Сотні лёсаў — адна любоў

Народны ансамбль танца “Лялькі” Баранавіцкага гарадскога Дома культуры адзначыў юбілей. 60 гадоў на сцэне — гэта сотні лёсаў, тысячы рэпетыцый, незлічоныя апладысменты і адно нязменнае пачуццё — любоў да танца.

 

СА ШЧЫРАГА ЖАДАННЯ

Народны ансамбль танца “Лялькі” пачаў сваю гісторыю ў 1966-м дзякуючы заслужанаму дзеячу культуры БССР Ганне Ліхман. Менавіта яна заклала творчыя прынцыпы, якія і дагэтуль вызна- чаюць жыццё калектыву. Адной з першых пастановак быў танец “Лялькі” — яркая, кранальная і незвычайная кампазіцыя настолькі палюбілася гледачам, што дала імя ўсяму ансамблю.

— Нумар стаў сімвалам пераемнасці пакаленняў, — адзначае Алена Івановіч (узначальвае калектыў з 1995 года). — Таму беражліва захоўваем яго і абавязкова паказваем на кожным юбілейным канцэрце. Менавіта ў ім жыве памяць пра нашы вытокі.

З 1975-га ансамбль носіць ганаровае званне “народны”. Калі напачатку ўсё трымалася найперш на энтузіязме маладых людзей, якія авалодвалі харэаграфічнымі рухамі літаральна на хаду, то сёння “Лялькі” — сапраўдны гонар Баранавічаў, зладжаны механізм з высокай культурай выканання, прадуманай сістэмай навучання і ўласнымі традыцыямі.

— За 60 гадоў ансамбль пасталеў, набыў вялікі вопыт, але галоўнае засталося нязменным — жаданне танцаваць, развівацца і здзіўляць гледача кожным выступленнем, — падкрэслівае Алена Леанідаўна.

 

ЗЛІЦЦЁ РУХАЎ І ДУШЫ

У калектыве — каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Знаёмства з харэаграфіяй пачынаецца з падрыхтоўчай студыі, дзе займаюцца самыя маленькія. Яны спазнаюць асновы народнага танца, вучацца адчуваць музыку, рытм і сцэнічную культуру, а пасля праходзяць адбор у асноўны склад, дзе іх чакае актыўная канцэртная дзейнасць.

— Адточанасць рухаў і шчырасць душы тут непадзельныя. Патрабаванні да прафесійнага ўзроўню вельмі высокія. У пастаноўках шмат складаных элементаў, трукаў, тэхнічных камбінацый. Але ніводны рух не існуе сам па сабе. Ён павінен быць напоўнены пачуццём, характарам, жывой эмоцыяй. Таму нашы выступленні вызначаюцца прафесіяналізмам, душэўнасцю і глыбінёй. Без гэтага танец губляе адметнасць, — тлумачыць кіраўніца.

Аснову рэпертуару складаюць беларускія народныя танцы. Побач з імі арганічна суіснуюць харэаграфічныя кампазіцыі народаў свету: кітайскі танец, армянскі “Шалахо”, малдаўская сюіта і іншыя. Пры гэтым новыя работы спалучаюць аўтэнтычную беларускую пластыку з сучаснымі сродкамі харэаграфічнай выразнасці, што дазваляе традыцыі гучаць актуальна.

Амаль кожны нумар “Лялек” мае яскравую драматургію. За некалькі хвілін на сцэне артысты паспяваюць расказаць завершаную гісторыю — вясёлую, лірычную, гераічную або жартоўную.

Ёсць творы, якія па праве лічацца візітнымі карткамі калектыву. Гэта пастаноўкі з залатога фонду — “Лялькі”, “Тапатуха”, “Лявоніха”, а таксама больш познія, напрыклад “Белая косачка” і “Калінка”. Апошняя — яркая, відовішчная і масавая кампазіцыя, якую адначасова выконваюць 20 пар і якая нязменна захапляе гледача сваёй тэхнічнасцю.

 

ЗАДУМА, ПОШУК...

Будучая пастаноўка выспявае задоўга да таго, як яе ўбачаць на сцэне.

— Адразу думаем, пра што хочам расказаць. Потым нараджаецца драматургія, падбіраюцца музыка, харэаграфічная лексіка, сцэнічны малюнак. Адначасова вядзецца праца над касцюмамі, бо яны таксама дапамагаюць раскрыць вобраз. І толькі пасля пачынаюцца месяцы рэпетыцый — адточванне кожнага руху, сінхроннасці, эмоцый, — распавядае балетмайстар Анастасія Чаневіч.

Натхненне прыходзіць у пастаянным прафесійным дыялогу.

— Шмат падарожнічаем, удзельнічаем у конкурсах, назіраем за творчасцю іншых калектываў. Сустрэчы з калегамі, абмеркаванні, абмен вопытам — усё гэта дае новы позірк, свежыя ідэі. Атмасфера падсілкоўвае, і з’яўляецца жаданне зрабіць нешта сваё, шчырае, сапраўднае, — сцвярджае Анастасія Аляксандраўна.

 

ПЛЁН ВЫХАВАННЯ

Педагогі ўпэўнены: калектыў выхоўвае значна больш чым сцэнічныя навыкі. З першых гадоў дзеці вучацца працаваць разам, падтрымліваць адно аднаго, быць адказнымі не толькі за сябе, але і за ансамбль. Асабліва ярка гэта праяўляецца падчас гастроляў, калі агульная мэта аб’ядноўвае ўсіх без выключэння.

— Для выканаўцаў “Лялькі” — другая сям’я. Нават пасля выпуску яны працягваюць сябраваць, сустракацца, падтрымліваць сувязь. Былыя ўдзельнікі прыводзяць сваіх дзяцей, а часам ужо і ўнукаў. Тут склаліся сапраўдныя танцавальныя дынастыі.

Многія выпускнікі зрабілі харэаграфію справай жыцця. І галоўны прыклад — кіраўніца Алена Івановіч, якая калісьці сама танцавала ў “Ляльках” і пераймала майстэрства ў заснавальніцы Ганны Ліхман. Балетмайстар Анастасія Чаневіч — выхаванка Алены Івановіч. Так традыцыя перадаецца з рук у рукі, ад педагога да педагога. Больш за тое, юныя артысты паступаюць у каледжы мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а пасля працуюць у вядучых установах краіны, у тым ліку ў Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі, ансамблі “Белыя росы”, Маладзёжным тэатры эстрады.

 

ДАЛЕЙ — БОЛЕЙ

Калектыў “Лялькі” — заўсёднік розных мерапрыемстваў ад гарадскіх да рэспубліканскіх, шматразовы лаўрэат буйных конкурсаў і фестываляў. Сярод апошніх перамог — гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу “Ранішняя зорка” ў Балгарыі.

Кіраўніца ансамбля Алена Івановіч удастоена звання “Чалавек года — 2025” у галіне культуры па рашэнні Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта.

А галоўная падзея 2026-га — юбілейны канцэрт “Там, дзе нараджаецца танец!”, які сабраў некалькі пакаленняў выхаванцаў і стаў сапраўдным святам успамінаў, усмешак, удзячнасці, гонару і надзеі.

— Паказалі гледачам усё найлепшае, што назапасілі за дзесяцігоддзі, — ад першых пастановак да новых яркіх нумароў. І мы верым, што гэта толькі пачатак яшчэ больш яскравага шляху. Наперадзе — шмат працы, адкрыццяў і шчаслівых сустрэч са сцэнай, — падсумоўвае Алена Івановіч.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву

MAX TikTok