...ператварыліся ў белых жураўлёў. Верш Расула Гамзатава “Жураўлі” стаў асновай выставачнага праекта “Памяці загінулых”. Ён зладжаны ў зале А. Салаўёва Музея сучаснага мастацтва ў Віцебску. Прадстаўленыя працы прысвечаны мужнасці, гераізму барацьбы, трагедыі непазбежных страт і светлай памяці аб тых, хто аддаў жыццё ў ваенную пару.

У экспазіцыю ўвайшлі жывапісныя і графічныя работы Аляксандра Салаўёва (1926—2021) — удзельніка партызанскага руху пад Лугой (Ленінградская вобласць), баёў за вызваленне Карэліі і краін Балтыі. З 1966 па 1997 год ён працаваў у Коласаўскім тэатры. У 1982-м уганараваны званнем “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”. У 2016-м Аляксандра Аляксандравіча ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры Беларусі.
Перыпетыі, з якімі творца сутыкнуўся ў юнацтве, акрэслілі яго шлях, напоўнілі палотны драматызмам выпрабаванняў і перамог, барацьбы дабра і зла. У дзённіку Аляксандр Салаўёў зафіксаваў: “...на тэму вайны я пісаў свае адчуванні, перажыванні, боль. Гэта не тэматычныя карціны, а эмоцыі, выяўленыя фарбамі”. Абстрактная кампазіцыя з чорнымі меткамі “Дзяцінства залатое маё, расстралянае” расказвае пра трагічнае вымушанае сталенне юнага аўтара.

Ён у раннім узросце вырашыў стаць мастаком, а ў 16 гадоў пайшоў у партызаны і не раз трапляў пад варожыя кулі.
У творах Аляксандра Аляксандравіча вобразы жураўлёў мнагазначныя. З аднаго боку, птушкі звязаны з дзіцячымі ўспамінамі жывапісца і графіка пра малы хутар, вакол якога захоўвалася першародная прырода. Жураўлі ляталі і “танцавалі” побач з домам. З другога — гэта адлюстраванне шматлікіх чалавечых страт падчас ліхалецця і сведчанне прыналежнасці мастака да пакалення воінаў.

Малюнак “Жураўлі” прапануе блізкі да тэксту Гамзатава матыў уваскрашэння салдат і іх перараджэння ў жураўлёў. Зачароўвае патэтыка паступовага ператварэння байцоў у вольных птушак з распрастанымі крыламі. Драматызм метамарфозы падтрыманы густымі росчыркамі пяра, якія перадаюць дынаміку ўзыходжання на неба.
У сваіх работах Аляксандр Салаўёў плённа пераасэнсоўваў элементы хрысціянскага мастацтва. Аляксандр Аляксандравіч запазычвае вобразы святых, анёлаў, Маці Божай, усёвідушчага вока, іканастаса, запаленых свечак. Таксама звяртаецца да матываў Галгофы, лабірынта, пераймае геаметрычную дробнасць вітражных кампазіцый. Усё гэта — ёмістыя сімвалы болю страты падчас вайны.
Праект дапоўнены інсталяцыяй “Жураўлі” Алены Хайрулінай. Папяровая пластыка прадстаўленай кампазіцыі выканана ў аўтарскай тэхніцы без клею.
Выстава працуе да 9 жніўня.
Людміла ВАКАР, філіял “Музей сучаснага мастацтва” Музея Марка Шагала ў Віцебску