Установы адукацыі сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падводзяць вынікі навучальнага года. Так, запаветныя дыпломы ўжо атрымалі выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.

Урачыстая цырымонія прайшла 30 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі і аб’яднала ўчарашніх навучэнцаў, іх бацькоў, выкладчыкаў, запрошаных гасцей. У мерапрыемстве паўдзельнічаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў.
— У жыцці не так шмат таго, што мы любім безумоўна. Гэта нашы дзеці, нашы бацькі і наша краіна, — сказаў Марат Сяргеевіч. — Хочацца, каб хлопцы і дзяўчаты, якія атрымліваюць дыпломы, памяталі аб гэтых каштоўнасцях.
Міністр культуры пажадаў выпускнікам поспеху і заўважыў, што Беларусі патрэбныя здольныя асобы, якія будуць услаўляць Радзіму. З віншаваннямі выступілі і дырэктар каледжа Аляксандр Шантаровіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ірына Мацяс.
— Прымаць у сценах музея такіх таленавітых людзей — сапраўднае свята, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна. — Я ўдзячная адміністрацыі каледжа за супрацоўніцтва, якое звязвае нашы ўстановы. Сумесныя праекты насамрэч узбагачаюць нас.
За музычную частку мерапрыемства адказвалі артысты Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі і ўдзельнікі студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
У рамках цырымоніі таксама адкрылася выстава найлепшых дыпломных работ сёлетніх выпускнікоў каледжа.
Служба інфармацыі “К”