Беларусь — Расія: разам праз вякі

Міжнародная канферэнцыя па ўмацаванні культурных сувязей і развіцці крэатыўных і творчых індустрый прайшла на мінулым тыдні ў Санкт-Пецярбургу.

Нашу краіну прадстаўляла дэлегацыя на чале з міністрам культуры Маратам Маркавым.

Да мерапрыемства далучыўся і Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.

 Цэнтральная тэма пленарнага пасяджэння — “Узаемадзеянне культур: захаванне спадчыны і глабальны дыялог у сучасным свеце”. Удзельнікі абмеркавалі пытанні зберажэння агульнай гісторыка-культурнай памяці, развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва і ўмацавання партнёрскіх адносін паміж дзяржавамі ва ўмовах сённяшніх выклікаў, пошук эфектыўных механізмаў далейшай інтэграцыі. Закранулі таксама эканамічныя аспекты сумеснай работы ў сферы культуры.

 

ПРАЕКТЫ

У сакавіку ў Мінску прайшло пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі, быў падрыхтаваны і зацверджаны план супольных мерапрыемстваў на 2026 год. І калі ў 2025-м такіх правялі 75, то сёлета іх больш за 100. Прычым каля 40 ужо зладжана.

Асаблівае месца займаюць тыя, што арганізоўваюцца пад эгідай Саюзнай дзяржавы: свята “Александрыя збірае сяброў”, фестываль у Маскве “Творчасць юных”, фестываль людзей з інваліднасцю ў Магілёве “Разам мы зможам больш”.

Нельга не згадаць “Славянскі базар у Віцебску”, у канцэпцыю якога закладзены 35-гадовы юбілей самога форуму, тэмы Года беларускай жанчыны, адзінства народаў дзвюх краін.

Выступаючы перад удзельнікамі канферэнцыі, Марат Маркаў засяродзіў увагу і на іншых агульных праектах.

Гастролі Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета традыцыйна пройдуць у лістападзе. Пэўна, неўзабаве канцэртная геаграфія калектыву пашырыцца — ва ўсялякім выпадку, над такой магчымасцю працуюць.

— Важны напрамак сумеснай работы — супрацьдзеянне фальсіфікацыі гістарычнай праўды, — зазначыў Марат Сяргеевіч. — Сёння, нягледзячы на спробы сфарміраваць негатыўны вобраз нашых дзяржаў на міжнароднай арэне, перапісаць гісторыю і распаўсюдзіць масавую культуру, якая супярэчыць духоўным каштоўнасцям, Беларусь і Расія ў цесным супрацоўніцтве намагаюцца гэтага не дапусціць.

Яскравы прыклад — канцэрт-рэквіем “Кожны трэці”: напрыканцы красавіка з аншлагамі адбыліся паказы ў Казані, у верасні праект убачаць жыхары Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, а крыху пазней — Уфы, Екацярынбурга, Чэлябінска, Новасібірска.

 

СПАДЧЫНА

На форуме шмат увагі ўдзялілі гераічнаму подзвігу нашых народаў у 1941—1945-м: абароне Брэсцкай крэпасці і Сталінградскай бітве, Курскай дузе і Мамаеваму кургану, бітве пад Прохараўкай і рэйкавай вайне.

У папярэдні спіс ЮНЕСКА ўжо дададзены аб’ект “Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган”. Цяпер намаганні прадстаўнікоў дзвюх дзяржаў скіраваны на ўключэнне намінацыі ў асноўны спіс.

Падчас канферэнцыі быў зацверджаны мемарандум аб супрацоўніцтве па асобных пытаннях фарміравання Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі. Так, прадугледжаны меры па прасоўванні транснацыянальнага аб’екта і далейшым кіраванні ім, размежаваны ролі і абавязкі, названы шэраг намінацыйных дакументаў і даведачных матэрыялаў, якія неабходна падрыхтаваць у найбліжэйшыя гады.

Марат Маркаў і Вольга Любімава

Да таго ж намечаны сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі і семінары для абмеркавання гіс­тарычна-культурнай значнасці мемарыяльных комплексаў. Мемарандум падпісалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў і міністр культуры Расійскай Федэрацыі Вольга Любімава.

 

ПЛАНЫ

На сустрэчы гэтых кіраўнікоў ведамстваў былі падведзены вынікі супольнай работы і акрэслены перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Міністры акцэнтавалі значнасць мерапрыемстваў па захаванні гістарычнай памяці.

Таксама ў цэнтры ўвагі — развіццё супрацоўніцтва ў галінах кіно і музеяў, умацаванне рэгіянальных сувязей, зберажэнне традыцыйных духоўнамаральных каштоўнасцей. Марат Маркаў прапанаваў абнавіць міжурадавае пагадненне ў сферы культуры. Вольга Любімава вылучыла інтэнсіўнае ўзаемадзеянне тэатраў, музеяў, навучальных і іншых устаноў.

Прыкладам, Нацыянальная студыя “Беларусьфільм” і расійская студыя “Ваенфільм” рыхтуюць ваенна-гістарычную драму “Бацька Мінай. Партызанская легенда”. Завяршэнне здымак запланавана на канец 2026 года. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з якуцкай кампаніяй “Сахафільм”: цяпер ствараецца стужка пад папярэдняй назвай “Сіні трактар”. Увогуле сярод партнёраў “Беларусьфільма” больш чым 20 суб’ектаў Расіі.

Акрамя таго, прагучала прапанова ў юбілейны год Міхаіла Савіцкага сабраць у адной выставачнай зале ўсіх яго трох мадоннаў, якія знаходзяцца ў розных скарбніцах: “Партызанскую” з Траццякоўскай галерэі, “Партызанскую (Мінскую)” з Нацыянальнага мастацкага музея (на фота) і “Мадонну Біркенау” з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Расійскі бок падтрымаў ініцыятыву, і, магчыма, наступным летам, на 105-годдзе з дня нараджэння выбітнага майстра, мы ўбачым гэтыя палотны ўжывую, параўнаем іх, адчуем задавальненне і гонар.

Беларусь і Расія і на іншых нівах сферы культуры працягваюць умацоўваць адзіную прастору, напаўняючы яе новымі творчымі праектамі і гуманітарнымі сэнсамі.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА,
з Telegram-каналаў "Правительство Беларуси", Міністэрства культуры
і Нацыянальнай студыі "Беларусьфільм"

MAX TikTok