“Гуканне вясны”, купальскае вогнішча, дажынкавыя песні і старадаўнія танцы — для ўдзельнікаў “Лецейка” гэта не старонкі з падручнікаў па этнаграфіі, а частка штодзённасці. Ужо 20 гадоў узорны фальклорны калектыў Багатырскага сельскага Дома культуры дапамагае дзецям адкрываць і працягваць традыцыі родных мясцін.

“Лецейка” пачало свой летапіс пры Гомельскай дзіцячай школе мастацтваў Полацкага раёна ў 2005-м. Гурт быў спробай звязаць розныя праявы народнай культуры — песні, танцы, абрады, гульні, вусную творчасць і аўтэнтычны строй. У 2010 годзе калектыў атрымаў званне “ўзорны”, а пазней перайшоў пад крыло Багатырскага СДК. З 2020-га “Лецейка” ўзначальвае Вольга Лобкіс.
— Калі стала працаваць у Доме культуры, да народнага мастацтва амаль не мела дачынення. Пазней далучылася да народнага фальклорнага ансамбля “Галасы спадчыны”. У ім побач са старэйшымі носьбітамі мясцовай традыцыі вучылася спевам, пераймала манеру выканання, слухала гісторыі. А пасля мне даверылі дзіцячы калектыў.
ЗБЕРАГЧЫ І ПЕРАДАЦЬ
Сёння ў “Лецейку” — 25 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 5 да 16 гадоў з вёсак Салоніцкага сельсавета. Галоўны аб’ект працы — тутэйшыя музычныя скарбы.

— Прымаем кожнага ахвотнага. За многія гады пераканалася: фальклор сапраўды дапамагае развіваць слых і голас. Нярэдка дзіця спачатку амаль не трапляе ў ноты, а ўжо праз паўгода-год упэўнена інтануе. Таму заўсёды кажу бацькам: калі ёсць жаданне — усяму навучым, — адзначае Вольга Аляксандраўна.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца манеры выканання “ў перахлёст”, якая ў 2019-м была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

— Гэта рэгіянальная спеўная тэхніка, характэрная менавіта для Паазер’я. Нам важна яе захоўваць і перадаваць маладому пакаленню. Пры спевах рот амаль закрыты, гукі нібы акругляюцца, выкарыстоўваецца кананічнае шматгалоссе. Манера даволі складаная, таму авалодваюць ёй звычайна тыя, хто займаецца некалькі гадоў, — тлумачыць суразмоўца.
Крыніцай ведаў становяцца як архіўныя матэрыялы, так і сустрэчы з носьбітамі традыцыі. Вялікая частка рэпертуару запісана падчас экспедыцый у вёскі Бага тырская, Шпакоўшчына, Рыбакі, Заазер’е, Экімань Полацкага раёна і ў іншыя рэгіёны Віцебшчыны. Калектыў цесна супрацоўнічае з кіраўніком народнага фальклорнага ансамбля “Блізнянка” Вольгай Чобат, якая захоўвае багатую спадчыну, перанятую ад мамы і бабуль.
Акрамя спеваў і танцаў, выхаванцы асвойваюць выцінанку, выраб лялек-абярэгаў, вышыўку крыжыкам, пляценне паясоў на дошчачках, а таксама знаёмяцца з народнымі музычнымі інструментамі.

— Іграем на лыжках, свістульках, акарынах. Бывае, у перапынках дзеці самі ладзяць імправізаваныя аркестры. Калі бачу такую зацікаўленасць, разумею: усё гэта хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўды патрэбна.
Неўзабаве ў “Лецейку” плануюць стварыць уласную батлейку, якая дапаможа яшчэ глыбей спасцігнуць беларускую традыцыйную культуру.
У ВІРЫ ПАДЗЕЙ
Плён сваёй працы ансамбль прадстаўляе на буйных пляцоўках: рэспубліканскім фестывалі “Берагіня”, абласным аглядзе-конкурсе дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”, рэгіянальным “Юная зорка”…

За апошнія гады выканаўцы неаднаразова станавіліся героямі тэлепраграмы “Наперад у мінулае” на канале “Беларусь 3”, а таксама двойчы перамагалі ў марафоне “Брэнд года” як найлепшы творчы калектыў раёна. Нядаўна юныя артысты выступілі ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску, дзе паказалі фрагменты абрадаў, народныя гульні, правялі майстар-класы па бытавых танцах.
У ліпені “Лецейка” чакала яшчэ адна важная падзея — удзел у турніры нацыянальных танцаў на “Славянскім базары ў Віцебску”.
— Для дзяцей гэта быў асаблівы досвед. Раней там выступалі прадстаўнікі нашых дарослых калектываў, а цяпер свае сілы паспрабавалі і малодшыя выхаванцы, — тлумачыць Вольга Лобкіс.
СУВЯЗЬ З ДОМАМ
Аднак жыццё гурта не абмяжоўваецца сцэнай і конкурсамі. Артысты “Лецейка” рэгулярна далучаюцца да гулянняў з нагоды свят народнага календара — Юр’я, Сёмухі, Купалля, Каляд — і абрадаў, якія да сёння бытуюць на Полаччыне: “Гуканне вясны”, “Хрыстаслаўе” ды іншых.
— Трэба, каб спадчына жыла не толькі падчас канцэртаў, але і ў натуральным асяроддзі. Таму і ходзім па вёсцы, як нашы продкі: спяваем, віншуем, танчым, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна.

Нядаўна ўдзельнікі ансамбля зноў сабраліся на купальскіх святкаваннях, выконвалі старадаўнія песні, плялі вянкі, ладзілі гульні, запальвалі вогнішча. Усё гэта — спроба захаваць тое, што яшчэ нядаўна было арганічнай часткай простага жыцця беларусаў.
Менавіта падчас падобных сустрэч хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца адчуваць сувязь са сваім краем, з гісторыяй і з людзьмі, якія захоўваюць яго памяць. Але ж гэта немагчыма без галоўнага — прыязнай атмасферы ўнутры калектыву.

— Любоў да дзяцей — аснова. Мы любім іх, яны — нас. І дзякуючы такім адносінам прыходзіць любоў да фальклору, да роднай культуры, да ўсяго, што пакінулі нам продкі. Праз народную творчасць выхаванцы атрымліваюць тое, чаго не купіш: адчуванне свету як дому, дзе ўсё мае сэнс — ад першага вясновага закліку да апошняга восеньскага снапа. Дзеці цягнуцца да гэтага скарбу ўсім сэрцам.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву