У мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці працуе выстава “Рухаўскія дываны”.

Чым адметныя гэтыя артэфакты?

Выраб дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне, распаўсюджаны ў Рухаве і Палажэвічах Старадарожскага раёна, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2020 годзе. Салома заўжды была адным з самых танных прыродных матэрыялаў. Яна лічылася знакам урадлівасці і дабрабыту, ішла на корм і подсціл жывёле, служыла ложкам, выкарыстоўвалася і як будаўнічы матэрыял, і таксама для працы над выдатнымі творамі — ад калядных павукоў да аздобы храмаў.
У Беларусі аплікацыя саломкай стала шырыцца ў XIX стагоддзі сярод сялян як хатні занятак, але ў некаторых выпадках мела характар промыслу: мастацкія дываны вырабляліся на заказ. У першыя пасляваенныя гады на фоне аднаўлення краіны пасля разбурэнняў людзі, асабліва ў вёсках, імкнуліся простым і недарагім спосабам упрыгожыць жыллё, дадаць у сціплы інтэр’ер дома акцэнт, якім акурат мог быць яскравы дыван на ўсю сцяну, павешаны над ложкам.

Як распавяла вядучы метадыст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Марыя Карпянкова, традыцыю ў вёсцы Рухава ў 1950-я пачала Кацярына Русаковіч (1925—1997). Пазней яе ўменні перанялі Надзея Пілюк (1924—2007) і Марыя Русаковіч, якая захоўвае сакрэты рамяства і сёння. Адметна, што Кацярыну Максімаўну натхніў расповед мужа пра ўбачаны ім на кірмашы дужа прыгожы дыван. Жанчына па гэтай вуснай характарыстыцы, не маючы досведу, наважылася выканаць свой першы твор, а з часам дасягнула такога майстэрства, што вырабы Кацярыны Русаковіч сталі вядомымі і запатрабаванымі далёка за межамі Беларусі. Пра іх нават пісала саюзная прэса і здымала сюжэты тэлебачанне.
СІМЕТРЫЯ І ГАРМОНІЯ
Рухаўскія дываны ўяўляюць сабой буйныя насценныя пано. Дэталі з саломкі яскравых колераў наклеены на чорнае палатно, што нацягнута на драўляны падрамнік. Гэтыя аб’екты спалучаюць мастацкія набыткі аплікацыі, маляванак, тканых посцілак і вышыўкі. Салому традыцыйна нарыхтоўвалі ў полі і сушылі, сцябліны дзялілі на асобныя часткі, прыбіраючы вузлы, клалі ў чыгун і ставілі ў печ, каб матэрыял запарыўся і зрабіўся мяккім.

Пасля — фарбавалі, разразалі ўздоўж і разгладжвалі прасам у стужкі, якія шчыльна склейвалі паміж сабой на газеце, сушылі. Далей на саломе малявалі ўзоры і выразалі іх па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам.
Саламяныя элементы сіметрычна размяшчаюцца па ўсёй паверхні дывана. Па цэнтры — галоўны матыў. У яго якасці могуць выступаць выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры букет кветак, дрэва, пара аленяў, зайцоў ці галубоў, абрамленыя раслінным вянком. Па краях дадаецца шляк, фон паміж буйнымі часткамі запаўняецца дробнымі геаметрычнымі фігурамі, кветкамі і лісцем.
Падобныя пано ствараюцца і ў іншых мясцінах Беларусі, але там ёсць свае асаблівасці. На паўночным захадзе краіны, напрыклад, пераважаюць кампазіцыі з жывёльнымі матывамі — заўважны ўплыў вышываных і маляваных дываноў, пашыраных у рэгіёне.
НОВАЕ ПРАЧТАННЕ
На жаль, напрыканцы мінулага стагоддзя рухаўскія вырабы перасталі карыстацца попытам, бо распаўсюдзіліся карціны, фоташпалеры, шарсцяныя дываны. Калі раней пано з саламянымі ўзорамі служылі яркім акцэнтам у інтэр’еры вясковых хат, то сёння паводле іх матываў прыдумваюць сувеніры і касцюмы, якія таксама можна пабачыць у экспазіцыі. Арыгінальныя творы народных майстроў захоўваюцца ў музеях — напрыклад, у Навукова-даследчым музеі беларускага мастацтва і культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і ў Музеі беларускага народнага мастацтва, а яшчэ ў Старых Дарогах — у гісторыка-этнаграфічным музеі ды Цэнтры рамёстваў.

Мясцовая моладзь пераймае навыкі падчас заняткаў у гуртках. Праца з саломкай дазваляе развіваць пачуццё колеру, трэніраваць дробную маторыку і вакамер, выхоўвае назіральнасць і мастацкае ўспрыманне свету. На выставе арганізаваны і інтэрактыўны куток для дзяцей, дзе яны праз гульню могуць глыбей пазнаёміцца з рухаўскімі дыванамі пры дапамозе пазлаў, магнітнай дошкі і размалёвак. Праект даступны да 28 чэрвеня.
Антон РУДАК