Пад пільнай увагай — работа з моладдзю

Апублiкавана: 02 лiпеня 2026 Стужка Адукацыя Мінск Соцыум

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Тэму “Аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, ідэалагічнай і выхаваўчай работы” абмеркавалі на нядаўнім пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У полі зроку — адукацыя і размеркаванне, замацаванне кадраў і развіццё лідарскіх якасцей, патрыятызм і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў.

 

АСАБЛІВАСЦІ НАВУЧАННЯ

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца трохступенчатая адукацыя ў сферы культуры: дзіцячыя школы мастацтваў, дзе ў 2025/2026 гадах навучалася амаль 116 тысяч чалавек, арганізацыі, якія забяспечваюць сярэдні спецыяльны ўзровень, і ВНУ.

Пра гэта на пасяджэнні паведаміла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч. Па словах Марыны Браніславаўны, ва ўстановах другой і трэцяй ступені навучаецца каля 10 тысяч чалавек.

— Уступная кампанія мінулага года прайшла ў адпаведнасці з заканадаўствам і без заўваг з боку кантралюючых органаў, — зазначала кіраўніца.— Найбольш запатрабаванай спецыяльнасцю застаецца “дызайн мультымедыя”, на які зафіксаваны конкурс 11 чалавек на месца, а таксама “харэаграфічнае мастацтва”, “інструментальнае выканальніцтва”, “жывапіс”. У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў гэта “культуралогія”, “рэжысура тэатра”, “мастацтвазнаўства”, у Акадэміі музыкі — “музычна-інструментальнае выканальніцтва”, у Акадэміі мастацтваў — “гукарэжысура”, “акцёрскае мастацтва”, “графічны дызайн”, “жывапіс”.

Сёлета ў шэрагу ўстаноў адукацыі з’явіліся новыя напрамкі. Так, Мінскі дзяржаўны каледж імя А.К. Глебава прымае абітурыентаў на навучанне па спецыяльнасці “дызайн анімацыі”, сталічны музычны каледж імя М.І. Глінкі — “дызайн гукавога асяроддзя”, Пінскі дзяржаўны каледж — “акцёрскае мастацтва”. Адпаведна, у сувязі з гэтым былі ўнесены змяненні ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”.

Прапрацоўваецца пытанне адкрыцця спецыяльнасці “акцёрскае мастацтва” ў Мазырскім дзяржаўным каледжы, першых абітурыентаў па якой тут прымуць наступным летам.

 

ДВУХБАКОВЫЯ СУВЯЗІ

Наладжаны двухбаковыя сувязі беларускіх і замежных навучальных устаноў сферы культуры. Так, у нашых ВНУ атрымліваюць адукацыю маладыя людзі з Кітая, Японіі, Казахстана, Азербайджана, Ізраіля, Нарвегіі, афрыканскіх і іншых краін. Толькі з расійскімі калегамі заключана 155 дагавораў! Арганізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы, рэалізоўваюцца адукацыйныя культурныя праекты.

Асаблівую ўвагу Міністэрства культуры надае выпускнікам сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія працягваюць адукацыю па-за межамі нашай дзяржавы. Прыкладам, за апошнія пяць гадоў у ВНУ Расійскай Федэрацыі атрымлівалі веды 58 беларусаў. Каб пазбегнуць праблемы незваротнасці кадраў, кіраўніцтва галіны робіць акцэнт на прафарыентацыйнай рабоце сярод выпускнікоў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, на развіцці іх зацікаўленасці у айчынных ВНУ, суправаджэнні беларускіх студэнтаў расійскіх універсітэтаў на працягу ўсяго тэрміну навучання для размеркавання ва ўстановы на тэрыторыі нашай краіны, кампенсацыі сродкаў выпускнікамі пры неадпрацоўцы.

 

РАЗМЕРКАВАННЕ І КАР’ЕРА

Па выніках мінулага года размеркавана на першае працоўнае месца 1480 маладых спецыялістаў, што складае 100 % ад агульнай колькасці бюджэтнікаў. Па асабістым жаданні атрымалі размеркаванне і 11 выпускнікоў платнай формы навучання.

Калі казаць пра замацаванне кадраў на месцах, то назіраецца станоўчая тэндэнцыя: за справаздачны перыяд колькасць прынятых спецыялістаў ва ўзросце да 31 года значна перавышае колькасць звольненых. Так, на пачатак гэтага года ва ўстановах культуры краіны працуе больш за 8000 маладых людзей, што складае 18 % ад агульнай колькасці работнікаў.

Спецыялістам, якія прыйшлі на вытворчасць па размеркаванні, забяспечваюцца спрыяльныя ўмовы для працы, самаўдасканалення і кар’ернага росту. Згодна з заканадаўствам, яны матэрыяльна заахвочаны і сацыяльна абаронены, ва ўсіх установах дзейнічае інстытут настаўніцтва.

Відавочнае амаладжэнне складу кіраўнікоў арганізацый культуры: сёння каля 4 % ад іх агульнай колькасці — людзі ва ўзросце да 31 года.

 

ЦЫРКАВЫЯ ПЫТАННІ

Пры станоўчай тэндэнцыі адукацыі і замацавання кадраў у сферы культуры існуе праблема па падрыхтоўцы цыркавых артыстаў. Так, патрэба Белдзяржцырка да 2031 года складае 22 чалавекі. Адчувае недахоп спецыялістаў і Гомельскі дзяржаўны цырк. Пытанне стварэння адпаведнай спецыяльнасці на базе аднаго з каледжаў краіны застаецца адкрытым па шэрагу прычын. Адна з іх — нізкая зацікаўленасць абітурыентаў: сёлета толькі тры выпускнікі школ выказалі жаданне звязаць жыццё з цыркавым мастацтвам, у той час калі, згодна з Кодэксам аб адукацыі, для адкрыцця напрамку на сярэднім спецыяльным узроўні неабходна забяспечыць напаўняльнасць групы ад 20 чалавек.

Для вырашэння гэтай праблемы было прапанавана заказчыкам кадраў прапрацаваць пытанне прафарыентацыі выпускнікоў школ для навучання іх у цыркавых вучылішчах Расійскай Федэрацыі з заключэннем трохбаковых дагавораў і далейшай адпрацоўкай ва ўстановах Беларусі.

 

ТАЛЕНАВІТАЯ МОЛАДЗЬ

Адзін з прыярытэтных кірункаў адукацыі ў сферы культуры — выяўленне і падтрымка таленавітых навучэнцаў, арганізацыя спрыяльных умоў для іх развіцця. Так, Міністэрствам культуры зацверджаны комплекс мер, накіраваны на забеспячэнне самарэалізацыі творчай моладзі. У выніку ўдзелу ў міжнародных конкурсах, фестывалях, мастацка-творчых спаборніцтвах уладальнікамі грандпрэмій з прысваеннем звання лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі сталі 25 нашых суайчыннікаў.

Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва прысуджаны выкладчыкам Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага за адраджэнне, захаванне і развіццё традыцый маладзечанскай школы выцінанкі, выкладчыку Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі — за асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага музычнага мастацтва, падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Узнагарода “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” прысуджана 13 педагогам сферы культуры.

Традыцыйна нашы маладыя людзі актыўна ўдзельнічаюць у сумесных праектах Саюзнай дзяржавы, сярод якіх Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр, творчае спаборніцтва кампазітараў, патрыятычны конкурс “Будзем памятаць”, Міжнародны студэнцкі фестываль-конкурс спектакляў “Кропка А” і інш.

 

 

НАВУКОВЫЯ ПОШУКІ

Закрануўшы тэму адукацыі, нельга не адзначыць яе даволі высокі ўзровень, пра што гавораць лічбы. Так, прафесарска-выкладчыцкі склад толькі ВНУ — больш за 730 чалавек, палова з якіх маюць вучоныя ступені, вучоныя і ганаровыя званні. Летась былі абаронены 12 кандыдацкіх і дзве доктарскія дысертацыі, прысвоена 15 званняў дацэнта і адно — прафесара. Навуковымі калектывамі завершана праца па выкананні чатырох праектаў, якія забяспечваюць актуальныя даследаванні ў адпаведнасці з прыярытэтнымі кірункамі развіцця навукі ў сферы культуры.

