Абмяняцца набыткамі

ХІХ Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі краін СНД на мінулым тыдні сабраў у Бішкеку (Кыргызстан) больш за 200 дэлегатаў з дзевяці дзяржаў.

Ад Беларусі на мерапрыемства адправіліся прадстаўнікі навукі, адукацыі, тэатральнага мастацтва, СМІ, музеяў і бібліятэк.

 Сёлета форум прысвяцілі 35-годдзю Садружнасці і векавому юбілею Чынгіза Айтматава. Гэтыя дзве падзеі былі адлюстраваны на дыскусійных пляцоўках, у выставах, канцэртах.

На ўрачыстым адкрыцці прагучала прывітальнае слова Генеральнага сакратара СНД Сяргея Лебедзева. У пасланні падкрэслівалася значнасць правядзення форуму як унікальнай магчымасці абмену вопытам і наладжвання цесных сяброўскіх сувязей у сферах культуры, адукацыі і навукі. Удзельнікаў таксама віталі міністр культуры, інфармацыі, спорту і маладзёжнай палітыкі Кыргызстана Мірбек Мамбеталіеў, кіраўнікі дэлегацый. Ад беларусаў плённай працы калегам пажадала Кацярына Дулава, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

 

ВАЖНЫ СТАТУС

Следам за армянскім Мегры культурнай сталіцай Садружнасці будзе Маладзечна. Менавіта гэты горад вызначаны месцам правядзення асноўных творчых падзей СНД у 2027 годзе.  На пленарным пасяджэнні патэнцыял населенага пункта прэзентаваў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Павел Губко:

— Наш край — унікальны, з багатай гісторыяй і не менш багатай сучаснасцю. Сёння тут дзейнічаюць шматлікія аб’екты сферы. Гэта Палац культуры і амфітэатр, дзе штогод праходзяць канцэрты беларускіх і замежных артыстаў, раённыя Цэнтр культуры і Дом рамёстваў, драматычны тэатр і тэатр “Батлейка”, школы мастацтваў.

У каледжы імя М.К. Агінскага не толькі навучаюць музыцы, але і адраджаюць культурную спадчыну Беларусі. Ганарацца маладзечанцы скарбамі, якія захоўваюцца ў мясцовым музеі. На пачатку лета ў горадзе праходзіць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Сёлета ён ладзіўся ўжо 25-ы раз!

Наступны год для Маладзечна будзе значна больш насычаны культурнымі падзеямі: тут правядуць багата дзелавых і творчых сустрэч.

 

ДЭБЮТЫ І ЗОРКІ

Традыцыйна ў рамках форуму ўшанавалі выбітных прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі. Так, лаўрэатамі міждзяржаўнай прэміі “Зоркі Садружнасці” сталі 8 з 13 прэтэндэнтаў. Сярод іх — Аляксандр Міхалевіч, навуковы кіраўнік Інстытута энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Міжнародная прэмія “Садружнасць дэбютаў” прысуджаецца маладым людзям да 35 гадоў.

Сёлета было вылучана 11 намінантаў з васьмі краін. Узнагароду ўручылі і опернаму спеваку, салісту Вялікага тэатра Беларусі, студэнту Акадэміі музыкі Іосіфу Нікіценку.

— Надзвычай ганарова прадстаўляць Беларусь на такой значнай падзеі, — распавёў Іосіф. — Хачу падзякаваць усім, хто спрыяў майму станаўленню як спевака: педагогам, бацькам, настаўнікам, нашай дзяржаве.

 

ПРАПАНОВЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ

У другі дзень мерапрыемстваў былі арганізаваны дыскусійныя секцыі.

На пляцоўцы, прысвечанай 35-годдзю супрацоўніцтва ў навуцы і адукацыі ў рамках СНД, з дакладам аб творчым і навучальным вектарах узаемадзеяння з замежнымі ВНУ выступіла прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Нэлі Мацаберыдзэ.

Яна агучыла прапановы па далейшым развіцці адносін паміж краінамі, і Нэлі Вячаславаўну падтрымалі калегі з Арменіі, Казахстана, Узбекістана ды іншыя.

Цікавае і насычанае абмеркаванне разгарнулася на пляцоўцы ў гонар Чынгіза Айтматава. Пра яго сувязь з нашай зямлёй расказала вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Наталля Калядчык. Дарэчы, згодна са звесткамі ўстановы, кыргызскі пісьменнік вельмі трапятліва ставіўся да Беларусі.

— Падчас форуму мы дасягнулі папярэдняй дамоўленасці аб супрацоўніцтве з Домам-музеем Чынгіза Айтматава, — канстатавала Наталля Валер’еўна. — Ужо сёлета пачынаем рух у гэтым кірунку.

Пра штучны інтэлект і яго ўжыванне ў нашай сферы гаварылі на пляцоўцы “Лічбавыя тэхналогіі ў культурнай прасторы”. Прамоўцы — пераважна музейныя работнікі — з Масквы, Екацярынбурга, Астаны, іншых гарадоў прэзентавалі неабсяжныя магчымасці ШІ ў працы. Аднак усюды існуе адна і тая ж праблема падрыхтоўкі кадраў для стварэння і абслугоўвання сістэм.

Такім чынам, выступленне загадчыка кафедры інфармацыйных тэхналогій у культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяны Жылінскай аказалася вельмі дарэчы. Таццяна Сцяпанаўна распавяла, як у БДУКМ будуецца навучанне, куды размяркоўваюцца выпускнікі і наколькі яны запатрабаваны. Некаторыя маладыя ўдзельнікі, у прыватнасці з Казахстана, выказалі жаданне атрымаць адукацыю ў нашай ВНУ.

На падвядзенні вынікаў усе тры выступленні беларускіх спікераў былі адзначаны, а прапановы — уключаны ў фінальную рэзалюцыю.

 

МУЗЫ­КА БЕЗ МЕЖ

Сапраўдным падарункам удзельнікам і гасцям форуму стаў канцэрт Маладзёжнага сімфанічнага аркестра СНД, які быў створаны яшчэ ў 2007-м.

За гэты час з калектывам папрацавалі вядомыя дырыжоры з Таджыкістана, Казахстана, Расіі, іншых краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. З 2019 года мастацкі кіраўнік аркестра — народны артыст Расіі Сяргей Скрыпка. Акрамя яго, у Бішкеку да дырыжорскага пульта выйшлі Яўген Навуменка (Расія), Расул Клычаў (Туркменістан), Урмат Тэнтымішаў (Кыргызстан).

Кыргызскія музыканты ўразілі ігрой на нацыянальных інструментах — камузах. А мясцовыя тэатральныя дзеячы прэзентавалі этнамюзікл “Раймалы і Бегімай”, пастаўлены па творы Чынгіза Айтматава.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара

MAX TikTok