На форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які даўно перастаў быць выключна эканамічнай пляцоўкай, культурна-гістарычны напрамак з'яўляецца адным з ключавых. Сёлета тут абмяркоўваліся пытанні гістарычнай памяці, развіцця сумесных турыстычных маршрутаў і прасоўвання культурных брэндаў, фарміравання агульнай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Падчас форуму (злева направа): Сяргей Першын, Кацярына Алтабаева,
Наталля Паўлючэнка, Дзмітрый Баскаў і Сяргей Саракач
XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіў з 25 па 26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці — дзесяць тэматычных секцый ахоплівалі ключавыя кірункі супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.
Пасяджэнне секцыі “Культурна-гістарычная спадчына і турыстычны патэнцыял Беларусі і Расіі: новыя гарызонты супрацоўніцтва” разгарнулася на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” 25 чэрвеня.
У рабоце секцыі з беларускага боку ўзялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка і яе намеснік Дзмітрый Баскаў, а таксама намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач.
Расійскі бок прадстаўлялі намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Кацярына Алтабаева і намеснік міністра культуры Расійскай Федрацыі Сяргей Першын. Таксама ўдзельнічалі ў мерапрыемстве члены Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, члены Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі міністэрстваў культуры і арганізацый культуры Беларусі і Расіі.
ГІСТАРЫЧНАЯ ПОВЯЗЬ
Як паведаміла Наталля Паўлючэнка, Беларусь і Расія за апошні год правялі звыш 600 сумесных мерапрыемстваў у гуманітарнай сферы. Нашы дзяржавы аб’ядноўвае духоўная роднасць і векавое брацтва, у сучаснай геапалітычнай абстаноўцы адзінства нашых краін як ніколі мае вялікае значэнне. Актыўна развіваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, больш за 84 суб’екты Расійскай Федэрацыі заключылі пагадненні аб узаемадзеянні з беларускімі партнёрамі.
Адмысловая ўвага надаецца развіццю турызму: турыстычная галіна не толькі садзейнічае эканамічнаму развіццю, але і дапамагае захоўваць народныя традыцыі, гістарычную памяць і культурную спадчыну. Паводле ацэнак спецыялістаў, турыстычны паток паміж Беларуссю і Расіяй у мінулым годзе перавысіў пяць мільёнаў паездак.
ПРЫЗНАННЕ ЎНЁСКУ
Сяргей Саракач выступіў з дакладам, прысвечаным тэме супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў ажыццяўленні рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Ён адзначыў, што нашы краіны працягваюць сумесную работу па папулярызацыі на міжнароднай пляцоўцы ЮНЕСКА мемарыяльных комплексаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной.

На ўскладанні кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан
Паводле слоў Сяргея Саракача, узаемадзеянне дзвюх краін па лініі ЮНЕСКА — гэта важны напрамак гуманітарнага супрацоўніцтва, накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і абарону аб’ектаў культурнай спадчыны. Беларусь і Расія каардынуюць пазіцыі, выступаючы за захаванне гістарычнай праўды і недапушчэнне палітызацыі дзейнасці міжнародных інстытутаў у сферы культуры.
Вынікам сумеснай работы стала ўключэнне мемарыяльных комплексаў “Брэсцкая крэпасць-герой” і “Мамаеў курган” у папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што сімвалізуе захаванне гістарычнай памяці і прызнанне глабальнага ўнёску народаў Савецкага Саюза ў перамогу над нацызмам. Падрыхтоўка заяўных матэрыялаў вялася цягам некалькіх гадоў пры ўдзеле беларускіх і расійскіх спецыялістаў, гісторыкаў і экспертаў у сферы аховы спадчыны.
Адноўленыя аб’екты культурнай спадчыны робяцца не толькі помнікамі гісторыі, але і важнымі турыстычнымі цэнтрамі, якія садзейнічаюць развіццю рэгіёнаў і ўмацаванню гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй. За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі адрэстаўраваныя сотні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, сярод якіх замкі, палацава-паркавыя ансамблі, тэатры і рэлігійныя помнікі, якія сёння ўваходзяць у лік ключавых турыстычных маршрутаў краіны.

ПЕРСПЕКТЫЎНЫЯ НАПРАМКІ
Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі паведаміў, што Беларусь і Расія распрацоўваюць для падарожнікаў з трэціх краін камбінаваныя турыстычныя маршруты, якія аб’ яднаюць у адной паездцы адразу некалькі гарадоў Саюзнай дзяржавы. Асаблівую зацікаўленасць такія туры могуць выклікаць у гасцей з краін Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам з’яўляецца прамысловы турызм, Беларусь і Расія падрыхтавалі сумесны каталог прадпрыемстваў Саюзнай дзяржавы, адкрытых для наведвання турыстамі. Цікаўнасць да такіх аб’ектаў увесь час расце, асаблівай папулярнасцю карыстаюцца найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы, дзе можна пазнаёміцца з сучаснай вытворчасцю і гісторыяй вядомых брэндаў. Разам з тым Нацыянальнае агенцтва па турызме рыхтуе новы праект па прамоцыі малавядомых турыстычных лакацый праз лічбавыя платформы і блогерскія маршруты.
НА СЛОВАХ І НА ПАПЕРЫ
У фінале мерапрыемства былі ўрачыста падпісаныя дакументы аб супрацоўніцтве ў сферы музейнай справы паміж дырэктарам Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандрам Каркатадзэ і дырэктарам Дзяржаўнага Барадзінскага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка Ігарам Карнеевым, а таксама дырэктарам Дзяржаўнага музея “Смаленская крэпасць” Наталляй Калашнікавай.
Акрамя таго, пагадненне аб супрацоўніцтве заключылі дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка і дырэктар Дзяржаўнага музея “Смаленская крэпасць” Наталля Калашнікава.
Антон РУДАК. Фота прэс-службы Савета Рэспублікі і з Telegram-канала Міністэрства культуры