Летапіс Коласаўскага: 1941—1944

Якраз напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны БДТ-2 прадставіў сваю знакамітую камедыю “Несцерка”. Яе прэм’ера прайшла ў Петразаводску, куды калектыў выправіўся на гастролі. 22 чэрвеня паказвалі апошні спектакль, і падчас яго было аб’яўлена аб нападзе на Савецкі Саюз. З вялікімі цяжкасцямі творцы вярнуліся ў Віцебск.

 

Сцэна са спектакля "Несцерка"

 

1941

Супрацоўнікі тэатра пасля прыезду ў родны горад удзельнічалі ў яго ўмацаванні і абароне.

 

Будынак БДТ-2 у гады Вялікай Айчыннай вайны

Неўзабаве ўстанове прапанавалі эвакуіравацца — так трупа апынулася ў казахстанскім Уральску. Мясцовыя ўлады і жыхары з вялікай цеплынёй сустрэлі віцебскіх артыстаў. Тым не менш праблем узнікала нямала — ад пошукаў жылля і паліва да аднаўлення рэквізіту. Раптам на чыгуначнай станцыі паведамілі, што на адрас калектыву прыбыў таварны вагон, а ў ім — скрыні з дэкарацыямі і касцюмамі спектакля “Несцерка”. Аказваецца, петразаводцы высветлілі, куды эвакуіраваўся тэатр, і адправілі тое, што ў першую чаргу паспелі загрузіць. “Несцерка” адразу ж заваяваў сімпатыі ўральскага гледача, які зразумеў і палюбіў беларускую мову.

Неўзабаве ў казахстанскі горад прыехалі рэжысёры Навум Лойтар, Ілья Віньяр і Барыс Тамарын, вярнуўся Мікалай Міцкевіч, пачаліся рэпетыцыі старога і новага рэпертуару. Першай п’есай на ваенную тэму была “Сям’я Міхайлавых” Уладзіміра Салаўёва. Спектакль выклікаў жывую рэакцыю залы. Калі на сцэне фашысцкія карнікі расстрэльвалі партызанскага важака Сямёна Міхайлава, а ён кідаў ім у твар словы нянавісці (маўляў, стаяла, стаіць і будзе стаяць руская зямля), гэта выклікала ў публікі буру энтузіязму.

Следам калектыў прэзентаваў твор аб савецкіх лётчыках — “Крылатае племя” Аркадзя Первенцава.

 

1942

Калі першыя п’есы аб вайне былі даволі схематычнымі, то ўжо ў 1942 годзе ў рэпертуары з’явіліся творы, што зрабіліся класікай савецкай драматургіі: “Рускія людзі” Канстанціна Сіманава, “Фронт” Аляксандра Карнейчука, “Нашэсце” Леаніда Лявонава. Таксама тэатр прадставіў “Ягора Булычова і іншых” Максіма Горкага і “Забаўны выпадак” Карла Гальдоні.

 

Сцэна з пастаноўкі "Ягор Булычоў і іншыя"

Ідэя горкаўскай п’есы аб непазбежнай пагібелі рэакцыйнага ладу, аб перамозе новых сацыяльна-прагрэсіўных сіл была актуальнай у гады вайны. Паводле задумы пастаноўшчыка Навума Лойтара, спектакль па сутнасці накіраваны супраць фашысцкай рэакцыі. Мікалай Звездачотаў паказаў Ягора Булычова чалавекам таленавітым, абаяльным, шчодрым, і тым больш гледачы шкадавалі, што такая асоба марна гіне.

У выхадныя дні і вольны ад рэпетыцый, выступленняў час акцёры праводзілі вялікую шэфскую працу па абслугоўванні вайсковых часцей і шпіталяў. Трупа падрыхтавала некалькі праграм з вершаў, песень, танцаў, урыўкаў спектакляў. У палатах цяжкапараненых імкнуліся іграць нешта радаснае, жыццесцвярджальнае.

Аднойчы артыстаў папрасілі на хвілінку спыніць канцэрт, каб далучыліся зноў прыбылыя. Спярша творцы думалі, што гэтых людзей прынясуць разам з ложкамі або на насілках. І раптам у палату даставілі на маленькіх, нібы дзіцячых, крэселках трох бязногіх юнакоў. Складана было адарваць ад іх позірк.

Любіміцай публікі ў тую пару стала прыгажуня Зіна Канапелька. Адно з яе шматлікіх выступленняў з патрыятычнымі вершамі прайшло ў вучэбнай эскадрыллі на палявым аэрадроме, і там актрысе апладзіраваў курсант Георгій Берагавы, пазней — вядомы ўсяму свету расійскі касманаўт.

 

Сцэна са спектакля "Рускія людзі"

Не ведалі артысты, што неяк на спектаклі “Рускія людзі” дзясятак месцаў у цэнтры залы займалі французскія лётчыкі з палка “Нармандыя — Нёман”. Для іх Уральск быў адным з прыпынкаў у маршруце.

 

1943

Між тым да казахстанскага горада пачалі даходзіць весткі аб перамогах савецкіх войск, таму ў асяродку акцёраў усё часцей размаўлялі аб вяртанні дамоў.

 

Аскар Марыкс. Эскіз дэкарацыі спектакля "Нашэсце", 1943

Увосень 1943 года, калі армія падабралася да меж Беларусі, трупа атрымала дазвол пераехаць бліжэй да радзімы, у падмаскоўнае Арэхава-Зуева, дзе правяла каля года. Падчас аднаго з паказаў “Несцеркі” ганаровым гледачом быў “усесаюзны стараста”, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаіл Калінін. Дырэктар тэатра Уладзімір Стэльмах спрабаваў перакладаць тэкст, але Калінін толькі адмахнуўся і сказаў, што ўсё разумее. Спектакль палітычнаму дзеячу вельмі спадабаўся, на развітанне ён перадаў сардэчную падзяку калектыву і пажадаў: “Да новых сустрэч у Беларусі!” Магчыма, высокая ацэнка пастаноўкі з боку Міхаіла Калініна таксама паспрыяла таму, што неўзабаве камедыя “Несцерка” здабыла Сталінскую прэмію.

 

1944

Значным момантам для БДТ-2 былі гастролі ў Маскве ўлетку 1944 года. Асаблівы поспех напаткаў “Несцерку”. У антракце на адным з паказаў прагучаў салют у гонар вызвалення Віцебска. Акцёр Аляксандр Ільінскі перад пачаткам другой дзеі абвясціў гэтую навіну са сцэны, і гледачы бурай апладысментаў павіншавалі артыстаў.

 

Жыхары Віцебска разам з савецкімі салдатамі

Увосень 1944-га трупа выправілася ў апошнюю ваенную вандроўку, узяўшы курс на родную Беларусь… А 21 снежня тэатру прысвоілі імя Якуба Коласа.

Сёлета да Дня Перамогі творцы разам з мастацкімі калектывамі Цэнтра культуры “Віцебск” падрыхтавалі вечар “Тэатр і вайна” (“Быў месяц май...”). Спектакль-канцэрт, аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога выступіла заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Марына Раманоўская, распавядае пра лёс установы ў гады Вялікай Айчыннай. Напоўненая ваеннымі песнямі, вытанчанымі харэаграфічнымі нумарамі праграма прасякнута любоўю да мастацтва і краіны, якая гераічна прайшла вогненныя 1940-я.

Сцэна са спектакля "Ірынка"

Антон РУДАК. Фота з архіва тэатра

MAX TikTok