Хімічная рэакцыя

Яна 33 гады выводзіла формулы крэйдай на школьнай дошцы, а цяпер запраўляе ткацкі станок ніткамі і расквечвае палатно аўтэнтычнымі сімваламі. Таццяна Кавалёва — народны майстар Рэспублікі Беларусь, чалавек, чыё жыццё даказвае: творчасці ўсе ўзросты пакорлівыя, а сапраўдная прыгажосць нараджаецца толькі ў цярпенні і любові.

 

АД ТАБЛІЦЫ МЕНДЗЯЛЕЕВА ДА ЧАЎНАКА

Шлях Таццяны Іванаўны ў ткацтва — гісторыя пра тое, як лёс вёў чалавека да каранёў праз дзесяцігоддзі. Прадстаўніца пакалення, для якога рукадзелле было не раскошай, а неабходнасцю, наша гераіня ў юнацтве ўзялася за спіцы і кручок. У савецкія гады, калі прылаўкі крам пуставалі, вязанне аказалася спосабам адзяваць сябе і сям’ю. Але тады гэта было хутчэй змушаным уменнем, чым пакліканнем.

Асноўнай жа прафесіяй стала педагогіка. З 1972-га жанчына працавала настаўнікам хіміі ў сярэдняй школе № 1 Хоцімска. 33 гады Таццяна Кавалёва аддала дзецям, формулам, рэакцыям і табліцам.

— Гэтая справа заўсёды падабалася, таму выхаванцы любілі мяне, а я іх, — успамінае творца з цеплынёй. Сустрэчы з былымі вучнямі і цяпер дораць апавядальніцы радасць: Таццяну Іванаўну пазнаюць на вуліцах, ёй дзякуюць. І, здавалася б, наступіла пара заслужанага адпачынку…

Але ў 2010-м годзе, выйшаўшы на пенсію, Таццяна Кавалёва не змагла сядзець склаўшы рукі. Выпадкова зазірнуўшы ў мясцовы Дом рамёстваў, пачула прапанову, якая перавярнула свет — паспрабаваць ткаць на кроснах. Спецыялісты ўстановы шукалі людзей, гатовых асвойваць забытыя тэхнікі, і наша гераіня пагадзілася. Неўзабаве былі курсы ў Магілёве, дзе Таццяна Іванаўна і зразумела: гэта — яе стыхія. Так настаўніца хіміі, якая прывыкла да паслядоўнасці і дакладнасці, адкрыла для сябе свет творчасці і натхнення.

 

ТКАЦТВА ЯК ПОДЗВІГ: ШЛЯХ САМАВУКА

Стаць майстрам у сталым узросце — задача не для слабых духам. Жанчына ў самым пачатку сутыкнулася з тым, што перадача жывога досведу ў Хоцімску практычна перапынілася. —

Спрабавалі да старых умеліц звяртацца па дапамогу. Гэта не так проста — заправіць станок. Яны расказалі, што і куды, а далей сама.

Выратаваннем паслужыў падручнік “Адраджэнне рамяства”. Таццяна Кавалёва жартуе, што перачытала яго “з ног да галавы і з галавы да ног”, паспрабаваўшы ўсе апісаныя варыянты заправак і тэхнік. Крок за крокам спасцігала таямніцы ткацтва, вучылася адрозніваць бёрда, навой і падножкі. Першыя работы былі простымі, але ўпартасць брала сваё. Паклаўшы аснову, Таццяна Іванаўна пачала эксперыментаваць з узорамі. Менавіта тады і прыйшло сапраўднае разуменне справы — не як набору механічных дзеянняў, а як жывога дыялогу з матэрыялам.

Асаблівасць ткацтва, на думку майстрыхі, у тым, што яно не цярпіць мітусні. Калі нескладаны ручнік можна падрыхтаваць за тыдзень, то на твор з мудрагелістым арнаментам, бывае, патрэбны і цэлы месяц.

— У мяне ўсё поле заткана. Не проста белае палатно, а ўзоры на працягу ўсяго вырабу, — падкрэслівае рамесніца.

Працы выяўляюць стан душы аўтара. І Таццяна Іванаўна застаецца вернай сабе: не любіць паўтарацца. Для яе кожны ручнік — новая гісторыя. Нават калі ўзор візуальна падобны, іншае нацяжэнне ніткі або сіла ўдару бёрдам надаюць малюнку ўнікальнасці.

 

СІМВАЛЫ ПРОДКАЎ І ДЫХАННЕ СУЧАСНАСЦІ

Дзе ж майстрыха чэрпае натхненне? Таццяна Кавалёва працуе выключна з беларускімі арнаментамі, але не капіруе іх слепа, а пераасэнсоўвае.

У яе арсенале — этнаграфічныя кнігі, альбомы з вышыванкамі, укладзеныя навукоўцамі ў розныя гады. Асабліва цікавыя нашай гераіні ўзоры суседніх раёнаў: Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Мсціслаўскага.

Самы любімы сімвал — “Сям’я”. У цэнтры — ромб, які адлюстроўвае бацькоўскі дом. Уверх, уніз, направа і налева разыходзяцца чатыры меншыя ромбы — тата, мама і дзеці.

— Мне падабаецца ткаць такі элемент, у гэты момант адпачываю душой, — прызнаецца ўмеліца.

Таксама жанчына часта звяртаецца да знакаў дажынак, сонца і зямлі. Цікава, што рамесніца не імкнецца з дакладнасцю паказаць старадаўнюю семантыку кожнага сімвала.

— Сёння мы гэта ўпусцілі, ужо ў асноўным мяркуем і дапаўняем, — кажа Таццяна Іванаўна, падкрэсліваючы, што жывая традыцыя заўсёды шырэйшая за любы падручнік.

 

МІСІЯ ЗАХАВАЛЬНІЦЫ І ДАРОГІ ТВОРЧАСЦІ

Цяпер у Хоцімскім раённым Доме рамёстваў працуюць тры народныя майстры Рэспублікі Беларусь, і Таццяна Кавалёва — адзін з іх. Але яе дзейнасць не абмяжоўваецца сценамі ўстановы. За 16 гадоў творчага жыцця гераіня аб’ездзіла амаль усю краіну: абласныя цэнтры, раённыя гарады... “Александрыя збірае сяброў”, “Дажынкі”, свята на Блакітнай крыніцы — не сухі пералік, а яркія старонкі біяграфіі. Кожная вандроўка становіцца сустрэчай з калегамі: кавалямі, разьбярамі па дрэве, керамістамі, вышывальшчыкамі.

— Гэта вельмі цікава, таму што я чалавек таварыскі, люблю свежыя віды дзейнасці і знаёмствы, — распавядае ўмеліца. — Істотна тое, што мы паглыбляемся ў нашу гісторыю праз захаванне традыцый.

У разуменні Таццяны Іванаўны ткацтва — спосаб аднавіць сувязь часоў, вярнуць павагу да працы, у якую ўкладваеш душу. Даўней кожная жанчына ткала для сям’і. Не напаказ, не дзеля ўзнагарод, а каб стварыць утульнасць, прыгажосць, нават абараніць дом. Дзяўчынка з шасці гадоў садзілася за станок, збірала пасаг. Лічылася, што нявеста багатая, калі куфар з яе набыткамі не маглі падняць 15 чалавек.

Сёння, гледзячы на работы Таццяны Кавалёвай, усведамляеш: традыцыя жывая. У тых палавіках, абрусах і ручніках не проста льняныя ніткі. У іх — памяць пакаленняў, пашана да продкаў і вера ў тое, што прыгажосць, створаная рукамі, ніколі не страціць каштоўнасці.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok