Пры якіх умовах дапускаецца выкарыстанне музычных твораў і выплачваецца ганарар? Падпісаны закон, што аптымізуе адміністрацыйныя працэдуры па ахове інтэлектуальнай уласнасці.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня зацвердзіў закон, накіраваны на спрашчэнне і паскарэнне адміністрацыйных працэдур у сферы прававой абароны інтэлектуальнай уласнасці. Так, скарачаюцца тэрміны экспертыз заявак, выдачы пасведчанняў на таварныя знакі і геаграфічныя ўказанні, рэгістрацыі аб’ектаў прамысловай уласнасці.
Акрамя таго, закон устанаўлівае дакладныя правілы выплаты ўзнагароджанняў аўтарам за выкарыстанне службовых твораў навукі, вынаходстваў, карысных мадэлей, прамысловых узораў, сартоў раслін, тапалогій інтэгральных мікрасхем і сакрэтаў вытворчасці.
Дакумент дазваляе ў рамках стварэння і трансляцыі асобных тэлеперадач, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, а таксама пры правядзенні значных дзяржаўных палітычных, грамадскіх і культурных мерапрыемстваў выкарыстанне музычных твораў без згоды праваўладальнікаў. Аднак ім гарантуецца выплата адпаведнага ўзнагароджання.
Прыняцце гэтага закона накіравана на ўпарадкаванне і ўдасканаленне прававога рэгулявання ў галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці, што паспрыяе развіццю інавацый і творчай дзейнасці ў краіне.
Служба інфармацыі “К” паводле партала president.gov.by