З любоўю і натхненнем

Фінальны дзень XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” быў упрыгожаны вялікім сольным канцэртам Яраслава Сумішэўскага. Папулярны спявак і прадзюсар падзяліўся ўражаннямі ад форуму, распавёў пра крыніцы натхнення, планы і мары.

 

— Яраслаў, на “Славянскім базары” вы не ў першы раз. Чаму выступленні ў Віцебску лічыце асаблівымі?

— Таму што фестываль ведаю з дзяцінства. Заўсёды хацеў паўдзельнічаць і аднойчы выйсці на яго сцэну. Можна сказаць, гэта была мая дзіцячая мара. І цяпер, калі яна здзейснілася, з велізарным задавальненнем прыязджаю сюды зноў і зноў.

— Як сёлета вас сустрэла “васільковая сталіца” і чым прываблівае наша краіна?

— Вельмі падабаецца Беларусь. Здаецца, менавіта тут мяне сустракаюць ярчэй і цяплей, чым недзе яшчэ. Часам нават узнікае ўражанне, што я тут — сусветная суперзорка. Не ведаю, з чым гэта звязана. Мабыць, з тым, што я напалову беларус, а публіка тое адчувае.

— А якімі вам падаюцца нашы гледачы?

— Ёсць адчуванне, што яны вельмі адкрытыя і шчырыя. На выступленні ў Мінску амаль уся зала танцавала і спявала разам са мной. А калі казаць пра “Славянскі базар”, то фестывальная публіка заўсёды надзвычай захапляе. Канцэрты заканчваюцца глыбокай ноччу, але ніхто не сыходзіць, людзі працягваюць уважліва слухаць і актыўна рэагаваць. Для мяне гэта дзіўна. Думаю, сюды з’язджаюцца самыя адданыя — і сваім артыстам, і самому форуму — прыхільнікі. Для многіх гэта ўжо добрая шматгадовая традыцыя.

— Яраслаў, вы ладзіце сотні канцэртаў у год, удзельнічаеце ў тэлевізійных шоу. Што дапамагае захоўваць энергію, каб працаваць у такім напружаным тэмпе?

— Вядома, любоў маіх слухачоў. Бывае, перад выхадам на сцэну здаецца: сіл ужо зусім няма. Але як толькі чуеш апладысменты, бачыш усмешкі людзей, іх эмоцыі, адразу з’яўляецца запал. Менавіта любоў публікі дапамагае імкнуцца далей і працаваць з поўнай аддачай.

— Хутка ў вас новы рэліз пад сімвалічнай назвай “Не здавайся”. Раскажыце пра яго.

— Я наогул люблю спрабаваць нешта новае, розныя жанры. Мяркую, гэтая работа стане адным з такіх выпадкаў, бо раней нічога падобнага не выконваў. Мы працавалі над песняй разам з таленавітым аранжыроўшчыкам. Але самае галоўнае — кампазіцыя вельмі сугучная мне сённяшняму. Фраза “не здавайся” — амаль што мой жыццёвы дэвіз. Не здавайся, рухайся наперад, падымайся вышэй. Усё абавязкова будзе добра.

— Будзе! Яшчэ запланаваны ваш сольны канцэрт у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы — ужо не адзіны ў кар’еры. Выступленне павінна прайсці налета ў сакавіку. Якія пачуцці выклікае такі поспех?

— Шчыра кажучы, не верыцца, што атрымалася гэтага дабіцца. Першы сольны канцэрт у Крамлі здарыўся яшчэ ў 2019-м, але кожны раз, калі завітваю туды — не толькі на свае канцэрты, але і на зборныя праграмы, — думаю: няўжо гэта сапраўды адбываецца са мной? Для мяне велізарнае шчасце — разумець, што на галоўную канцэртную пляцоўку Расіі людзі прыходзяць менавіта на мае сольныя канцэрты. І заўсёды — поўная зала. Я вельмі шчаслівы.

— Сярод нашых чытачоў багата маладых выканаўцаў і тых, хто марыць аб вялікай сцэне. Якую параду маглі б даць пачаткоўцам?

— Не здавацца. Калі вы любіце сваю справу, калі з дзяцінства жадаеце стаць артыстам, трэба рухацца наперад, нягледзячы ні на што. Я таксама ўсведамляў, што можа нічога не атрымацца. Але ніколі не саступаў. Мой сапраўдны поспех прыйшоў толькі пасля 30 гадоў, калі з’явіліся першыя вялікія канцэрты. Таму не варта апускаць рукі. Трэба спрабаваць усё магчымае, каб аднойчы дабіцца мэты.

— Падзяліцеся сакрэтам: што матывуе вас на творчасць, на новыя здзяйсненні?

— Мяне натхняе жаночая энергія. Радасныя твары гледачоў, іх апладысменты. Вельмі захапляе адчуванне, што сваёй творчасцю я магу зрабіць чалавека хоць крыху больш шчаслівым. Напэўна, менавіта гэта і дае мне сілы крочыць далей.

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з архіва героя

MAX TikTok