Сёння функцыі бібліятэкі выйшлі далёка за межы абмену кнігамі. Сучаснасць патрабуе асваення ўсё новых і новых формаў працы. У гэтым перакананы работнікі Лоеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі на Гомельшчыне. Кіраўніца калектыву распавядае пра ініцыятывы, якія дапамагаюць землякам духоўна ўзбагачацца, а ўстанове — фарміраваць новы імідж.

ШМАТВЕКТАРНАСЦЬ
— Праектную дзейнасць наша бібліятэка распачала больш за 15 гадоў таму, — успамінае дырэктар Тамара Навуменка. — За апошняе дзесяцігоддзе распрацавана і рэалізавана некалькі сацыяльна значных ініцыятыў, якія паспрыялі папулярызацыі ўстановы сярод гараджан, гасцей Лоева, вясковых жыхароў раёна і тым самым — папулярызацыі чытання.

Гэта вельмі важна, лічыць кіраўніца, яшчэ і таму, што праз падобныя праекты работнікі культуры выхоўваюць у земляках духоўнасць, патрыятызм, цікавасць да гісторыі Радзімы.
— Як паказала практыка, не заўсёды нашы задумы давалі чаканы плён, — працягвае Тамара Сцяпанаўна. — Але атрымліваўся каштоўны рэсурс для самаадукацыі. Кожная спроба была своеасаблівай прыступкай да майстэрства, бо праектная дзейнасць мяняе бібліятэчную рэчаіснасць. Ствараецца тое, чаго раней не існавала.
Першая рэалізаваная ініцыятыва — сумесная работа з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях “Бібліятэка і МНС: крокі да супрацоўніцтва”. Мерапрыемствы, мэта якіх — навучанне дзяцей і іх бацькоў правілам бяспечных паводзін, прадэманстравалі высокую эфектыўнасць. Таму праект стаў доўгатэрміновым.

Асаблівы гонар Лоеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі — батлеечны тэатр. Батлейка з’явілася ў кніжнай скарбніцы дзякуючы міжнароднаму праекту “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага культурнага супрацоўніцтва”. Цягам двух гадоў работнікі ўстановы ўдзельнічалі ў міжнародных канферэнцыях, фестывалях, экскурсіях. Адной з галоўных падзей была ўсталёўка інтэрактыўнага аб’екта — батлеечнага тэатра.
— У перспектыве бачым бібліятэку як інфармацыйнага партнёра сферы турызму, партнёра, што стварае якасныя прадукты і аказвае паслугі на высокім узроўні, — рэзюмуе дырэктар.
ЗБЕРАГЧЫ ГІСТОРЫЮ
таронкі гісторыі” быў арганізаваны для пошуку, акумулявання фактаў мінуўшчыны і яе папулярызацыі. За справу ўзяліся работнікі аўтабібліятэкі, і гэта не першы іх досвед. Але, напэўна, самы цікавы, самы складаны і адзін з найбольш прадуктыўных.
— Калі толькі пачыналі, здавалася, асаблівых цяжкасцей не ўзнікне, — распавядае Тамара Сцяпанаўна. — Аднак літаральна пасля першых крокаў зразумелі, што ініцыятыва стане доўгатэрміновай, што за год не паспеем справіцца з усім як след. Працуючы над аўтавандроўкамі, мы навучыліся браць інтэрв’ю, прадумваць пытанні, здымаць і манціраваць відэа. Шукалі інфармацыю пра людзей, падзеі. Удзельнікі сустрэч не заўсёды пагаджаліся на відэазапіс, і мы станавіліся крышачку псіхолагамі. І ўсё гэта рабілі 10 бібліятэкараў! Прычым паралельна выконвалі асноўныя абавязкі.

Такім чынам апантаныя сваёй справай людзі назапасілі даволі шмат цікавых і вельмі каштоўных экспанатаў. Азнаёміцца з імі цяпер можа любы наведвальнік установы. Сярод самых каштоўных прадметаў — кнігі з аўтографамі, падораныя бібліятэцы, лісты, копіі ўзнагарод і асабістыя фота.
— Чаму асноўная ўвага ў праекце “Аўтавандроўкі па родным краі: збіраем старонкі гісторыі” надавалася відэаздымцы? — перапытвае кіраўніца. — Для нас важна, каб у краязнаўчым фондзе бібліятэкі засталіся відэаролікі і аўдыязапісы аб слынных людзях раёна, іх дзейнасці і дасягненнях. Магчыма, будучыя пакаленні падзякуюць за шанц зазірнуць у мінулае.
Дарэчы, гэтая ініцыятыва адзначана дыпломам другой ступені XXVIII абласнога конкурсу “Бібліятэка, неабходная грамадству” ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” і дыпломам трэцяй ступені XXХI Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

АДКРЫТЫ СВЕТ
— Жаданне ўдасканаліць веды прывяло нас на адукацыйны курс “Школа рэгіянальнага развіцця”, арганізаваны Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, — дзеліцца Тамара Навуменка. — На курсе навучалі распрацоўцы і рэалізацыі ініцыятыў. Менавіта на такіх занятках наша чарговая ідэя — стварыць інтэлектуальна-развівальную бібліятэчную пляцоўку — вырасла да праекта “Адкрыты свет”.
Неўзабаве ён трапіў у лік пераможцаў форуму грамадзянскіх ініцыятыў “Ад ідэі — да выніку” і прынёс бібліятэцы сертыфікат на 10 тысяч рублёў. Грошы пайшлі на арганізацыю першай гарадской інтэлектуальна-развівальнай пляцоўкі “Адкрыты свет”, ператварэнне тэрыторыі побач з установай у прастору для інтэлектуальнага актыўнага адпачынку і камунікацыі. Лакацыя будзе працаваць па графіку раённай бібліятэкі, падорыць магчымасць альтэрнатыўнага баўлення часу. Плануецца выкарыстоўваць і батлеечны тэатр.

— Для нас работа над праектамі — гэта пашырэнне аўдыторыі і выхад за межы традыцыйнай дзейнасці, выхаванне цікавасці да краязнаўства і мясцовай культурнай спадчыны, стварэнне турыстычных інфармацыйных прадуктаў, фарміраванне новага іміджу бібліятэкі, — падводзіць вынікі размовы Тамара Сцяпанаўна.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы.
На здымках — мерапрыемствы бібліятэкі