У Нацыянальнай бібліятэцы дэманструецца выстава “Маляваная душа”, прысвечаная спадчыне інсітнай мастачкі Алены Кіш.

У рамках праекта, падрыхтаванага сумесна з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Заслаўе” і Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці, можна пабачыць як “Дзеву на водах”, “Ліст да каханага” і “Рай” Алены Кіш, так і работы Язэпа Драздовіча, Міканора Зосіка, Генадзя Кузаўкова, Вілюся Скіпара, Фёдара Сухавілы, а таксама невядомых умельцаў.

Маляваныя дываны распаўсюдзіліся ў Беларусі яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, але найбольш папулярнымі сталі ў 1930—1950-я, асабліва пасля Вялікай Айчыннай вайны. Тады нашы пацярпелыя падчас акупацыі вёскі ад- наўляліся, а іх жыхары імкнуліся ўпрыгожыць інтэр’ер хат яскравымі дэталямі.
ВЕРНУТАЯ СПАДЧЫНА
Выстава прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Алены Кіш. Варта адзначыць, што ў літаратуры ўказваюць годам з’яўлення аўтаркі на свет 1896-ы або 1889-ы. Але нядаўна даследчыкі ўстанавілі дзякуючы пагаспадаркавым кнігам, якія зберагліся ў бацькоўскіх краях майстрыхі, сапраўдны год яе нараджэння.
Алена Кіш нарадзілася ў 1894-м на Случчыне, адукацыі не мела, зарабляла тым, што вандравала па навакольных вёсках і малявала дываны на заказ. У 1949-м трагічна загінула, патануўшы ў рацэ, і была пахавана ў Грозаве (Капыльскі раён). Імя мастачкі адкрыў шырокай грамадскасці графік Уладзімір Басалыга, які бачыў дываны аўтаркі з дзяцінства і здолеў сабраць з дзясятак асобнікаў у тых мясцінах, дзе жыла і тварыла Кіш.
Народжаны ў 1888 годзе ў Пуньках на Глыбоччыне Язэп Драздовіч скончыў Віленскую рысавальную школу, працаваў у розных жанрах, быў слынным этнографам, археолагам, педагогам і літаратарам. Яго ведалі ў колах тагачаснай беларускай інтэлігенцыі — але зарабляць Драздовічу даводзілася стварэннем для простых сялянскіх хат маляваных дываноў. Тым не менш мастак укладваў у іх усе свае талент і майстэрства.
Адным з паслядоўнікаў Язэпа Драздовіча стаў Фёдар Сухавіла, які з’явіўся на свет у Крывічах на Глыбоччыне ў 1917 годзе і ў дзяцінстве меў магчымасць назіраць за працай славутага земляка. Да смерці ў 1994-м Сухавіла паспеў стварыць звыш сотні маляваных дываноў і куфраў, велікодных яек і такарных, сталярных і бандарных вырабаў.

РАЎНАВАЦЦА І ЎЗБАГАЧАЦЬ
Другую частку экспазіцыі склалі здабыткі сучасных беларускіх мастакоў, натхнёныя Аленай Кіш ды іншымі майстрамі маляванкі. Выстава аб’ядноўвае больш за чатыры дзясяткі аўтараў, якія захоўваюць традыцыю і адаптуюць яе пад сённяшнія ўмовы, развіваюць і дораць новае гучанне. Вобразы птушак, ільвоў, райскага саду, возера, ліста пераасэнсоўваюцца. У межах праекта можна пазнаёміцца з работамі такіх творцаў, як Антон Борзды, Таццяна Гаранская, Вераніка Грынцэвіч, Сафія Казанцава, Ірына Князева, Надзея Макаранка, Віктар Маркавец, Валянціна Маркавец-Бартлава, Таццяна Мядзведзь, Вольга Пілецкая, Дар’я Пунтус, Лізавета Чырвонцава і іншыя.

Цяперашнія аўтары цытуюць сімволіку Алены Кіш і мастакоў яе пакалення, дадаючы сюжэтныя і вобразныя элементы, уласцівыя ХХІ стагоддзю, і зберагаючы традыцыю жанру. Разам з тым эстэтыку маляванак нашы сучаснікі даследуюць і ў творах жывапісу, афортах, літаграфіях, выцінанках, габеленах, якія можна пабачыць у экспазіцыі. Для гэтых работ таксама характэрныя наіўнасць, непасрэднасць ды інстынктыўнасць, адсылкі да фальклору і казачнасць сюжэтаў, каларыстычная насычанасць, арнаментальнасць.
Выстава працуе ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі да 31 жніўня.
Антон РУДАК. Фота аўтара