Сімфонія новага часу

Апублiкавана: 01 лiпеня 2026 Стужка Адукацыя Мінск Соцыум

Аўтар: Служба інфармацыі

Урачыстае ўручэнне дыпломаў прайшло ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Мерапрыемства адбылося 30 чэрвеня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

З прывітальным словам да выпускнікоў звярнуўся намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач.

— Атрыманне вышэйшай адукацыі — важная мяжа. У вас за плячыма — сесіі і бяссонныя ночы, поспехі і расчараванні, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Хачу пажадаць, каб дыплом стаў сапраўдным трамплінам да творчай дасканаласці і дасягненняў, якія будуць суправаджаць вас па жыцці.

Асобныя словы падзякі намеснік міністра адрасаваў прафесарска-выкладчыцкаму складу, падкрэсліўшы яго неацэнны ўнёсак у падрыхтоўку кожнага выпускніка.

З прамовай таксама выступіла рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Алена Куракіна. Па яе словах, сёлета з установы выходзіць у свет звыш 250 дыпламаваных спецыялістаў. Больш за палову — замежныя студэнты.

— Творчая моладзь у нашай краіне акружана клопатам і ўвагай з боку дзяржавы, — падкрэсліла Алена Віктараўна. — Хочацца, каб акадэмія была для выпускнікоў месцам, куды можна вярнуцца па натхненне і падтрымку, прасторай найвышэйшых прафесійных стандартаў і глыбокіх гуманітарных сэнсаў.

Цырымонія ўручэння дыпломаў суправаджалася яскравымі нумарамі. Для гасцей прагучала музыка ў выкананні студэнтаў і выпускнікоў акадэміі.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok