Адгучаў юбілейны, XXXV Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Чым форум здзівіў сёлета?

СТАРОНКІ МІНУЛАГА
Гісторыя свята пачалася напрыканцы 1980-х, калі яго правялі ў Віцебску, а потым — у Магілёве. У 1992-м фестываль прынялі Паставы. З тых часоў ён ладзіцца там штогод, паступова набыў міжнародны статус.

Брэндавая падзея грунтуецца на багатай мясцовай музычнай спадчыне. Менавіта Пастаўшчына — радзіма знакамітых груздаўскіх цымбалаў. Гэта ўнікальны самаробны музычны інструмент з плоскім драўляным корпусам і асаблівым гукарадам. У 2023-м пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь элементу “Традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва на дыятанічных цымбалах” быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У ВІРЫ СВЯТА
Сёлета мерапрыемствы разгарнуліся з 12 па 14 чэрвеня. Да іх далучыліся творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама госці з Расіі і Сербіі. Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры, Віцебскі абласны і Пастаўскі раённы выканаўчыя камітэты.

Значную частку імпрэз прысвяцілі Году беларускай жанчыны. У першы дзень фестывалю прайшла літаратурна-музычная вечарына “Паэтычнае слова на далонях жанчыны”, адкрыўся праект “Жанчына — крыніца натхнення”, у рамках якога дэманстраваліся работы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру.

Увогуле, для гасцей форуму падрыхтавалі багатую выставачную праграму.

У экспазіцыі, аформленай у будынку райвыканкама, прадставілі ўнікальныя цымбалы. Музычны інструмент быў створаны ў 1916-м майстрам Францам Ананічам з вёскі Ляхаўшчына. Таксама працавала арт-прастора “Зберагаючы вытокі свае”, прысвечаная 87-годдзю заснавання ансамбля “Груздаўскія дзяды”. Гэта легендарны калектыў, які не толькі выступаў, але і захоўваў унікальныя мясцовыя найгрышы, песні і танцы.

Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягнуў агляд-конкурс сельскіх падворкаў “Пастаўшчына — гасцінны край!”, што адбываўся на галоўнай плошчы горада. Вяскоўцы з усіх куткоў раёна прывезлі тэатралізаваныя праграмы, выконвалі народныя песні, прэзентавалі аўтэнтычныя прадметы побыту і кухню краю — тое, што перанялі ад продкаў.

Падчас прэс-канферэнцыі з членамі журы і аргкамітэта
Урачыстае адкрыццё форуму прайшло пад назвай “Фестываль яднае сяброў”. Са сцэны прагучаў прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава ўдзельнікам і гасцям свята, які зачытаў начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Дзмітрый Слесарчык. У пасланні адзначалася: народныя музыка і песні спрадвеку спадарожнічалі людзям, фарміравалі іх свядомасць, абуджалі найлепшыя пачуцці і выхоўвалі патрыятызм. Было падкрэслена, што фестываль мае свае традыцыі і адданую аўдыторыю, шчодра дорыць жыхарам і гасцям горада радасць сустрэчы з сапраўдным мастацтвам.
Вечар скончыўся музычна-тэатралізаваным паказам “Пастаўскі баль” і феерверкам.
ВЫЗНАЧЫЛІ НАЙЛЕПШЫХ
Цэнтральнай падзеяй усяго форуму і другога дня стаў конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах “Хто каго?”. Мерапрыемства праходзіла ў раённым Доме культуры. Музыканты спаборнічалі ў пяці намінацыях. Выступленні ацэньвала прафесійнае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Яўгена Гладкова, прафесара кафедры струнных народных інструментаў Акадэміі музыкі.
У намінацыі “Ансамбль” перамогу падзялілі артысты народнага ансамбля цымбалістаў “Гарэзлівыя перазвоны” Цэнтра культуры “Віцебск” і ансамбля народнай песні “Першацвет” Маскоўскага абласнога музычнага каледжа імя С. Пракоф’ева. Сярод аркестраў адзначаны народны аркестр “Ліра” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Дарэчы, саліст калектыву Аляксандр Яноўскі стаў найлепшым індывідуальным выканаўцам. У намінацыі “Дуэт, трыа” не было роўных Анастасіі і Аляксандру Вішняковым з ужо згаданага “Першацвета”.
Арганізатары не абмінулі ўвагай і зусім юных творцаў. Пераможцамі ў намінацыі “Настаўнік — вучань” прызналі Антона Зарэцкага з Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза і ўзорны ансамбль народных інструментаў “Золак” дзіцячай школы мастацтваў № 7 Гомеля.
ЗАКЛЮЧНЫ АКОРД
Апошні дзень таксама быў насычаны яскравымі падзеямі. У касцёле Святога Антонія Падуанскага, адной з галоўных славутасцей Паставаў, зладзілі канцэрт ансамбля цымбалістаў “Лілея” Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Акрамя таго, удзельнікі і госці фестывалю далучыліся да маштабнага тэатралізаванага шэсця — дружнай калонай прайшлі па цэнтральных вуліцах.
Свята працягнулася ў гарадскім парку. Тут адкрылі памятны знак “Паставы. Культурная сталіца Беларусі — 2026”. Яго аўтар — знакаміты скульптар Аляксандр Фінскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Яскравай кропкай праграмы стаў заключны гала-канцэрт. Свае выступленні прадставілі артысты ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, а таксама ансамбля танца, музыкі і песні “Талака”.

Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” чарговы раз аб’яднаў аматараў беларускай культуры, падарыў ім незабыўныя эмоцыі і шчырае захапленне.

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота аўтара, Уладзіміра ШЛАПАКА,
з Тэлеграм-каналаў “Новости в Поставах. ПК”, “Радыё Культура”