Людміла Паўлоўская — адна з найбольш яркіх творчых асоб Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Нядаўна ёй было прысвоена званне “Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь” — з гэтага і пачалася наша размова.

— Людміла Васільеўна, для безлічы вашых прыхільнікаў вы ўжо не толькі заслужаная, але і — народная.
— Калі працуеш добрасумленна, то думаеш не пра ўзнагароды, а пра гледача. Пра тое, як данесці яму ідэі аўтара і пастаноўшчыкаў, свае эмоцыі і разважанні. Я заўжды гавару вучням: калі стараешся, вынік абавязкова будзе. А з ім і ўдзячнасць.
У мяне назапашана шмат розных дыпломаў, грамат, іншых узнагарод. Але гэтая, атрыманая ад Прэзідэнта краіны, разам з яго моцным, надзейным поціскам рукі — асабліва дарагая. Апошнім часам мне тэлефануе столькі людзей! Нават простыя гараджане ці тыя, хто некалі ўбачыў мяне на выязным выступленні (“Памятаеце, вы неяк у наш дзіцячы дом завітвалі?”), — вельмі прыемна.
У тэатры лялек — адразу ў родным Магілёўскім — Людміла Паўлоўская пачала працаваць у студзені 1977-га. Хутка ўжо — паўстагоддзя на сцэне! Прафесійныя веды і навыкі здабывала ў тамтэйшым культасветвучылішчы (цяпер гэта каледж мастацтваў), а ў дыпломным спектаклі іграла Тома Соера. Дзяўчыну заўважылі і запрасілі прайсці конкурс на тры туры, сумоўе.

— У горадзе адкрывалі тэатр лялек. А я ж да таго ўвогуле такіх пастановак не глядзела, толькі драматычныя. Хвалявалася неверагодна! Спачатку ў тэатры ўсяго было восем артыстаў. Першым для калектыву стаў спектакль “Тыграня Петрык”, і ў мяне — чатыры ролі: з маскамі, лялькамі, жывым планам. Рэжысёр прапаноўваў ехаць вучыцца далей, а я сумнявалася, ці патрэбныя мне менавіта лялькі.
Нарэшце паступіла ў Мінск на курс легендарнага Анатоля Ляляўскага і па заканчэнні размеркавалася ў Гродна, дзе тэатр лялек — яшчэ маладзейшы, адкрыты ў 1980-м. Гэта мой лёс!
Тады ў рэпертуары было пяць спектакляў, я ўвялася адразу ў чатыры. Так і працую тут з 1983-га — больш як 40 гадоў! І з таго самага часу занатоўваю ў сшытачак, што і калі ў нас ставілася, што ў калектыве рабілася, куды ездзілі, хто якія ролі выконваў.
— Цяпер зразумела, чаму вам прапанавалі яшчэ і экскурсіі ладзіць, дзяліцца гісторыяй тэатра. Вы ж найлепш усё памятаеце і ведаеце!
— Дапамагло і выкладанне — таксама стасункі з моладдзю, дзецьмі. І шматлікія творчыя сустрэчы ў школах, бібліятэках, на любых пляцоўках, дзе я расказваю пра лялькі, пра спектаклі, паказваю і фрагменты, і ўласна прыёмы лялькаваджэння. Атрымліваюцца таксама экскурсіі, толькі не па нашым гістарычным будынку, закладзеным Тызенгаўзам, а куды шырэйшыя — па мастацтве тэатра лялек.
Слухаць Людмілу Васільеўну — адно задавальненне. Яна можа распавядаць бясконца і настолькі натхнёна, цікава, што час ляціць, бы адно імгненне. Не дзіва, што педагагічная дзейнасць стала творцу такой жа блізкай, як і тэатральная. Бо нават асобна кінутая фраза Людмілы Паўлоўскай — гэткі, калі можна так сказаць, тэатр шчырай душы.
13 гадоў артыстка выкладала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы — вяла ў будучых журналістаў майстэрства акцёра, сцэнічную мову, ставіла з імі спектаклі, пакінула відэаўрокі для наступных пакаленняў. 16 гадоў працавала ў каледжы мастацтваў. А цяпер Людміла Васільеўна — педагог на курсах у радыёшколе.
— Калі мне прапанавалі выкладанне, падумала: а чаму б не паспрабаваць? Абклалася кнігамі, зрабіла вучэбныя праграмы. Калі артыст асвойвае паралельныя прафесіі — усё ідзе ў яго скарбоначку.
— Ды галоўнае ваша багацце — шматлікія ролі. Ведаю, што ўсе яны любімыя. Але ж ці можаце вылучыць некаторыя?
— Сёння ў нашым тэатры іншая стылістыка, новыя мастацкія рашэнні, сучасныя відэапраекцыі. Любімых роляў і спектакляў — безліч. У “Цудоўнай дудцы” я ўвасабляла Бабку, сама іграла на гармоніку. У “Васілісе Цудоўнай” — Бабу Ягу. У пастаноўцы “Вій” — Вядзьмарку з вельмі вялікай лялькай. У “Сне ў летнюю ноч” — гарэзу Пэка. Люблю характарных герояў!
А ў “Залочаных ілбах”, па версіі нашага мастацкага кіраўніка Алега Жугжды, у мяне ніводнага слова няма — толькі лялька. І на адным з міжнародных фестываляў замежжа гэтую маю ролю раптам прызналі найлепшай жаночай. У “Фаўсце” я проста ў чорным, дапамагаю — падаць-прыбраць. Але не саромеюся і пра такое гаварыць, бо ведаю, наколькі важна і складана адчуць партнёра, паднесці яму рэквізіт акурат у пэўны момант. Пашанцавала, што многа ўсяго разнапланавага. Палітра шырачэзная!

Апошнім часам Людміла Паўлоўская запатрабавана і ў Гродзенскім абласным драмтэатры: у “Вельмі простай гісторыі” іграе Кабылу, у “Цётках” — Разалію. А ў канцы чэрвеня паўстане Белісай у “Вынаходлівай закаханай” Лопэ дэ Вегі.
— Дзе чэрпаеце энергію?
— Колькі аддаеш, столькі ж і вяртаецца. Усіх гэтаму вучу! Прыемна, што радую людзей, запальваю ў іх душах маленькіх светлячкоў, абуджаю найлепшыя памкненні. Кажуць, новыя пакаленні сядзяць у тэлефонах. А вы бачылі, як у іх загараюцца вочкі? Моладзь больш востра рэагуе на жывыя эмоцыі, бо ў смартфоне іх не атрымаеш. Толькі дабрыня і святло выратуюць свет! Гучыць крыху наіўна? Але ж дзякуючы тэатру лялек я адчуваю сябе сапраўднай чараўніцай, бо магу ажыўляць нежывое. Ці ж гэта не сапраўдны цуд? Запаліць у сабе святло — і падзяліцца ім. А яшчэ ў свой час мне вельмі дапамагла мая маці. Даглядала дачушку, калі я разрывалася між тэатрам, гастролямі, домам.
Год беларускай жанчыны — яшчэ і канстатацыя таго, што ідзе чарговая эра матрыярхату. Гісторыя мае асаблівасць паўтарацца! А з жанчыны пачынаецца жыццё на зямлі.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра і з адкрытых крыніц