Напярэдадні 20-годдзя тэатр імя Якуба Коласа поруч з увасабленнем твораў на тэмы сучаснасці ставіць некалькі класічных п’ес, з якімі дасягае найбольшых поспехаў. “Гамлет”, “Рэвізор”, “Раскіданае гняздо”, “На дне” — вехі, якімі пазначаны яго шлях у першае мірнае дзесяцігоддзе.
“Рэвізор”, 1945

Спектакль па п’есе Мікалая Гогаля пастаўлены Навумам Лойтарам неўзабаве пасля вяртання калектыву з эвакуацыі. Прэм’ера адбылася напрыканцы 1945-га.

Павел Малчанаў і Іосіф Тупік — Бобчынскі і Добчынскі
Прыступаючы да работы над камедыяй, рэжысёр кіраваўся ў першую чаргу гогалеўскім “паведамленнем для тых, хто пажадаў бы як належыць сыграць «Рэвізора»”. Таму і каманда падабралася выдатная.
Ролю Гараднічага выконваў Мікалай Звездачотаў — фігура значная. Ён настолькі ўпісаўся ў ролю, што, здавалася, нават у паўсядзённым жыцці рысы твару і характару чымсьці нагадвалі яго героя. Ва ўсялякім выпадку, так сцвярджаюць крытыкі.

Аляксандр Ільінскі — Хлестакоў
Надзвычай жыва і дакладна перадаў характар прайдзісвета і хабарніка Хлестакова акцёр Аляксандр Ільінскі. Паштмайстар Шпекін у выкананні Анатоля Шэлега ў нечым быў падобны і блізкі да Хлестакова. Суддзя ЛяпкінЦяпкін (Анатоль Трус) — высакамерны і поўны ўсведамлення ўласнай значнасці. Ганне Андрэеўне (Алена Радзялоўская) і Мар’і Антонаўне (Марыя Бялінская) падыходзіла прымаўка “Яблык ад яблыні…”. Увогуле, усе выканаўцы малявалі сваіх герояў сатырычна завострана і надзвычай дакладна.
Згодна з успамінамі Навума Лойтара, нягледзячы на матэрыяльна-тэхнічныя складанасці пасляваеннага перыяду, працаваць было цікава і няцяжка, бо кожны ўдзельнік трупы знаходзіўся на сваім месцы. Нездарма спектакль коласаўцаў “Рэвізор” заняў першае месца на аглядзе рускай класікі, які праводзіўся ў тэатрах рэспублікі ў 1946 годзе.
“Гамлет”, 1946
Пастаноўка шэкспіраўскага твора, ажыццёўленая ў кастрычніку 1946-га, стала выдатнай падзеяй у тэатральным жыцці Савецкай Беларусі. Рэжысёр Валерый Бебутаў паслядоўна і ярка раскрыў трагедыю барацьбы дабра і розуму са злом і з фальшам. Выйгрышная знешнасць Паўла Малчанава, яго гучны, рухомы голас, трагедыйнае майстэрства, здольнасць пранікаць у глыбіню самых складаных пачуццяў героя — усё гэта прадвызначыла поспех акцёра і пастаноўкі. Створаны ім вобраз Гамлета, паводле меркаванняў тагачасных тэатральных крытыкаў, трапіў у шэраг найлепшых дасягненняў не толькі беларускага, але і ўсяго савецкага тэатра.

Клаўдзій — Мікалай Звездачотаў
П’еса ішла ў выдатным, рэдкім па дакладнасці, глыбіні і адпаведнасці шэкспіраўскаму тэксту перакладзе з англійскай мовы на беларускую, зробленым паэтам Юркам Гаўруком. Спектакль быў аформлены мастаком Аленай Бебутавай — гэтую работу называюць яе апошняй сумеснай з братам Валерыем (1946 і потым 1955).

Мацвей Федароўскі — Гамлет, Алена Радзялоўская — Гертруда
Дзякуючы супадзенню ўсіх складнікаў — прафесіяналізму рэжысёра і акцёраў, іх трапнай фактуры, слушнаму выяўленчаму і гукавому афармленню — коласаўскі “Гамлет” атрымаў шырокае прызнанне гледача і станоўчыя ацэнкі крытыкаў. Прыкладам, вядомы савецкі шэкспіразнаўца Міхаіл Марозаў лічыў, што віцебская пастаноўка ў параўнанні з некаторымі іншымі спектаклямі “была значна больш шматбаковай”.
“Раскіданае гняздо”, 1951
Пастаноўку “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, якую ажыццявіў рэжысёр Аляксандр Скібнеўскі ў 1951 годзе, гледачы чакалі з вялікім нецярпеннем і цікавасцю, бо з моманту апошняга паказу п’есы на беларускай сцэне прайшло даволі шмат часу.
Твор быў увасоблены як рэалістычная драма, а вобраз Незнаёмага займеў абрысы рабочага-рэвалюцыянера. Менавіта так трактаваў героя акцёр Мікалай Звездачотаў.

Лявон — народны артыст БССР Цімафей Сяргейчык
Значнай мастацкай удачай крытыкі лічаць Лявона, якога сыграў Цімафей Сяргейчык. Не будучы трагедыйным артыстам, ён у гэтай ролі дасягнуў вялікай менавіта трагедыйнай глыбіні. Выразнымі ў спектаклі сталі вобразы Сымона (Анатоль Шэлег) — тэмпераментнага чалавека, які прагнуў аддаць свае сілы барацьбе за праўду, Марылі (Алена Лагоўская), усё жыццё якой праходзіла ў клопаце аб дзецях, Зоські (Алена Мацісава), быццам бы пазбаўленай пачуцця рэальнага жыцця.

“Раскіданае гняздо”
Атмасферу дарэвалюцыйнай Беларусі і сутнасць “Раскіданага гнязда” даклад на выявіў і перадаў мастак-сцэнограф Яўген Нікалаеў. Дзякуючы яго тонкаму разуменню твора і стапрацэнтнаму пападанню ў рэжысёрскую задуму гледачы змаглі перанесціся амаль на паўстагоддзя назад, у 1905-ы, калі адбываецца дзеянне п’есы.
“На дне” і іншыя, 1950-я

"На дне". У ролі Ваські Пепла — Анатоль Шэлег,
Наташа — Таццяна Заранок, Лука — Павел Малчанаў
У гэтыя ж гады (амаль да пачатку 1960-х) на сцэне тэатра імя Якуба Коласа ішоў цэлы шэраг п’ес класічнага рэпертуару — “Шалёныя грошы” і “Праўда — добра, а шчасце лепш” Астроўскага, інсцэніроўка рамана Тургенева “Напярэдадні”, “Жывы труп” Талстога, “Тры сястры” Чэхава, “Дзяўчына са збаном” і “Настаўнік танцаў” Лопэ дэ Вегі, “На дне” і “Ворагі” Горкага ды іншыя.
Коласаўцы таксама актыўна звяртаюцца да сучаснай драматургіі, у чым маюць мастацкія здабыткі. Сярод найбольш яскравых работ — “Выбачайце, калі ласка!” Макаёнка (1953), “Андрэй Лабанаў” Граніна (1955), “Бітва ў дарозе” Нікалаевай (1959), “Іркуцкая гісторыя” Арбузава (1960). Гэтыя пастаноўкі трапна паказвалі станоўчыя змены, што адбываліся ў грамадскім жыцці і свядомасці савецкіх людзей.
Высокапрафесійны акцёрскі склад дазваляў рэжысёрам ажыццяўляць самыя смелыя задумы. У трупе працавалі сапраўдныя майстры, карыфеі беларускай сцэны — гэта быў час вялікага творчага ўздыму Коласаўскага.
Тэатр шмат гастраляваў. Пасля выступлення ў 1955 годзе ў Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры, дзе артысты паказалі спектаклі “Несцерка”, “Ворагі” і “Раскіданае гняздо”, у прэсе з’явілася шмат станоўчых водгукаў. У прыватнасці, рэжысёр МХАТа Іосіф Раеўскі ставіў пытанне: “У чым жа сіла калектыву?” І сам адказваў: “У няспыннай, творчай дапытлівасці ўсіх яго працаўнікоў, у поўнай адсутнасці пачуцця самазаспакоенасці… У калектыве ёсць сапраўдны творчы ансамбль — гэта і каштоўна”.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва тэатра