У студзені гэтага года Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў атрымаў Ганаровую грамату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за актыўны ўдзел у навуковых даследаваннях археалагічнага комплексу на рацэ Менцы, а таксама маштабную работу па вывучэнні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.

Аднак пры ўсім гэтым зафіксавана памяншэнне колькасці асоб, занятых у навукова-адукацыйнай сферы, старэнне прафесарскага складу. Шляхі вырашэння пытання — у павелічэнні зацікаўленасці маладых вучоных навуковай дзейнасцю магчымымі сродкамі стымулявання.

 

ГРАМАДСКАЕ ЖЫЦЦЁ

Пераважная большасць маладых людзей — навучэнцаў, студэнтаў, працоўных — займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, вядуць насычанае грамадскімі падзеямі жыццё, з’яўляюцца шчырымі патрыётамі. Паказчыкі ахопу членствам БРСМ ва ўстановах адукацыі па рэспубліцы сёлета істотна павысіліся, нягледзячы на нязначнае змяншэнне ў некаторых каледжах. Рост колькасці членаў аб’яднання назіраецца ў працоўных калектывах падпарадкаваных арганізацый. Да таго ж за першае паўгоддзе створана 18 ячэек РГА “Белая Русь”, што яшчэ раз пацвярджае высокую грамадзянскую адказнасць молазді.

Актыўна ўступаюць маладыя беларусы ў прафесійны саюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Ахоп ім стабільна трымаецца на ўзроўні вышэй за 90 % і працягвае расці.

На кантролі міністэрства таксама работа сацыяльных службаў па аказанні дапамогі тым прадстаўнікам сферы культуры, якія па волі лёсу аказаліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.

 

НЕ ТОЛЬКІ ТВОРЧАСЦЬ

Ідэалагічная работа займае асобнае месца ў сферы культуры. У адпаведнасці з дырэктывай №12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы” сфера культуры, разам з адукацыяй, навукай, спортам, этнаканфесійнымі адносінамі, сямейнай, маладзёжнай, інфармацыйнай і гістарычнай палітыкай, з’яўляецца прыярытэтнай сферай, у якой ідэалагічная работа знаходзіцца пад асаблівым кантролем дзяржавы.

Сёлета супрацоўнікамі міністэрства было вывучана выкананне дырэктывы № 12 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аналіз паказаў, што ва ўсіх установах сферы распрацаваны і рэалізоўваюцца адпаведныя планы, створаны інфармацыйна-прапагандысцкія групы, штомесячна праводзяцца адзіныя дні інфармавання. Павышэнню якасці работы ІПГ садзейнічае арганізацыя сустрэч працоўных калектываў са спецыялістамі па заяўленай тэматыцы: з дэпутатамі, прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, эканамістамі, юрыстамі, вядомымі грамадска-палітычнымі дзеячамі. Важна, што ў склад інфармацыйных груп уваходзіць шмат моладзі ва ўзросце да 31 года.

Увогуле, сфарміраваны ідэалагічны актыў арганізацый культуры мае высокі прафесійны ўзровень.

Спецыялісты, якія выконваюць дадзеныя функцыі, пераважна маюць профільную адукацыю ў сферы культуры, а таксама падрыхтоўку па педагагічных, юрыдычных і эканамічных спецыяльнасцях, на пастаяннай аснове праходзяць павышэнне кваліфікацыі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, удзельнічаюць у практычных семінарах і форумах.

Ідэалагічны актыў арганізацый культуры задзейнічае ўвесь комплекс даступных форм і метадаў работы для таго, каб у кожнага работніка была сфарміравана цвёрдая грамадзянская пазіцыя, а ўсе калектывы ў цэлым характарызаваліся высокім узроўнем згуртаванасці і псіхалагічнай гатоўнасці да процідзеяння сучасным інфармацыйным выклікам і пагрозам.

Такім чынам, падчас пасяджэння калегіі Міністэрства культуры былі закрануты ўсе спектры работы з моладдзю і арганізацыі ідэалагічнай работы. Праблемы, што былі падняты на нарадзе, абмеркаваны, і для іх вырашэння азначаны шляхі, якія ляглі ў аснову адпаведнага дакумента.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў устаноў

MAX TikTok