Узорны ансамбль “Вашчылкі” дзіцячай школы мастацтваў Крычава больш за 35 гадоў адкрывае юным артыстам свет беларускага фальклору. Праз творчасць, сцэну, жывое знаёмства з традыцыяй хлопцы і дзяўчаты пазнаюць сябе, свае карані і самі вучацца несці культуру.

ВЫХОЎВАЦЬ ЛЮБОЎ
Гісторыя “Вашчылак” пачалася ў 1989-м. Ужо праз чатыры гады калектыву надалі ганаровае званне “ўзорны”. Назва ў ансамбля невыпадковая. Яна адсылае да асобы Васіля Вашчылы — кіраўніка антыфеадальнага паўстання сялян Крычаўскага стараства ў XVIII стагоддзі. Для выканаўцаў гэта не проста гістарычная постаць, а сімвал адданасці роднай зямлі, культурнай спадчыне.
Сёння ў калектыве займаецца 21 вучань ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Рэпертуар складаюць беларускія аўтэнтычныя песні, якія ажываюць у гульні, карагодах, харэаграфічных, тэатралізаваных элементах. Сапраўднай візітоўкай стаў знакаміты твор “Тры-чатыры валы” — з ім юныя артысты два гады запар, у 2024 і 2025-м, выходзілі на сцэну тэлеперадачы “Поле цудаў”.
— Спевы ў народнай манеры вельмі арганічныя для дзяцей, адпавядаюць прыродзе іх голасу, дапамагаюць развіваць вакальныя здольнасці, густ. Але самае галоўнае — выхоўваюць любоў да народнага мастацтва, — адзначае кіраўнік ансамбля Святлана Лямаева.

ТВОРЧЫ ІМПУЛЬС
Святлана Мікалаеўна ўзначаліла аб’яднанне ў 2006-м. За плячыма ў яе — Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава і амаль 30 гадоў педагагічнай працы ў роднай Крычаўскай школе мастацтваў. Пра сваю справу суразмоўца расказвае з асаблівай цеплынёй.
— Вельмі люблю тое, чым займаюся. Мая цяга да музыкі — з сям’і: бабуля іграла на акардэоне, мама спявае. А па-сапраўднаму адчуць прыгажосць народнай песні мне дапамаглі выдатныя педагогі Магілёўскага музычнага вучылішча, — успамінае наша гераіня.
Імпульс для творчасці настаўнік знаходзіць у вучнях.
— Дзеці мяне і натхняюць. Нядаўна напісала мелодыю на верш “Народная вясна” — і ўжо паспелі выканаць гэтую кампазіцыю на форуме, прысвечаным беларускім традыцыям.
За гады працы Святлана Лямаева падрыхтавала 12 выпускнікоў, якія працягнулі адукацыю ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах нашай сферы.
— Прыемна бачыць, як выхаванцы звязваюць жыццё з музыкай. Ідуць у каледж, потым ва ўніверсітэт, выступаюць у вядомых калектывах краіны. Калі назіраеш за іх поспехамі, адчуваеш сапраўдны гонар, — прызнаецца настаўніца.

З РАДАСЦЮ І ЗАХАПЛЕННЕМ
Ансамбль — актыўны ўдзельнік школьных, гарадскіх і раённых свят, а таксама буйных конкурсаў ды фестываляў. У скарбонцы “Вашчылак” — дзясяткі ўзнагарод: перамогі ў рэгіянальных конкурсах “Дняпроўскія звончыкі”, “Толькі.BY”, “Славянскі карагод”, у рэспубліканскім — “Хрустальны голас”, у міжнародным фестывалі “Залатая пчолка” ды іншых. Асобны радок у спісе — рэспубліканскі радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, дзе ў 2024-м калектыў заваяваў дыплом трэцяй ступені, а ў 2025-м — першай. Дзякуючы гэтай перамозе аб’яднанне можа разлічваць на ўзнагароду спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Дзеці вельмі любяць падарожнічаць. Калі прапаноўваю паехаць на конкурс, фестываль ці тэлепраграму, заўсёды бачу толькі радасць і захапленне. Для выхаванцаў гэта магчымасць не проста выступіць, але і адкрыць для сябе новыя мясціны, сустрэць сяброў, здабыць яркія ўражанні, — гаворыць Святлана Лямаева.

САКРЭТ ДАВЕРУ
Народная песня ў “Вашчылках” не канкурыруе з гаджэтамі — яна натуральна ўплятаецца ў жыццё кожнага выканаўцы.
— На заняткі хлопцы і дзяўчаты ідуць з задавальненнем. Ніколі не даводзіцца прымушаць іх адкласці тэлефоны або настойваць на працы. Дысцыпліну прывіваем з самага пачатку навучання, таму рэпетыцыі для дзяцей — нешта вельмі важнае і любімае, — тлумачыць педагог.
Магчыма, сакрэт у тым, што за гады існавання ансамбль стаў прасторай, дзе вучацца сябраваць, падтрымліваць адно аднаго, дзе адчуваюць сябе часткай вялікай супольнасці.
— Мы ўжо як сям’я. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых, дапамагаюць ва ўсім, а тыя вучацца адказнасці, дысцыпліне. Дзяўчынкі разам рыхтуюцца, робяць прычоскі... Часта бывае так: спачатку да нас прыходзіць першая сястра, потым — другая, пасля — трэцяя. Ёсць выпадкі, калі ў калектыве адразу займаюцца двое дзяцей з адной сям’і. Гэта сведчыць пра давер, — расказвае Святлана Мікалаеўна.
У планах “Вашчылак” — новыя конкурсы, фестывалі, сольныя выступленні, творчыя вяршыні. І пакуль юныя артысты выконваюць народныя песні, пакуль старэйшыя перадаюць вопыт малодшым, а выпускнікі прыводзяць у ансамбль братоў і сясцёр, традыцыя працягвае жыць.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву