Сімвал народнага подзвігу

60 гадоў таму пад Мінскам, убаку ад Маскоўскай шашы, на 21-м кіламетры, была ўскладзена святая зямля. Яе даставілі з гарадоў-герояў СССР Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Масквы, Кіева і Брэсцкай крэпасці-героя, якія сталі сімваламі мужнасці і стойкасці савецкага народа. Так нараджаўся Курган Славы, вядомы цяпер кожнаму беларусу.

 

УСІМ СВЕТАМ

Гэтай падзеі папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца, якая дала старт усесаюзнаму маштабнаму праекту. Рашэнне аб стварэнні ў Смалявіцкім раёне знакавай манументальнай кампазіцыі было зацверджана пастановай бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, якую падпісаў першы сакратар Пётр Машэраў.

— Месца для мемарыяльнага комплексу “Курган Славы” выбралі зусім не выпадкова: тут у ліпені 1944 года, падчас легендарнай Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”, былі арганізаваны маштабнае акружэнне (Мінскі кацёл) і разгром 105-тысячнай групоўкі нямецкіх войскаў, — распавядае загадчык сектара музейнай камунікацыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Лізавета Андрэева.

Будаўніцтва дзіўным чынам спалучыла народную ініцыятыву і дзяржаўныя магчымасці. Дакладна вядома з хронікі, што першыя два месяцы ўзгорак рос выключна дзякуючы ручной працы. Курган узводзілі па старажытнай славянскай традыцыі — талакой. Сюды штодзень прыязджалі тысячы людзей: ветэраны, школьнікі, дэлегацыі з усяго Саюза. І яны сапраўды па закліку сэрца везлі зямлю ў хустках і касках са сваёй малой радзімы: з месцаў баёў, брацкіх магіл і са спаленых вёсак.

Безумоўна, сіламі адных добраахвотнікаў насыпаць 35-метровы ўзгорак было б надзвычай няпро­ста. Таму дзяржава ўзяла на сябе тэхнічную частку. Да працэсу падключыліся інжынеры, будаўнікі — і ў Смалявіцкі раён пацягнуліся калоны самазвалаў.

 

ГОНАР ЭПОХІ

Курган узводзілі каля трох гадоў. Тут знаходзілі салдацкія каскі, медальёны, гільзы і нават снарады, якія не разарваліся. Частка гэтых артэфактаў цяпер размяшчаецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Урачыстае адкрыццё зладзілі ў ліпені 1969-га — у той жа дзень, калі першых наведвальнікаў прыняў мемарыял “Хатынь”, — і прымеркавалі да 25-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

ПАКЛОН АБАРОНЦАМ

Комплекс “Курган Славы” доўга быў філіялам Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а ў 2007-м перайшоў пад юрысдыкцыю Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Яго дырэктар Дзмітрый Вільтоўскі расказвае:

— За час існавання Курган наведалі мільёны людзей.

Каб пакланіцца памяці тых, хто на чатырох франтах — Першым, Другім і Трэцім Беларускім і Першым Прыбалтыйскім — вызваляў Радзіму, прыязджаюць дэлегацыі і асобныя госці з нашай дзяржавы, блізкага і далёкага замежжа. Да прыкладу, толькі за палову 2026-га, па самых сціплых падліках, на Курган Славы паднялася каля 60 тысяч чалавек.

 

НОВЫЯ АБ’ЕКТЫ

З 2023 года на тэрыторыі мемарыяла праходзіла маштабная рэканструкцыя.

Будаўніча-мантажныя працы выкананы на цэнтраль­ных лесвіцах і месцы ўскладання кветак, рэканструяваны сам манумент, сістэма аўтаматычнага паліву, фантан, рэзервуары для захоўвання вады, інжынерныя сеткі, паркоўка, будынак адміністрацыі, вонкавае асвятленне. У пастаяннай экспазіцыі ўстанавілі мультымедыйныя экраны, на якіх трансліруецца ваенная хроніка.

У музеі тэхнікі размешчаны 32 адзінкі, у тым ліку легендарная “кацюша” і паравоз Эм № 728-58 узору 1933 года. Сёлета тут з’явілася восем новых: танкі Т-64 і Т-72А, баявыя машыны БМП-1 і БМП-2, разведвальная БРМ-1К, бронетранспарцёр БТР-Д, шматмэтавыя транспарцёры МТ-ЛБ і МТ-ЛБу.

— Акрамя таго, упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінаблвыканкама сумесна з будтрэстам №3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі падрыхтавалі ўнікальны аб’ект, — гаворыць Дзмітрый Сяргеевіч. — Гэта наш гонар. Трохмерная кампазіцыя праз інтэграцыю архіўных фотаздымкаў візуалізуе этапы стварэння комплексу “Курган Славы”. Гістарычная рэтраспектыва і сучасны стан мемарыяла злучаны ў адзіным геаметрычным рашэнні.

 

У ДАДАТАК

Рэканструкцыя закранула і сацыяльную інфраструктуру.

Прыкладам, прайшла маштабная мадэрнізацыя кавярні “Ля Кургана”. У аздабленні памяшкання, якое пашырылася ўтрая, выкарыстаны гістарычныя фотаздымкі і артэфакты.

Галоўны мастацкі акцэнт — мазаічнае пано з выявай ордэна Айчыннай вайны.

А яшчэ ў найбліжэйшы час наведвальнікам мемарыялаў прапануюць новую кнігу, прысвечаную Кургану Славы. Дарэчы, папярэдняе аналагічнае выданне пабачыла свет у 2005 годзе.

— Мемарыяльны комплекс захоўвае памяць аб тых, чый подзвіг назаўжды застаўся ў сэрцах людзей, — падсумоўвае Дзмітрый Вільтоўскі. — Гэта знакавая для Беларусі ды іншых краін, асабліва постсавецкай прасторы, мясціна, якая з’яўляецца важным элементам у кантэксце патрыятычнага выхавання.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ДМК "Хатынь"

MAX TikTok