Справа ўсяго жыцця

Дырэктар Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў Алег Шчэрбаў нядаўна быў ушанаваны медалём Францыска Скарыны. Пра сакрэты кіравання творчай установай Алег Аляксандравіч распавёў “Культуры”.

 

ШЛЯХАМ МАСТАЦТВА

Наш суразмовец нарадзіўся ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна ў звычайнай рабочай сям’і. Сваё знаёмства з музыкай запомніў на ўсё жыццё.

— Каля нас па суседстве жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які часта іграў на гармоніку, — прыгадвае Алег Шчэрбаў. — Маленькім хлопчыкам я спяваў пад акампанемент гэтага чалавека. А неўзабаве стаў вучнем музычнай школы ў Оршы. Настаўнікі хутка заўважылі мае прыродныя схільнасці і параілі выбраць творчую кар’еру. Так і атрымалася: я паступіў у музычнае вучылішча ў Магілёў. Пасля пераехаў у Салігорск, дзе ўладкаваўся ў мясцовую школу мастацтваў.

Алег Аляксандравіч не губляў сувязі з культурай нават падчас службы ў арміі. Ён далучыўся да ваеннага духавога аркестра, удзельнічаў у гуртку самадзейнасці.

— Чарговым этапам кар’еры стала праца ў Салігорскім педагагічным вучылішчы — тады ва ўстанове з’явілася музычнае аддзяленне, — адзначае наш герой. — Менавіта там я прайшоў шлях ад настаўніка да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, атрымаў досвед кіравання, які істотна дапамог мне ў будучыні. У гэты ж час скончыў музычна-педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе ўдасканаліў свае навыкі.

 

ПРАФЕСІЯНАЛІЗМ

У 2004 годзе Алег Шчэрбаў узначаліў Салігорскую дзіцячую школу мастацтваў. Пад яго кіраўніцтвам яна ператварылася ў адну з самых паспяховых у краіне. Вучні займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзейнічаюць 24 калектывы, восем з якіх маюць званні “ўзорны”, “народны”. Падрыхтоўка праводзіцца на сямі аддзяленнях.

— Да майго прыходу школа была забяспечана значнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, — расказвае Алег Аляксандравіч. — Так, дзякуючы намаганням папярэдняй адміністрацыі ўстанова пераехала ў новы будынак з адрамантаванымі класамі, адкрылася канцэртная зала з гукавым абсталяваннем і святлатэхнікай. Таму спачатку маёй задачай было арганізаваць творчыя калектывы, а таксама акрэсліць глабальную стратэгію развіцця.

Будні дырэктара ДШМ насычаны разнапланавай працай. Ён у курсе ўсіх аспектаў вучэбнай дзейнасці: прысутнічае на ўроках і экзаменах, камунікуе з настаўнікамі, дзецьмі і бацькамі. Гэта дазваляе лепш разумець унутраныя працэсы, аператыўна рэагаваць на пытанні.

— Вядома, што адзін у полі не воін, — гаворыць наш герой. — Таму галоўная задача кіраўніка — сабраць каманду прафесіяналаў. Нароўні з гэтым важна, каб педагогі, сапраўдныя таленты з вялікім вопытам, бачылі ў дырэктару лідара. З першага дня працы на пасадзе я пацвярджаў сваю кампетэнтнасць: кіраваў, рыхтаваў вучняў да конкурсаў. У той жа час трэба пачуць кожнага, даць магчымасць здольным людзям рэалізаваць патэнцыял. Такі падыход паспрыяў з’яўленню ў школе культурных праектаў, вядомых ва ўсёй краіне.

 

ВОКНЫ Ў СВЕТ

Сапраўды, з ініцыятывы ўстановы праводзіцца шмат маштабных творчых спаборніцтваў. Сярод іх — міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі Jazz Time, фестываль тэатральнага мастацтва “Вектар-Т”, абласны конкурс “ХАРЭАГРАФіЯ”.

— Мяжа стагоддзяў была адзначана дэфіцытам дзіцячых конкурсаў, асабліва эстрадна-джазавага напрамку, — успамінае дырэктар. — Таму наша школа ініцыявала падобныя мерапрыемствы. Пры гэтым мы не баяліся эксперыментаў. Напрыклад, вырашылі ладзіць конкурсныя праслухоўванні ў канцэртнай зале, на вялікай сцэне — каб удзельнікі і публіка маглі бачыць усе выступленні, назіраць за працай журы. Таксама робім анлайн-трансляцыі, да якіх можа далучыцца кожны.

 

ДЗЕЛЯ БУДУЧЫНІ

Не сакрэт, што навучанне ў школе мастацтваў — істотны этап станаўлення прафесійных музыкантаў, харэографаў, танцоўшчыкаў… Але, натуральна, не ўсе выпускнікі звязваюць жыццё з творчасцю. Таму галоўная задача ўстановы — выхаваць у дзецях навыкі, якія дапамогуць ім вырасці гарманічна развітымі, рэалізаваць сябе.

— Наша школа забяспечвае хлопчыкам і дзяўчынкам дадатковую эстэтычную адукацыю,— тлумачыць суразмовец. — Яны вучацца разумець і цаніць прыгажосць свету. Мы гадуем людзей з шырокім кругаглядам і амбіцыйнымі мэтамі, ад якіх залежыць будучыня нашай роднай зямлі.

 

ПРЫЗНАННЕ

Паспяховую працу Алега Шчэрбава заўважылі на самым высокім узроўні. Медаль Францыска Скарыны дырэктар Салігорскай ДШМ атрымаў з рук Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

— Шчыра кажучы, я вельмі хваляваўся, — дзеліцца эмоцыямі Алег Аляксандравіч. — Такі гонар — гэта не толькі прызнанне заслуг, але і вялікая адказнасць. Пасля цырымоніі я пачаў прад’яўляць больш строгія патрабаванні да сябе. Таму ўзнагароджанне стала імпульсам для дасягнення новых вынікаў.

Сфера зацікаўленняў нашага героя не абмяжоўваецца роднай установай. Ён актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці краіны як дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, быў дэлегатам VII Усебеларускага народнага сходу.

— Я імкнуся прыносіць карысць не толькі сям’і і школе, але і ўсяму грамадству, — кажа Алег Шчэрбаў. — Лічу, што варта паляпшаць свет вакол сябе. Ведаеце, кожны чалавек, які ідзе да поспеху ў сваёй справе, — бы вясляр, што кіруецца супраць плыні. Калі кінуць вёслы — рака аднясе назад. Разуменне гэтага надае мне сілы рухацца наперад.

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з архіваў героя і ўстановы

MAX TikTok