Фестываль народнай інструментальнай музыкі “Іграю як знаю, скачу як хачу” прайшоў у аграгарадку Жодзішкі.

Адна з каштоўнасцей у скарбніцы смаргонскіх традыцый — “Смаргонскія найгрышы”. У 2021 годзе элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Музычна-інструментальная традыцыя (Смаргонскія найгрышы)” быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Гэта народная музыка, пад якую танцавалі нашы дзяды і прадзеды, музыка, якая з 1990-х стала незапатрабаванай з-за разбуральных наступстваў урбанізацыі, а сёння, дзякуючы руплівай працы яе носьбітаў, адраджаецца і атрымлівае новае дыханне.

Так, у 2022 годзе ўпершыню быў арганізаваны фестываль народнай інструментальнай музыкі “Іграю як знаю, скачу як хачу”. Мерапрыемства адбылося на базе музея-сядзібы Ф. Багушэвіча ў Кушлянах.
У 2024-м фэст прайшоў у аграгарадку Залессе.

А сёлета 28 чэрвеня разгарнуўся ў аграгарадку Жодзішкі на тэрыторыі былой сядзібы.

Сярод гасцей і ўдзельнікаў — танцоры, даследнікі, аматары і знаўцы народнай творчасці. Галоўнымі дзейнымі асобамі ўсё ж былі музыкі, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі, а менавіта — з Ракава, Мінска, Віцебска, Талачына, Ашмянскага, Смаргонскага і Іўеўскага раёнаў Гродзенскай вобласці.
У рамках фестывальнай праграмы прагучалі вальсы, полькі, вясельныя маршы, танцавальныя найгрышы — усё, што стагоддзямі гучала на беларускай зямлі.

— Не выходзіць з моды і сёння жыве, запальвае і акрыляе нашы сэрцы творчая спадчына продкаў! Яна перажыла стагоддзі і яшчэ доўга будзе жыць дзякуючы нястомным прыхільнікам і аматарам. Таму што гэта душа народа і надзейны падмурак сучаснасці, скарбніца вечных каштоўнасцяў, мудрасці, невычэрпная крыніца вопыту і натхнення, — упэўнена Святлана Жабінская, метадыст па фальклоры Смаргонскага раённага цэнтра культуры.

— Фестываль народнай інструментальнай музыкі “Іграю як знаю, скачу як хачу”, які праходзіць на Смаргоншчыне, — добрая нагода, каб яшчэ раз дакрануцца душой да спадчыны!
Служба інфармацыі “К”