Як ператварыць дрот у метафару крохкасці? Чаму для сучаснага аўтара так важна знайсці ўласную мову? Ці здольнае мастацтва сёння гаварыць са светам шчыра? Пра гэта і не толькі — у гутарцы з дызайнерам Палінай Трускоўскай, пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Трыенале маладых мастакоў” у намінацыях “Навацыя” і “Творчая дынастыя”.

— Паліна, як мастацтва ўвайшло ў ваша жыццё?
— Я вырасла ў творчай сям’і, таму гэта натуральная частка майго свету. Але не скажу, што адразу дакладна бачыла сябе ў прафесіі. Была цікавасць да іншых сфер, жаданне спрабаваць сябе ў розным. З часам зразумела: менавіта праз стварэнне вобразаў і сэнсаў магу найлепш перадаць унутраны стан. Асабліва важнымі аказаліся першыя выставы. Даведалася, як работы жывуць у сустрэчы з гледачом, і тое, што раней было хутчэй адчуваннем, стала відавочным. Мяркую, у той момант і з’явілася ўпэўненасць, што я на сваім месцы.

— Атрымліваецца, вы працягваеце сямейную традыцыю? Раскажыце, калі ласка, падрабязней.
— Наша дынастыя толькі пачынае складвацца. Яе аснова — мае бацькі. Мама, Ангеліна Радзіна, — мастак па касцюмах, тата, Аляксандр Трускоўскі, — мастак па шкле і манументаліст. Разам з ім мы ўдзельнічалі ў Трыенале маладых мастакоў і перамаглі ў намінацыі “Творчая дынастыя” з працай “Уплыў”. З дзяцінства родныя ніколі не абмяжоўвалі мяне нейкім адным кірункам. Яны давалі прастору, каб шукаць сябе. Таму выбар на карысць мастацтва не столькі працяг іх шляху, колькі мая ўнутраная патрэба. Хоць, вядома, адчуванне адказнасці было. Сумнявалася: ці здолею сказаць нешта сваё, а не проста ісці па ўжо пратаптанай сцежцы? Але з часам хваляванне перарасло ва ўдзячнасць — за падтрымку і давер.
— Напэўна, тады і пачаў складвацца ваш почырк?
— Бачанне і стыль немагчыма сфарміраваць раз і назаўсёды. Гэта штодзённы рух, які пачынаецца ў дзяцінстве і ўключае ў сябе ўражанні, назіранні, асабістыя цікавасці. Для мяне вялікае значэнне маюць усе этапы навучання: мастацкая гімназія, спецыяльнасць “графічны дызайн” у каледжы, цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, дзе я займаюся тэкстылем. Але не менш важныя і людзі побач: настаўнікі, творцы, мае родныя — тыя, хто сапраўды жыве сваёй справай. І яшчэ адно — такія конкурсы, як трыенале. Дзякуючы ім адкрываюцца перспектывы, з’яўляецца прызнанне і магутны імпульс, каб ісці далей.
— Адно з пацвярджэнняў руху — перамога ў намінацыі “Навацыя” з інсталяцыяй “Пасля”. Як нараджалася праца? На чым наогул будуецца ваша творчая кухня?

— “Пасля” — маё самае яркае выказванне ў напрамку fiber art, дзе можна спалучаць розныя тэкстуры, тэхнікі і фактуры. Таму асабліва каштоўна, што яно знайшло водгук і ў прафесійным асяроддзі, і ў публікі. Мяне прыцягваюць звычайныя рэчы: побытавыя сцэны, прадметы, фактуры — тое, на што нярэдка нават не звяртаем увагі. Але ў пэўны момант хочацца паглядзець на гэта інакш, вывесці з кантэксту. Так з’явіўся абрус з дроту, які нібы лунае над сталом. Я імкнулася праз жорсткі, халодны матэрыял перадаць адчуванне крохкасці, унутраную ўражальнасць — тое, што не заўсёды выкажаш словамі.
Часцей за ўсё працэс пачынаецца з вобраза — ён нараджаецца з тактыльнага знаёмства, з цікавасці да самога рэчыва. Натхненне часам прыходзіць у самых нечаканых месцах. Здараецца, завітваеш у будаўнічую краму, бачыш нешта зусім утылітарнае — і раптам разумееш: у мастацкай прасторы яно можа загучаць зусім па-новаму.
— Наколькі для вас важна, каб гледачы прачыталі закладзеныя сэнсы?

— Няма задачы навязаць адно дакладнае прачытанне. Кожны твор — ужо паўнавартаснае выказванне. Але мне цікава і тое, як чалавек суадносіць убачанае з уласным досведам. Калі работа хоць нечым закранула — абудзіла ўспамін, выклікала эмоцыю, пытанне, гэта дорыць дадатковыя сэнсы. Але глядач мае права не ўступаць у дыялог. Мастацтва тады не перастае быць мастацтвам.
— Ці адчуваеце пэўную місію ў тым, што робіце, і як яна суадносіцца з часам?
— Для мяне мастацтва заўсёды існуе паміж свабодай і адказнасцю. Свабода — шукаць уласную форму, эксперыментаваць, не баяцца праяўляць сябе. Адказнасць — за тое, што ты даеш свету, і за магчымасць быць пачутым. Працую з тэмамі, якія мяне сапраўды хвалююць: гісторыя, экалогія, чалавечая прырода, асабісты досвед. Мне важна гаварыць пра гэта шчыра і асэнсавана. Сучаснае мастацтва не абавязана адказваць на ўсе пытанні. Але мне бліжэй, калі яно застаецца чулым і сумленным.
Цяпер сапраўды шмат магчымасцей. Ёсць доступ да матэрыялаў, тэхналогій, інфармацыі. Але патрабуецца вялікая ўключанасць у працэс. Варта сачыць за прафесійным асяроддзем, шукаць пляцоўкі, будаваць кантэкст вакол работ. Гэта, напэўна, і ёсць галоўны выклік — не спыняцца. Бо свабода заўсёды звязана з самастойнасцю. Да таго ж у нас шмат моцных маладых аўтараў. Таму з’яўленне новых выставачных прастор сёння такое важнае.

— Якія наступныя крокі вы сабе азначылі?
— Планую развіваць уласную творчую мову — шукаць трапныя прыёмы і хады, каб выяўляць сваё бачанне. Мне цікава рухацца ў бок міждысцыплінарнасці. Калі размова пра больш далёкую перспектыву — хацелася б пашыраць межы мастацкага тэкстылю ў Беларусі, паказваць, што ён можа быць сучасным, вострым, канцэптуальным і вельмі жывым.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні