«Над горадам» прыляціць дадому

Шэдэўр Марка Шагала ўпершыню пакідае сцены Траццякоўскай галерэі дзеля двухмесячнай выставы ў Віцебску.

 

У дзень адкрыцця XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», 16 ліпеня, адбудзецца падзея, якой музейшчыкі, мастацтвазнаўцы і прыхільнікі творчасці Марка Шагала чакалі многія гады. Легендарнае палатно «Над горадам» наведае Беларусь.

На працягу двух месяцаў знакамітыя Марк і Бэла будуць лунаць над Віцебскам — горадам, дзе нарадзілася адна з самых вядомых карцін сусветнага мастацтва.

Гэтыя доўгачаканыя «гастролі» сталі магчымыя дзякуючы перамовам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, а таксама вялізнай падрыхтоўчай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Яго дырэктар Таццяна Старынская прызнаецца, што ідэя прывезці шэдэўр узнікла тры гады таму — пасля наведвання Траццякоўкі:

— Пачула, нехта сказаў, маўляў, на карціне Віцебск — казачны, мульцяшны. І падумала: а кожны віцяблянін адразу пазнае свой горад! Менавіта тады з'явілася мара вярнуць карціну дадому, хаця б ненадоўга.

Першыя спробы прывезці твор на радзіму аказаліся беспаспяховымі. Аднак музей не адмовіўся ад сваёй ідэі. Сёлета ўдалося наладзіць прадметны дыялог з новым кіраўніцтвам Траццякоўскай галерэі –– ініцыятыву падтрымалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскі аблвыканкам. І Траццякоўская галерэя пайшла насустрач.

Каб прыняць твор сусветнага ўзроўню, Мастацкаму музею, філіялу Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, трэба было выканаць строгія патрабаванні па бяспецы і захоўванні.

Да падрыхтоўкі падключыліся літаральна ўсе гарадскія службы — ратавальнікі, спецыялісты па пажарнай бяспецы, ахоўныя арганізацыі. Прадстаўнікі Траццякоўскай галерэі асабіста прыязджалі ў Віцебск, каб праверыць умовы будучага экспанавання.

— Самае галоўнае, што ўсе былі гатовыя дапамагчы. Кожная служба казала: “Усё, што залежыць ад нас, зробім!” — падкрэслівае Таццяна Аляксандраўна.

Вялікую падтрымку аказалі спонсары. Генеральным партнёрам праекта выступіў ААТ «ААБ Беларусбанк», які ўзяў на сябе расходы па транспарціроўцы, страхаванні і забеспячэнні бяспекі карціны.

Да ініцыятывы далучыліся і прадстаўнікі бізнесу. Многія адгукнуліся неадкладна, разумеючы, што гаворка ідзе пра падзею, якая ўвойдзе ў гісторыю горада. Кажуць: хочацца стаць яе часткай.

Як заўважае Таццяна Старынская, падрыхтоўка да адкрыцця даўно перастала быць выключна музейным праектам.

У цырымоніі прымуць удзел установы культуры Віцебска: Беларускі тэатр «Лялька» прадставіць фрагмент спектакля паводле твораў Шагала; прагучыць жывая скрыпічная музыка — пра гэта паклапацілася Віцебская абласная філармонія.

Фота: Сяргей Булкін / ТАСС

— Здаецца, увесь горад жыве чаканнем гэтай падзеі. Многія музейшчыкі гавораць: «Няўжо гэта адбудзецца пры нашым жыцці?» Усё больш віцяблян усведамляюць: Шагал — наш зямляк, наш гонар! І магчымасць убачыць арыгінал яго знакамітай карціны становіцца па-сапраўднаму гістарычным момантам, — рэзюмуе кіраўніца.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 16 ліпеня ў Мастацкім музеі Віцебска. На свята прыедзе генеральны дырэктар Траццякоўскай галерэі Вольга Галакціёнава.

Менавіта ў сталіцы юбілейнага, XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ўпершыню ў суверэннай Беларусі можна будзе ўбачыць арыгінал карціны, на якой Марк Шагал і яго Бэла ляцяць над горадам, дзе некалі пачалася іх лірычная гісторыя.

Мусіць, цяжка знайсці больш сімвалічнае месца для гэтай сустрэчы. Амаль праз стагоддзе знакамітыя закаханыя нарэшце вяртаюцца туды, адкуль калісьці ўзляцелі, — у родны Віцебск.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з сайтаў Цэнтра культуры "Віцебск"
і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
;
Сяргея Булкіна / ТАСС і
Scherl / Global Look Press з сайта RBC Life,
 

MAX TikTok