Фальклор павінен быць актуальным. У гэтым упэўнена Таццяна Нішкевіч — педагог Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Дзівосы”.

АД ПРАДЗЕДАЎ СПАКОН ВЯКОЎ…
Таццяна Аляксандраўна нарадзілася ў Лунінцы. Але самыя яркія ўспаміны дзяцінства ў яе звязаны з вёскай Дзятлавічы, што за 10 кіламетраў на поўнач ад раённага цэнтра. Там, на беразе рачулкі Цны, наша гераіня праводзіла летнія канікулы. Дзяўчынка захаплялася чароўнай прыродай Палесся і бавіла час з бабуляй — работніцай калгаса і захавальніцай мясцовых традыцый.
— Бабуля ведала шмат прыказак і прымавак, спявала народныя песні, — прыгадвае Таццяна Нішкевіч. — А яшчэ ткала — у доме стаяў станок. Таму любоў да роднай культуры і фальклору я ўбірала з ранніх гадоў.
На дзяўчыну істотна паўплывала і другая бабуля — настаўніца малодшых класаў. Менавіта ад яе, па словах суразмоўніцы, перадалося імкненне спасцігаць новае і дзяліцца назапашанымі ведамі. Убачыўшы ў дачцэ схільнасць да творчасці, бацькі прывялі дзіця ў музычную школу Лунінца ў клас фартэпіяна. А пасля будучы педагог адправілася ўдасканальваць майстэрства ў Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж.
— Далейшым крокам стала паступленне на дзённае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Навучанне я спалучала з удзелам у вакальна-харэаграфічным ансамблі “Валачобнікі” на чале са знакамітым харавым дырыжорам Станіславам Дробышам.
Па размеркаванні малады спецыяліст трапіла ў родны каледж, але неўзабаве вярнулася ў БДУКМ — у магістратуру. А потым, ужо з дыпломам магістра мастацтвазнаўства, канчаткова замацавалася ў Баранавічах — месцы, якое стала домам.
ВЫХАВАННЕ ТАЛЕНТАЎ
У 2011 годзе Таццяну Нішкевіч прызначылі мастацкім кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Дзівосы” пры каледжы. Тады ў нашай гераіні з’явілася магчымасць у поўнай меры рэалізаваць творчыя амбіцыі.
— Мая задача як педагога — падрыхтаваць маладых выканаўцаў да прафесійнай дзейнасці, — лічыць суразмоўніца. — Пазнаёміць з асновамі пастаноўкі голасу, дырыжыравання, чытання партытур, методыкай выкладання вакальна-харавых дысцыплін. Аднак тэорыя павінна крочыць нага ў нагу з практыкай. Таму выступленні на канцэртах, у конкурсных праграмах — неад’емная частка навучальнага працэсу.
Таццяна Аляксандраўна падкрэслівае: кіраванне ансамблем патрабуе шматфункцыянальнасці. Часам даводзіцца быць паралельна касцюмерам, кампазітарам, сцэнарыстам, рэжысёрам, адміністратарам…
— Паколькі я ўзначальваю калектыў, то нясу пэўную адказнасць за розныя бакі яго дзейнасці, — адзначае Таццяна Нішкевіч. — Асобную ўвагу таксама належыць надаваць адаптацыі моладзі. Каб студэнты не расчараваліся ў прафесіі яшчэ падчас навучання, каб сталі дыпламаванымі спецыялістамі, варта дапамагаць ім, абмяркоўваць пытанні, якія хвалююць. У гэтым бачу адну з галоўных місій лідара.

ПАПУЛЯРЫЗАВАЦЬ НАРОДНАЕ
Ансамбль “Дзівосы” — пастаянны ўдзельнік фестываляў, канцэртаў і патрыятычных акцый. Плённасць працы пацвярджаюць многія дасягненні, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Так, ар тысты не раз заваёўвалі званне лаўрэатаў конкурсу-фестывалю “Опцінская вясна” (Расія). У скарбонцы “Дзівосаў” — дыплом лаўрэата другой ступені ІХ Рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, узнагарода спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. На думку педагога, сакрэт поспеху — у адаптыўнасці.
— Народны калектыў мусіць адпавядаць часу, — мяркуе Таццяна Аляксандраўна. — Рэпертуар павінен быць шматпланавым. Мы прадстаўляем як класічныя народныя песні, так і кампазіцыі ў жанры фолк-мадэрн, аўтарскую музыку ў фармаце а капэла, пад інструментальную фанаграму ці нават у суправаджэнні аркестра. Гэта дазваляе залучаць моладзь у народнапесеннае выканальніцтва і захапляе слухачоў.
Яшчэ адзін важны складнік поспеху — сістэмная праца над пастаноўкай нумароў. Больш за тое — кожны з артыстаў ансамбля робіць уклад у падрыхтоўку выступленняў. Падчас такога працэсу навучэнцы праяўляюць свае моцныя бакі, рэалізоўваюць творчы патэнцыял.
— Некаторыя студэнты паказваюць сябе ў якасці таленавітых харэографаў, іншыя ўпэўнена валодаюць нотным рэдактарам ці па-майстэрску манціруюць відэа, — распавядае мастацкі кіраўнік. — Гэтая калектыўная праца спрыяе зараджэнню каманднага духу. Трэба сказаць і пра знешнасць артыстаў. З аднаго боку, нашы сцэнічныя касцюмы выглядаюць даволі традыцыйна: кашулі і фартухі з вышыўкай, тканыя паясы і спадніцы. З другога — мы выкарыстоўваем аксесуары з унікальным дызайнам. Дэманструем, што падобныя ўборы могуць быць прыгожымі і сучаснымі.
Такі падыход прыводзіць да бліскучых вынікаў: выступленні здзіўляюць публіку навізной і высокім узроўнем выканання.

ДА НОВЫХ ВЯРШЫНЬ
Гаворачы аб крыніцах натхнення, Таццяна Нішкевіч называе беларускую традыцыйную культуру ва ўсёй яе разнастайнасці, а таксама людзей, разам з якімі плённа працуе многія гады.
— Перш за ўсё трэба адзначыць студэнтаў — удзельнікаў ансамбля “Дзівосы”. Іх прыродныя здольнасці і харызма захапляюць мяне і матывуюць рухацца да новых вяршынь, — тлумачыць Таццяна Аляксандраўна. — Асобна хацелася б падзякаваць калегам і адміністрацыі каледжа. З самага пачатку майго шляху адчувала ўсебаковую падтрымку і поўную свабоду. Усё гэта дазваляе мне развівацца як прафесіяналу, а нашаму калектыву — адкрываць новыя грані творчасці і заставацца актуальным.
Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з архіва гераіні