясцовая моладзь загадзя рыхтуе касцюмы да калядавання, удзельнічае ў гульні “Жаніцьба Цярэшкі”, збіраецца на святы, прыязджаючы нават з гарадоў.

Адкуль жа бяруцца сілы на такую вялікую працу?

— Перш за ўсё — ад сям’і. Муж, дзеці, сёстры, пляменнікі заўсёды падтрымліваюць. Старэйшая сястра ўласнаручна пашыла касцюмы для ўсяго калектыву, не ўзяўшы ні капейкі. Вялікая падтрымка — удзельнікі “Блізнянкі”; яны разумеюць, дзеля чаго ўсё гэта робіцца. А яшчэ сілы дае прырода і справа, якой служыш. Проста люблю сваю работу, людзей. Люблю Беларусь, — падсумоўвае гераіня.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok