Народная артыстка Беларусі і славутая стваральніца Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” Валянціна Гаявая сустракае цудоўную дату — 90-гадовы юбілей. Што стаіць за бліскучымі дасягненнямі і поспехамі вядомага балетмайстра? Адказы — у словах тых, хто доўгія гады дзяліў працоўныя будні з легендарнай творцай.

ЖЫЦЦЁВЫ ПАВАРОТ
Валянціна Іванаўна з’явілася на свет 22 ліпеня 1936 года ў расійскім пасёлку Данілаўка. У 1965-м скончыла Вышэйшую прафсаюзную школу Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў у Ленінградзе — і яе адразу запрасілі ў знакаміты хор імя Пятніцкага. Але лёс унёс свае карэктывы — і будучы славуты харэограф апынулася ў Беларусі.
З 1967-га яна ўзначальвала дзіцячую харэаграфічную студыю Дома культуры завода імя Кірава ў Магілёве, у 1973-м стала галоўным балетмайстрам Белдзяржфілармоніі.
Вырашальны жыццёвы паварот здарыўся праз год: Валянціне Іванаўне даверылі стварэнне новага калектыву пры філармоніі. Так на беларускай сцэне з’явіліся легендарныя “Харошкі”.
З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Больш за паўстагоддзя была неразлучная Валянціна Іванаўна з любімым ансамблем. Пад яе кіраўніцтвам ён атрымаў трыумфальны поспех і на роднай зямлі, і за тысячы кіламетраў ад нашай краіны. Уразіў нават тых, хто да канцэрта “Харошак” нічога і ніколі не чуў пра беларускія народныя танцы.
Сёння ў залаты фонд калектыву ўваходзяць больш за 80 харэаграфічных пастановак Валянціны Гаявой разнастайнай тэматыкі — ад лірычных і далікатных да дынамічных, вясёлых, часам гратэскавых, напоўненых народным гумарам. Прызнаны балетмайстар стварыла мноства ўнікальных тэатралізаваных праграм, вытканых з беларускіх абрадаў, песень і рытмаў: “Добры вечар, госці!”, “Тураўская легенда”, “Па старонках «Полацкага сшытка»”, “Бывай, ХХ стагоддзе!”, “Беларусы”, “Памяць сэрца” і многія іншыя. Крыніцай натхнення паслужылі этнаграфічныя паездкі. Валянціна Іванаўна адпраўлялася ў самыя аддаленыя куткі краіны, дзе з першакрыніцы пераймала танцы і мелодыі, углядалася ў пластыку выканаўцаў, іх манеру трымацца, характар рухаў і асаблівасці адзення, а потым дакладна ажыўляла ўсе дэталі ў рэпетыцыйных залах.
Паралельна мастацкі кіраўнік уваскрашала старадаўнія музычныя інструменты, што калісьці гучалі на нашай зямлі. Каб займець некаторыя асабліва рарытэтныя экзэмпляры, нават накіроўвалася за мяжу — да захавальнікаў рэдкіх рамёстваў.

НІБЫТА КІНАЗОРКА
Да падбору выканаўцаў таленавіты балетмайстар таксама падыходзіла з вялікай адказнасцю і скрупулёзнасцю. Слава калектыву прыцягвала шмат маладых і амбіцыйных артыстаў, але трапіць у яго шэрагі ўдавалася далёка не кожнаму. І строгі падыход апраўдаў сябе ў поўнай меры: ансамбль стаў сапраўдным айчынным брэндам, а прызнання і народнай любові дабіліся многія яго прадстаўнікі.
Сярод тых, каму пашчасціла прыйсці ў трупу яшчэ на золку яе стварэння, — Фёдар Балабайка, які з часам атрымаў ганаровае званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.
— Знаёмства з Валянцінай Іванаўнай здарылася больш за паўстагоддзя таму, калі разам з сям’ёй яна пераехала ў Магілёў, — успамінае Фёдар Якаўлевіч. — Я вучыўся тады ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы металістаў №14. Пры заводзе імя С.М. Кірава быў Дом культуры, і я запісаўся ў танцавальны калектыў “Вяснянка”. Праз некалькі гадоў пачаўся набор у “Харошкі”. Прыёмная камісія сумнявалася — браць ці не, але Валянціна Іванаўна заступілася за мяне. І вось з 1974-га жыву калектывам! Усё дзякуючы таму, што яна калісьці паверыла ў мае здольнасці.
На пачатку творчай кар’еры ў ансамблі аказаўся і будучы заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Прыходзька.
— Першы раз убачыў Валянціну Іванаўну на канцэрце ў 1980-х. Толькі паступіў у інстытут тады. Фальклорная праграма была вельмі магутная — “Харошкі”, як звычайна, усю душу ўклалі ў выступленне, — расказаў артыст. — У фінале, калі ўся зала стаяла, аб’явілі мастацкага кіраўніка. На сцэну выйшла жанчына ў доўгай-доўгай сукенцы, з букетам кветак — выглядала як кіназорка, прыгожая і элегантная! Я думаў: як ёй удаецца дабівацца такіх вялікіх вынікаў? Загадка. А калі прыйшоў у ансамбль, усё адразу зразумеў: Валянціна Іванаўна — неверагодна валявы, мэтанакіраваны, моцны і цікавы чалавек з цудоўным пачуццём прыгожага!
У “Харошкі”, дарэчы, артыст патрапіў спантанна. Прыйшоў, як прызнаецца, “з нейкай дзіцячай наіўнасцю і верай у вачах”.
— На канцэрце самадзейнага калектыву “Белая Русь” апынуўся побач з рэпетытарам “Харошак” — Тамарай Пятроўнай Гардзей. Яна сказала тады: “Валянціна Іванаўна, магчыма, узяла б вас у ансамбль”. У той час я працаваў намеснікам дырэктара ў рэкламным агенцтве, але, як толькі пачуў, што ёсць шанц патрапіць у знакаміты калектыў, на наступны ж дзень вырашыў звальняцца… — успамінае Васіль Прыходзька. — Не ведаю, што мной рухала… Мы яшчэ нават асабіста не былі знаёмыя! Калі твар у твар сустрэліся, спытала: “Ну што? Пораху хопіць?” Адказаў упэўнена: “Хопіць!” І не схлусіў: больш за 30 гадоў працаваў артыстам балета.
БЕЗУМОЎНЫ АЎТАРЫТЭТ
Васіль Прыходзька і Фёдар Балабайка не адзіныя, хто заставаліся вернымі “Харошкам” на працягу ўсяго творчага шляху. Падобных лёсаў у ансамблі набярэцца не адзін дзясятак. І якімі б ні былі прыватныя прычыны гэтага феномену, ключавы фактар тут — лідарскі дар Валянціны Іванаўны, які так па-майстэрску гуртаваў і вёў да высокіх вынікаў.

На пытанне аб тым, якім кіраўніком яна была, выканаўцы аднадушна адказваюць: патрабавальным і справядлівым.
— Чалавек геніяльных здольнасцей! Яна без перабольшання стварыла свой унікальны свет танцаў. І вялікае шчасце, што мне ўдалося паўдзельнічаць у гэтым працэсе! — распавёў артыст камерна-інструментальнага і вакальнага ансамбля вышэйшай катэгорыі, дырыжор і аранжыроўшчык Уладзімір Гінько. — У нас была поўная гармонія ў творчасці. Яна прыдумляла сюжэты, рухі, а я рабіў музыку. Часта пераварочвала яе з ног на галаву — цалкам перакройвала і без ваганняў прыбірала цэлыя кавалкі. Але мяне гэта ніколі не крыўдзіла! У яе неверагоднае прыроджанае пачуццё музычнай формы. І калі Валянціна Іванаўна бралася за нешта, то рабіла на стагоддзі. Заўсёды чакала ад выканаўцаў поўнай самааддачы, і сябе таксама ніколі не шкадавала.
Артысты ўспамінаюць, што слова мастацкага кіраўніка заўжды было законам.
— Безумоўны аўтарытэт для ўсіх! Усё жыццё працую ў калектыве, і ні разу за ўвесь гэты час бачанне і рашэнні Валянціны Іванаўны не падвяргаліся сумневам ні пачаткоўцамі, ні прафесіяналамі. Прычым гэта не ад яе зыходзіла, маўляў, я галоўная, таму абавязаны мяне паважаць. Так склалася натуральна дзякуючы яе характару і сіле волі. Дзякуючы таму, як заўсёды хварэла сэрцам за нашыя “Харошкі”, — распавяла дырыжор Ульяна Гаўрылава. — Толькі каля дзесяці працэнтаў музыкі, якую прапаноўвалі, выкарыстоўвалася ў пастаноўках. Яна адразу бачыла, што і як увасобіць на сцэне, хто будзе выконваць кампазіцыю… Астатняе — у стол. На матэрыялах, якія і цяпер у нас захоўваюцца, можна яшчэ дзясяткі калектываў заснаваць. Валянціна Гаявая вельмі сур’ёзна падыходзіла да выбару рэпертуару, і ўсе гэта цанілі.
КАЛЯ 150 КАНЦЭРТАЎ
За час свайго існавання калектыў аб’ехаў ледзьве не ўвесь свет. Валянціна Іванаўна і яе “Харошкі” заўсёды імкнуліся праслаўляць народную спадчыну не толькі дома, але і далёка за межамі краіны.
— У Савецкім Саюзе было шмат паездак па рэспубліках, гастроляў па Беларусі. У год у сярэднім давалі 120—150 канцэртаў, — згадвае Фёдар Балабайка. — Пабывалі ў Афганістане, Арменіі, Даніі, Грузіі, Іардане, Казахстане, Сірыі, Польшчы, Фінляндыі, Японіі… У Сібір і Далёкі Усход на паўтара месяца ездзілі. Потым перапынак на год — і зноў там нас чакаюць. Было вельмі насычана і цікава! З такім натхненнем нас сустракалі…
Без пацешных здарэнняў за доўгія гады працы, зразумела, не абыходзілася — цяпер артысты ўспамінаюць іх з асаблівай цеплынёй.
— Калісьці ў мяне былі вельмі доўгія валасы, а для Валянціны Іванаўны гэта эталон прыгажосці, — распавяла Ульяна Гаўрылава. — Памятаю, на гастролях у Італіі яна ўвесь час казала: “Ульяна, не хавай касу. Адпусці касу”. І калі фатаграфаваліся, з такім гонарам яе ўсім паказвала… А потым я абрэзала валасы, калі нарадзіла дзіця, і Валянціна Іванаўна прама знервавалася! Паўтарала: “Ты адна такая была! Адна! А цяпер што?” Дагэтуль не магу без усмешкі ўспамінаць!

НАШ СІМВАЛ
На адпачынак легендарнага кіраўніка “Харошак” праводзілі ў 2024 годзе. Калектыў узначаліла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Грушова.
— Колькі сябе памятаю, Валянціна Іванаўна заўсёды казала мне падчас рэпетыцый: “Іра, глядзі ўважліва, усё запамінай! Можа, менавіта ты будзеш наступным мастацкім кіраўніком!” — расказала Ірына Грушова. — Ды мне і самой заўсёды было цікава, калі Валянціна Іванаўна займалася пастановачнай працай. Увесь час думала: як жа з чыстага аркуша з’яўляецца такая прыгажосць? Вельмі хацелася зразумець ход яе думак, як прыходзяць усе гэтыя ідэі…
Кіраваць такім праслаўленым калектывам, як прызнаецца Ірына Грушова, задача няпростая нават для таго, хто вырас разам з “Харошкамі”.
— Мяне плаўна рыхтавалі да высокай пасады, але сэрца ўсё роўна сціснулася, калі адбылося прызначэнне… Вельмі вялікую адказнасць адчула — і ў першую чаргу перад Валянцінай Іванаўнай, — распавяла Ірына Анатольеўна. — Трэба было захаваць тое, што стваралася дзесяцігоддзямі. Захаваць калектыў, у якім ёсць душа, дзе злучылася столькі важных сэнсаў і сімвалаў нашага народа… Танец дзеля танца — гэта ж нікому не цікава. Паказваць сэрца беларуса, трапяткое, часам сумнае і нават трагічнае, а разам з тым і такое вясёлае, — вось што сапраўды важна.
Душой Валянціна Гаявая, вядома ж, засталася з любімым калектывам неразлучнай.
— Пасля майго прызначэння Валянціна Іванаўна адразу сказала: “Не бойся, я з табой. Калі будуць цяжкасці, заўсёды звяртайся. Разам усе пытанні вырашым”. Мы і цяпер увесь час на сувязі. Тэлефануе, просіць расказаць, як справы ў дарагіх “Харошак”, — адзначае мастацкі кіраўнік. — Вядома, немагчыма адхіліцца ад свайго дзецішча. Разам з калектывам яна прайшла і агонь, і ваду, і медныя трубы. Пераадолела столькі цяжкасцяў — і засталася вернай сабе. Не страціла сваёй непаўторнай душэўнай жывасці, чалавечнасці і ўнутранай сапраўднасці. Валянціна Іванаўна — наш сімвал, наша сэрца. Мы бясконца ўдзячныя за ўсё, што яна зрабіла для “Харошак” і кожнага з нас!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва калектыву