На гэтым тыдні Беларусь прымала Дні культуры Рэспублікі Узбекістан. Мінчане і госці сталіцы мелі ўнікальную магчымасць дакрануцца да багатай культурнай спадчыны, пазнаёміцца з кінематографа.

На пачатку маштабнай праграмы адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава з міністрам культуры Рэспублікі Узбекістан Аздабекам Назарбекавым. У мерапрыемстве прынялі ўдзел работнікі абодвух ведамстваў. Кіраўнікі абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры.
— Паміж нашымі рэспублікамі і лідарамі склаліся выдатныя адносіны. І міністэрствы культуры абедзвюх дзяржаў павінны падтрымліваць цесную сувязь, — адзначыў Марат Маркаў. — Менавіта поўнае ўзаемаразуменне дазваляе вырашаць многія пытанні вельмі хутка і якасна.
Міністр культуры Узбекістана Аздабек Назарбекаў падкрэсліў, што паміж ведамствамі існуе актыўнае ўзаемадзеянне, і зрабіў акцэнт на развіцці міжрэгіянальнага культурнага супрацоўніцтва.

Было адзначана, што ў аснове культурнага дыялогу дзвюх краін ляжаць агульная гістарычная памяць і духоўныя каштоўнасці, узаемная павага і імкненне ўмацаваць сяброўства праз мастацтва і творчасць.
Ключавой падзеяй тыдня стала падпісанне Праграмы супрацоўніцтва у сферы культуры і мастацтва на 2026—2028 гады. Дакумент адкрые новыя магчымасці для рэалізацыі маштабных сумесных ініцыятыў.

Сярод іншага госці наведалі Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава. Ва ўстанове адукацыі яны азнаёміліся з выставай студэнцкіх работ, карціннай галерэяй і бібліятэчным фондам, прайшлі па вучэбных кабінетах і майстэрнях.

У цэнтры ўвагі былі сучасныя падыходы да мастацкай адукацыі. Супрацоўнікі каледжа расказалі аб арганізацыі навучальнага працэсу і паказалі, як новыя тэхналогіі дапамагаюць раскрываць творчы патэнцыял навучэнцаў.
Міністр культуры Рэспублікі Узбекістан пратэставаў VR-праект, прысвечаны творчасці Марка Шагала і рэалізаваны выхаванцамі ўстановы, высока ацаніў інавацыйны фармат знаёмства з мастацкай спадчынай Беларусі.

У ліку першых мерапрыемстваў Дзён культуры Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь былі пазначаны Дні ўзбекскага кіно, якія праходзілі ў кінатэатры “Перамога”. Фільмам-адкрыццём стала псіхалагічная драма “Сын”.

У стужцы тэма духоўнай адказнасці чалавека раскрывалася праз кантраст сельскага і гарадскога жыцця, міжасобасныя адносіны. Карціна, што прымушае задумацца аб духоўна-маральных каштоўнасцях сям’і, знайшла водгук у беларускага гледача.

Таксама былі паказаны камедыйны фільм “Вячэрняя кветка” і кароткаметражны “Юсуф, дзіця сонца”.

Цырымонія адкрыцця Дзён культуры Узбекістана прайшла на сцэне Палаца Рэспублікі. Урачыстасць была аздоблена яскравым гала-канцэртам майстроў мастацтваў сяброўскай краіны — публіка сустракала кожны нумар з захапленнем.

Цікавасць таксама выклікала фотавыстава, разгорнутая ў фае Палаца.

Служба інфармацыі “К”