Адна з самых яркіх летніх падзей Віцебшчыны — міжнароднае свята “Вішнёвы фестываль” — адгрымела ў Глыбокім. Чым арганізатары здзіўлялі гасцей?

ГОРАД-САД
Глыбокае здаўна славілася садавіной. Кожную вясну яго вуліцы красуюць у квецені, а летам тут спее багаты ўраджай сакавітых пладоў. Мясцовая ягада лічыцца адной з самых смачных у краіне, таму горад па праве стаў вішнёвай сталіцай Беларусі.
Гісторыя гэтага феномена пачалася ў апошнія перадваенныя гады. Менавіта тады селекцыянер Баляслаў Лапыр вывеў зімаўстойлівы гатунак з буйнымі салодкімі пладамі — гібрыд вішні і чарэшні. “Лапыровы вішні”, як іх называюць у народзе, сёння растуць амаль ва ўсіх дварах. Ужо ў незалежнай Беларусі тут разбілі вялікі сад з 1414 дрэў, што сімвалізавала год першай згадкі гэтай мясціны ў летапісе. Так за Глыбокім канчаткова замацаваўся статус горада-саду.
Першы “Вішнёвы фестываль” адбыўся ў ліпені 2013-га. З тых часоў свята стала сапраўднай візітоўкай рэгіёна: кожнае лета збірае гасцей, частуе ўсіх салодкай ягадай. Сярод арганізатараў — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскі абласны і Глыбоцкі раённы выканаўчыя камітэты.
ВІШНЁВЫ МІКС
Гэтым разам “смачныя” падзеі разгарнуліся з 24 па 25 ліпеня.

Адно з першых мерапрыемстваў у праграме — фотавыстава, прысвечаная Году беларускай жанчыны. Сімвалічна, што экспазіцыя адкрылася каля рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы — велічнай гаспадыні свята. Наведвальнікі ўбачылі больш за 50 здымкаў, аб’яднаных павагай да жаночай унутранай сілы і мудрасці, а таксама агульнай вішнёвай тэматыкай.
Публіку зацікавіла і выстава-кірмаш работ народных майстроў “Вішнёвы базар”, што размясцілася на цэнтральнай плошчы горада. На фестываль з’ехаліся рамеснікі з розных куткоў краіны. Яны прэзентавалі аўтарскія творы, што адлюстроўвалі духоўную культуру і мастацкія звычаі беларусаў. Асобна былі паказаны знакамітыя маляванкі — унікальныя дываны, якія з’яўляюцца брэндам рэгіёна.
Яркая адметнасць першага дня — маштабнае шэсце ўдзельнікаў свята. Творчыя калектывы дружнай калонай пад музыку і песні прайшлі па вуліцах Глыбокага.

Сёлета фестываль стаў сапраўды шматнацыянальным. Да мерапрыемстваў далучыліся выканаўцы з усіх абласцей Беларусі, прыбылі і дзеячы культуры з Расіі. Упершыню прыехала дэлегацыя з Казахстана — краіну прадстаўляў Дзяржаўны ансамбль народнага танца “Алтынай”, — а таксама артысты з далёкай М’янмы.
Пазнаёміцца з традыцыямі замежнікаў можна было падчас этнавечарыны “У вішнёвым садзе”. На некалькі гадзін цэнтральная плошча напоўнілася шматгалоссем розных культур. Вядомыя кожнаму беларусу лявоніха і крыжачок змяняліся рытуальнымі танцамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Музыка, колеры і абрады зліліся ў святочную дзею, што аб’яднала ўсіх прысутных — незалежна ад нацыянальнасці і ўзросту.
КУЛЬТУРА БЕЗ МЕЖ
Другі дзень стартаваў з урачыстай цырымоніі адкрыцця.

З прывітальнымі словамі выступілі ганаровыя госці і прадстаўнікі мясцовай улады. У прамовах выдзялялася вялікае культурнае і грамадскае значэнне фестывалю, які стаў сапраўдным мостам паміж народамі.
— Наш горад з гонарам носіць званне вішнёвай сталіцы Беларусі, — падкрэсліў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Максім Бакураў. — Мы паказваем на ўвесь свет, што для культуры і сяброўства няма перашкод і адлегласцей.
Пасля афіцыйнай часткі на галоўнай сцэне горада пачаўся маштабны гала-канцэрт: публіка ўбачыла выступленні беларускіх фальклорных ансамбляў і замежных калектываў.

Адной з цэнтральных падзей стаў адкрыты конкурс баяністаў, гарманістаў і акардэаністаў “Вішнёвыя найгрышы”. У творчым спаборніцтве паўдзельнічалі нашы суайчыннікі і расіяне. Лаўрэатам першай ступені прызналі беларуса — маладога самавука Івана Мажэйку, які пакарыў журы высокім узроўнем выканання. Гран-пры атрымаў Міхаіл Лімонаў — юны артыст з суседняй краіны. У якасці заахвочвання пераможцаў запрасілі на майстар-класы ў Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных. Такім чынам, “Вішнёвы фестываль” аказаўся для пачаткоўцаў пунктам адліку на шляху да прафесійнага поспеху.
САКАВІТЫ АКЦЭНТ
Асобны акцэнт быў зроблены на юбілейнай выставе, прымеркаванай да 40-годдзя Беларускага тэатра “Лялька”. Экспазіцыя адкрылася ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Таксама артысты і іх “памочнікі” з тканіны паказалі пастаноўку “Пятрушка” — народную камедыю, якая гарманічна ўпісалася ў агульны настрой фэсту.
Акрамя багатай культурнай праграмы, арганізатары падрыхтавалі і шырокую гастранамічную. Госці і ўдзельнікі свята маглі паласавацца разнастайнымі дэсертамі з вішняў і нават пакаштаваць “Эліксір маладосці” — вітамінны напой, прыгатаваны па ўнікальным рэцэпце.

На працягу двух дзён у горадзе панавала атмасфера цяпла, якое адчуў кожны з наведвальнікаў фестывалю. Мерапрыемствы ў Глыбокім адгрымелі, пакінуўшы яркі посмак — як у самых спелых вішняў.
Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з сайта Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта
і сацыяльных сетак удзельнікаў