85 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна. У Брэсце прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай трагічнай даце. “К” распавядае пра самыя значныя з іх.

Падчас памятных мерапрыемстваў
у Брэсцкай крэпасці
Абласны цэнтр традыцыйна стаў адным з галоўных месцаў, дзе ўшанавалі памяць ахвяр ваеннага ліхалецця. Горад над Бугам першым прыняў на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гарнізон Брэсцкай крэпасці гераічна трымаў абарону на працягу амаль месяца. Урачыстыя мерапрыемствы — даніна памяці тым, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы.
РАЗАМ ДА ІСЦІНЫ
Менавіта тэме захавання гістарычнай праўды былі прысвечаны мерапрыемствы ІІ Міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы “Вялікая спадчына — агульная будучыня”, які ладзіўся з 20 па 22 чэрвеня.

Ён сабраў дэпутатаў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама грамадскіх дзеячаў, палітолагаў ды іншых экспертаў з дружалюбных краін Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі.
Прывітанне ўдзельнікам накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Цягам трох дзён працавалі тэматычныя секцыі і выставы.

На прэзентацыі кнігі "Дарога да мая 1945.
Нам патрэбна адна Перамога"
Адбылася прэзентацыя выдання Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы “Дарога да мая 1945. Нам патрэбна адна Перамога”. У кнізе апублікаваны здымкі, малюнкі, вершы і іншыя матэрыялы з фондаў Беларускага і Расійскага дзяржаўных архіваў кінафотафонадакументаў.
Акрамя таго, на 70-й сесіі Парламенцкага сходу аднагалосна была прынята заява “Аб генацыдзе савецкага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў”. У дакуменце дэкларуецца рашучае супрацьдзеянне любым спробам перапісвання гісторыі, апраўдання нацызму, прыніжэння ролі савецкага народа ў разгроме фашызму.
У рамках пленарнага пасяджэння форуму абмяркоўваліся духоўна-культурныя асновы Перамогі, пытанні перадачы памяці будучым пакаленням.
МОЛАДЗЬ ВЕДАЕ
Таксама стартаваў міжнародны культурна-адукацыйны праект “Цягнік Памяці”. Акцыя праводзіцца ўжо ў пяты раз з ініцыятывы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Сёлета да марафону далучылася больш за 200 школьнікаў з постсавецкіх дзяржаў і краін антыгітлераўскай кааліцыі.
Да таго адбылася сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і намесніка Старшыні Савета Федэрацыі Канстанціна Касачова з удзельнікамі акцыі.
— Гэта сапраўды ўнікальны праект, які ўжо стаў легендарным, — падкрэсліла ў звароце да моладзі Наталля Іванаўна. — Мы не маем права здраджваць памяці старэйшых пакаленняў, таму абавязаны зрабіць усё, каб вы жылі шчасліва і, самае галоўнае, разумелі: няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё і сяброўства.

Удзельнікі праекта “Цягнік Памяці”
Урачыстая цырымонія старту культурна-адукацыйнага праекта адбылася 21 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. У праграме — экскурсіі па месцах воінскай славы, дыялогавыя пляцоўкі і творчыя сустрэчы ў 13 гарадах, праз якія пройдзе маршрут цягніка.
МУЖНАСЦЬ І СМУТАК
Адна з цэнтральных падзей у Брэсцкай крэпасці — адкрыццё 21 чэрвеня мемарыяльнай зоны “Смутак”, што размясцілася ў заходняй частцы цытадэлі.

Мемарыяльная зона "Смутак"
Сэрцам кампазіцыі стала скульптура тужлівай жанчыны. Яна ўвасабляе бясконцы боль усіх, чыіх блізкіх забрала вайна. Правобраз — рэальны чалавек: Алена Кузняцова ў першы ж дзень супрацьстаяння страціла мужа. Побач з фігурай — сцяна памяці з імёнамі абаронцаў цвярдыні, якія загінулі ў фашысцкім палоне.

Сяргей Глазьеў і Наталля Пяткевіч
У адкрыцці мемарыяла паўдзельнічалі Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатолій Маркевіч, намеснік міністра культуры Беларусі Сяргей Саракач і іншыя афіцыйныя асобы.
Наталля Пяткевіч заявіла, што новы помнік — сапраўдны набат. Ён змушае задумацца пра цану вайны, амбіцый людзей, якія правакуюць узброеныя канфлікты.
— Напэўна, у свеце няма ніводнага народа, які пацярпеў так. Таму што гэта боль кожнай нашай сям’і, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна. — Вельмі хочацца, каб будучыя пакаленні, якія возьмуцца кіраваць краінай, пранеслі пачуццё каштоўнасці міру, памяці і ўдзячнасці.
З’яўленне кампазіцыі “Смутак” аказалася магчымым таму, што рэалізоўваецца адпаведны праект Саюзнай дзяржавы. Пра гэта расказаў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач.
— Адкрыццё мемарыяла стала часткай мерапрыемстваў па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі аб’ектаў Брэсцкай крэпасці на сродкі бюджэту Саюзнай дзяржавы, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч. — Сімвалічна, што падзея адбылася напярэдадні 22 чэрвеня, калі ўся краіна смуткуе па ахвярах той жудаснай вайны.
ПАД ГУК МЕТРАНОМА
На тэрыторыі крэпасці ў ноч з 21 на 22 чэрвеня разгарнулася асобная праграма.
Спачатку публіка ўбачыла адноўлены спектакль “Брэсцкая крэпасць” — пастаноўку Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.
Затым зладзілі мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Са сцэны прагучаў зварот Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які зачытаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка.
— Вайна прыйшла на нашу зямлю роўна 85 гадоў таму. Яна забрала жыццё кожнага трэцяга і паламала лёсы мільёнам беларусаў. З году ў год гэтай чэрвеньскай раніцай мы ўспамінаем, як стаялі насмерць Брэсцкая крэпасць, умацаваныя раёны і гарады, якія сарвалі планы маланкавага наступлення фашысцкай Германіі, — адзначалася ў пасланні. — Мы, нашчадкі пераможцаў, абавязаны заўсёды абараняць гістарычную праўду, берагчы памяць аб героях той вайны і прывіваць сваім дзецям імунітэт супраць ідэалогій выключнасці і перавагі нацый, вучыць іх ганарыцца вялікім подзвігам савецкага народа, які падарыў цяперашнім пакаленням жыццё, мір і свабоду.
У чатыры гадзіны раніцы адбылося ўскладанне кветак да Вечнага агню, аб’явілі хвіліну маўчання. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць абаронцаў горада і ўсіх, хто аддаў жыццё за мір для новых пакаленняў.

Фінальным акордам паслужыла маштабная ваенна-гістарычная рэканструкцыя “22 чэрвеня 1941 года. Брэсцкая крэпасць”. Відовішча дакладна ўзнавіла атмасферу першых гадзін вайны, падзеі абароны цытадэлі.
Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота Святланы КРУК-ПЕРАПЁЛКІНАЙ,
з Тэлеграм-каналаў “Правительство Беларуси”,
“Мемориальный комплекс «Брестская крепость-герой»”, “Поезд Памяти”