З сучасным напаўненнем

Аб'ём інвестыцый з рэспубліканскага бюджэту на рэстаўрацыйныя работы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што пачаліся ўвосень 2024 года, складае 31 мільён рублёў. Як справы на будоўлі?

 

Галоўны корпус, размешчаны ў самым сэрцы гістарычнага цэнтра сталіцы, на плошчы Свабоды, узведзены ў 1958-м у стылі класіцызму паводле праекта Рамана Гегарта і з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны другой катэгорыі. Будынак быў спраектаваны з улікам забеспячэння ўмоў арганізацыі навучальнага працэсу, аднак з цягам часу яго акустычныя якасці сталі губляцца, што скажала гучанне інструментаў: наспявала патрэба вырашэння гэтай праблемы.

Падчас цяперашніх работ праведзеная замена камунікацый, абноўленыя трубы, інжынерныя сістэмы, перакрыцці, дах і падлогі. Будынак абсталяваны інавацыйнай сістэмай кандыцыянавання з мінімальным узроўнем шуму для захавання аптымальнага мікраклімату, неабходнага для музычных інструментаў.

Адноўлены арыгінальны відарыс аконных рам, адрэстаўраваныя мармуровыя лесвіцы, ляпніна, паркет і элементы столі. Праведзеная мадэрнізацыя аўдыторый для паляпшэння акустыкі, што важна для музычнага навучання, створаная студыя гуказапісу, дзе студэнты і педагогі змогуць рабіць высакаякасныя запісы для конкурсаў і выступленняў.

Аднаўленне галоўнага корпуса акадэміі — гэта падарунак для ўсёй музычнай грамадскасці краіны. Па спецыяльнай прэзідэнцкай праграме ў свой час былі набытыя дзесяць раяляў, галоўны з іх, Steinway & Sons, які ўпрыгожваў вялікую залу, таксама займелі пры падтрымцы прэзідэнцкага фонду.

Штогод за кошт рэспубліканскага бюджэту закупляюцца духавыя, ударныя і народныя інструменты. А ў 2019 годзе пасля капрамонту быў здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат навучальнай установы на вуліцы Кісялёва, 61.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok