Чачэрская цэнтральная раённая бібліятэка лічыцца адной са старэйшых на Гомельшчыне. Сёлета ўстанова адзначае юбілейную дату — 115-годдзе з дня заснавання.

— Ля вытокаў стварэння бібліятэкі ў 1911 годзе стаяла Соф’я Гінзбург, чалавек неардынарны, улюбёны ў мастацтва, літаратуру, — расказвае дырэктар установы Людміла Хрысціна. — Яна і арганізавала збор кніг у насельніцтва. Бібліятэка была даступная толькі вузкаму колу людзей, высокапастаўленым асобам. Соф’я Ізраільеўна арганізоўвала літаратурныя вечарыны, праводзіла дыспуты і агляды кніжных навінак, якія суправаджаліся ігрой на скрыпцы.
Згодна з гістарычнымі звесткамі, напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі бібліятэка папоўнілася прыватнаўласніцкай калекцыяй кніг графаў Чарнышовых, якую ў свой час збіраў першы беларускі намеснік і генералгубернатар Магілёўскай губерні Захар Чарнышоў. У калекцыі знаходзіліся творы Пушкіна, Лермантава, Салтыкова-Шчадрына і іншых славутых літаратараў.
З часу станаўлення савецкай улады кніжны фонд народнай бібліятэкі складаў 2500 асобнікаў, якім карысталіся каля 300 чытачоў. На жаль, гэты каштоўны скарб згублены: у часы грамадзянскай вайны згінуў у віхуры падзей.
Тым не менш бібліятэку было вырашана аднавіць. Па крупінках збіраліся кніжныя калекцыі. У 1930-м бібліятэка налічвала ўсяго 100 экзэмпляраў і займала невялічкі пакойчык у будынку раённай бальніцы. Праз два гады ўстанову ўзначаліла Яўгенія Плюшчава, якая прыклала шмат намаганняў да адраджэння ўстановы. Дарэчы, ёй двойчы прыходзілася займацца гэтай няпростай справай: у 1930-я і пасля вызвалення Чачэрска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сёння імя Яўгеніі Сямёнаўны, як і першага яе памагатага Георгія Касінскага, згадваюць з вялікай пашанай. Георгій Антонавіч папрацаваў у бібліятэцы няшмат. У 1938 годзе малады чалавек быў прызваны ў армію. З фронту ён так і не вярнуўся.
Пасля вызвалення Чачэрска, разам з адраджэннем гаспадаркі і станаўленнем мірнага жыцця, паціху пачала адраджацца і бібліятэка. У зруйнаваным горадзе адразу не знайшлося прыдатнага месца для размяшчэння ўстановы культуры, і Яўгенія Плюшчава вылучыла пад яе невялічкі пакойчык у сваёй хаце. Яна ж арганізавала збор літаратуры. Марудна, літаральна па адной-дзве кніжачкі, аднаўляўся ў пасляваенны час фонд, але жанчына не губляла надзеі…
Каля года бібліятэка знаходзілася ў яе на кватэры. Затым была пераведзена ў будынак Раённага Дома культуры. Пазней, калі ўладкавалася мірнае жыццё, фонд стаў папаўняцца за кошт дзяржаўных сродкаў. Ужо ў самым пачатку 1950-х налічваў 5200 экзэмпляраў, бібліятэку наведвала больш за тысячу чалавек.

ПРАЦЯГВАЮЧЫ ТРАДЫЦЫІ
Сённяшні калектыў годна працягвае традыцыі, што былі закладзены першай уладальніцай, Соф’яй Гінзбург. Тут ладзяцца літаратурныя гасцёўні і публічныя чытанні, арганізоўваюцца сустрэчы, выставы, віктарыны. Кніжны фонд складае каля 45 тысяч асобнікаў і пастаянна папаўняецца за кошт бюджэтных сродкаў. Да таго ж бібліятэка атрымлівае літаратуру ад неабыякавых чытачоў. Падарункаў стала так многа, што супрацоўнікі арганізавалі буккросінг. Дванаццаць філіялаў сістэмы наведваюць каля трох тысяч чытачоў, з якіх амаль траціна — дзеці.

— І нават зараз, калі надышлі летнія канікулы і шмат якія школьнікі раз’ехаліся па месцах адпачынку, а сталыя чытачы больш занятыя прысядзібнымі ўчасткамі, наведвальнасць не змяншаецца, — распавядае Людміла Хрысціна. — Чаму? Напэўна таму, што ў нашай бібліятэцы ім цікава, карысна, утульна.
Для кожнай катэгорыі чытачоў тут праводзяцца адмысловыя мерапрыемствы. Прыкладам, для дзяцей гэта летнія чытанні, урачыстае адкрыццё якіх праходзіць у пачатку вакацый. На працягу трох месяцаў юныя аматары кніг вядуць дзённікі, выконваюць творчыя заданні, робяць ілюстрацыі да ўпадабаных твораў, а на ўрачыстым закрыцці, якое праходзіць напярэдадні Дня ведаў, вызначаюцца лепшыя чытачы, якім уручаюцца граматы і падзякі.
— Хаця, шчыра кажучы, яшчэ ніводзін юны ўдзельнік не застаўся без узнагароды, — усміхаецца дырэктар.
Для людзей сталага ўзросту створаны клуб, дзе перыядычна ладзяцца цікавыя сустрэчы не толькі з літаратарамі, але і з вузкімі галіновымі спецыялістамі, зносіны з якімі ідуць на карысць простым людзям: юрыстамі, медыкамі, псіхолагамі, банкаўскімі работнікамі, прадстаўнікамі сілавых ведамстваў і грамадскіх аб’яднанняў.

Рэалізоўваюцца ў бібліятэцы некалькі праектаў, накіраваных на захаванне культурнай і духоўнай спадчыны, выхаванне патрыятызму, талерантнасці да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
— Актыўнымі наведвальнікамі нашай бібліятэкі і ўдзельнікамі асобных праектаў з’яўляюцца людзі з інваліднасцю, — працягвае аповед Людміла Іванаўна. — У нас існуе дамоўленасць аб двухбаковым супрацоўніцтве з мясцовым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва, са спецыялістамі якога мы ладзім цікавыя і карысныя мерапрыемствы для іх падапечных.
Да святкавання юбілейнай даты калектыў Чачэрскай бібліятэкі рыхтуецца загадзя: аднаўляюцца гістарычныя звесткі і інфармацыя пра знакамітых чытальнікаў, рыхтуюцца да выдання буклеты, падбіраюцца фотаздымкі і інфармацыя для афармлення стэндаў.
— Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх, хто мае дачыненне да жыцця нашай бібліятэкі: супрацоўнікаў, чытачоў, партнёраў, і падзякаваць ім за працу і цеплыню сэрцаў, — падвяла вынік размове Людміла Хрысціна.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва бібліятэкі