На святочнай Кастрычніцкай

Апублiкавана: 30 чэрвеня 2026 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

Выстава “Купалаў дом — 100!” праходзіць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Яна зладжана сумесна з Дзяржаўным архівам Мінскай вобласці ды Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і прысвечана стагоддзю з моманту, калі пясняр набыў дом у беларускай сталіцы.

 

Мінскі перыяд у лёсе класіка распачаўся ў 1919-м, і за пяць гадоў Іван Дамінікавіч Луцэвіч змяніў цэлы шэраг адрасоў. Нейкі час жыў нават у хатцы, сёння вядомай як Дом-музей І з’езда РСДРП. У чэрвені 1925-га СНК БССР надаў Янку Купалу званне народнага паэта, пастанавіў прызначыць яму пажыццёвую пенсію і вызваліць ад усіх пасад, каб арганізаваць спрыяльныя ўмовы для творчай працы.

 

ДОМ НА ПАПЛАВАХ

Ужо налета ў жніўні разам з сястрой Леакадзіяй Раманоўскай пясняр купляе дом. У ім Купала праводзіць з жонкай Уладзіславай Луцэвіч і сваякамі наступныя 15 гадоў, пакуль не ад’язджае з Мінска ў першыя дні вайны. Тут жылі таксама маці і сёстры літаратара з мужамі ды дзецьмі. Дом № 36а (пазней № 40) па Кастрычніцкай вуліцы (цяпер яна носіць імя творцы) стаяў на тым самым месцы, дзе сёння знаходзіцца музей, у раёне, які называўся Паплавы. Увесь навакольны абшар сучаснага парку Янкі Купалы да вайны займалі гарадскія кварталы, шчыльна забудаваныя пераважна гэткімі ж драўлянымі дамамі. Іх, як і сядзібу паэта, цалкам знішчылі пажары, выкліканыя нямецкімі бомбамі 24 чэрвеня 1941 года.

Макет дома ў пастаяннай экспазіцыі музея

Дом быў аднапавярховы, але даволі вялікі, чатырохпакаёвы. Пісьменніца Зінаіда Бандарына згадвала: “Зялёны дашчаны плот, шчыльная калітка з шыльдачкай: «Асцярожна! Злосны сабака»... Сабака ж шаўкавісты, даўгавухі, прыгажун... ляціць насустрач па гладкай высыпанай жоўтым пяском дарожцы. Паабапал кусты бэзу, язміну, руж, за імі насупраць вокнаў клумбы з кветкамі, а на другі бок дарожкі — агарод…” З іншых успамінаў Зінаіды Аляксандраўны: “Купала ў сваім палісадніку выгадаваў некалькі піхтаў і туй, вырасціў цудоўныя ружы, сам рабіў прышчэпкі пладовых дрэў”.

 

МІНСКІ САЛОН

У пярэдняй частцы сядзібы месцілася невялікая гасцёўня з вокнамі ў палісаднік. Праз яе або з веранды — уваход у сталовую, адтуль праз калідор — другая, жылая палова дома, пакоі маці, сясцёр і пляменніц. Проста па калідоры ўсярэдзіне, быццам у бухце, у пэўным паглыбленні знаходзіўся кабінет, ён жа спальня Луцэвічаў. Абстаноўка была вельмі сціплая: чорны пісьмовы стол справа ад дзвярэй, два-тры крэслы каля яго, шафы з кнігамі ўздоўж сцен, над сталом — традыцыйны на Беларусі сноп каласоў. Злева ад дзвярэй — два масіўныя ложкі з цёмнага дрэва, у прамежку паміж імі — бюро з радыёпрыёмнікам, лямпай, тут жа — звычайна кніжныя навінкі, часопісы. Каля сцен стаяла некалькі старасвецкіх гардэробных шаф.

Макет інтэр’ера Купалавага кабінета

“Дом пад таполяй”, як яго называлі ў паэтавым асяроддзі, заўжды поўніўся наведвальнікамі і быў адным з цэнтраў культурнага жыцця Мінска. Побач расло мноства кветак, а ў садзе ўлетку таксама любілі вячэраць пясняр і яго госці. Гэта быў такі літаратурны салон, дзе мэтр сустракаўся з беларускімі ды замежнымі пісьменнікамі і дзеячамі культуры, маладымі творцамі, калгаснікамі і рабочымі, з вучнямі і са студэнтамі.

 

ПАДАРУНКІ АД СВАІХ

У экспазіцыі дэманструюцца здымкі, паперы, асабістыя рэчы Івана Дамінікавіча і членаў яго сям’і, макет інтэр’ера Купалавага кабінета. Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці на выставе ўпершыню паказаў арыгінальныя дакументы на куплю хаты, уласнаручна падпісаныя класікам і яго сястрой у жніўні 1926-га, а Віцебскі абласны краязнаўчы музей прадставіў адзіны прыжыццёвы каляровы фотапартрэт паэта. Новы Купалаў дом на старым месцы, хаця ўжо і ў іншых ролі ды абліччы, і сёння, праз сто гадоў, прыцягвае дзеячаў і прыхільнікаў беларускай культуры. Тут часта можна сустрэць таксама родных песняра, нашчадкаў яго сяброў.

Фрагмент экспазіцыі

На адкрыццё праекта госці прыйшлі не з пустымі рукамі. Унучатыя пляменнікі творцы Іван і Віктар Аўлачынскія ды іх сваячка Людміла перадалі для экспанавання друкавальную машынку, патэфон і кружэлкі, якія належалі Уладзіславе Луцэвіч. Унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч падарыла нядаўна адшуканае ў сямейным архіве фота. Гэта адзіны вядомы здымак шафёра Янкі Купалы Ільі Яртыміка побач з паэтавым аўто падчас эвакуацыі з Мінска ў 1941 годзе.

Друкавальная машынка Уладзіславы Луцэвіч

Выстава даступная да 24 жніўня.

Антон РУДАК. Фота аўтара і з сайта Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

MAX TikTok