Пашыраючы прастору ўшанавання

Апублiкавана: 22 чэрвеня 2026 Стужка Афіцыйна Брэст і вобласць Дата

Аўтар: РУДАК Антон

22 чэрвеня спаўняецца 85 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З гэтай нагоды завяршаецца чарговы этап праекта Саюзнай дзяржавы па рамонце і рэстаўрацыі ключавых аб’ектаў Брэсцкай крэпасці. Расказваем, што зроблена і чым жыве мемарыяльны комплекс.

 

Брэсцкая крэпасць-герой нязменна застаецца адным з найбольш папулярных музейных комплексаў і гістарычных помнікаў Беларусі. За апошнія пяць гадоў мемарыял наведала 2,8 мільёна чалавек з 56 краін, было праведзена 55 тысяч экскурсій. Толькі летась сюды завітала 723 тысячы гасцей, у тым ліку ў складзе 14 тысяч экскурсійных груп.

У чэрвені 2024-га цытадэль над Бугам дадалі ў папярэдні спіс ЮНЕСКА ў рамках расійска-беларускай транснацыянальнай намінацыі “Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган”. Увосень будзе адзначацца 55 гадоў з дня адкрыцця комплексу і 70 гадоў з моманту стварэння Музея абароны.

 

КРОКІ РАЗВІЦЦЯ

Цвярдыня зберагае сведчанні аб розных эпохах. Гэтай мясціне было наканавана пастаянна зазнаваць страшэнныя разбурэнні і ваенныя трагедыі. Зрэшты, у горада і ўмацаванняў такое геаграфічнае становішча, што іначай, відаць, здарыцца не магло. Недарма Брэст цягам доўгіх гадоў яго існавання ў складзе і Савецкай, і сучаснай незалежнай Беларусі ўспрымаецца як брама краіны на яе заходнім рубяжы.

Абарона Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года — адна з самых вядомых і гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Таму захаванне памяці аб тых перыпетыях, своечасовая рэстаўрацыя і музеефікацыя цвярдыні, падтрыманне яе аб’ектаў на высокім якасным узроўні застаецца важнай задачай. Мемарыяльны комплекс у апошнія гады надзвычай дынамічна развіваецца. Акрамя Музея абароны Брэсцкай крэпасці, які працуе з 1956-га, тут былі адкрыты некалькі экспазіцый: у 2014 годзе — “Музей вайны — тэрыторыя міру”, у 2017-м — “Армейскі клуб”, у 2019-м — “Летапіс Брэсцкай крэпасці”, у 2020-м — “Абарона Усходняга форта”, а ў 2021-м — “Форт № 5”.

 

ПОСПЕХІ І ДАСЯГНЕННІ

За стварэнне экспазіцыі “Музей вайны — тэрыторыя міру” ў 2014 годзе калектыву мемарыяльнага комплексу прысудзілі спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а ў 2021-м за значныя дасягненні ў захаванні гістарычнай спадчыны і ўвекавечанне памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны — ордэн Францыска Скарыны.

У 2022 і 2023 гадах Брэсцкую крэпасць таксама занеслі на Рэспубліканскую дошку Гонару, а ў 2022-м узнагародзілі граматай Міністэрства культуры ў намінацыі “За найлепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі сярод арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі сферы культуры рэспубліканскага падпарадкавання”.

Музейныя экспазіцыі не толькі раскрываюць усю карціну працяглай абароны крэпасці, але і распавядаюць аб ранейшых этапах яе гісторыі, далейшым жыцці абаронцаў: многія з іх удзельнічалі ў вызваленні Беларусі і краін Еўропы, у падпольным і партызанскім руху. Асаблівая ўвага звернута на складаны шлях да прызнання подзвігу крапаснога гарнізона, на лёсы сем’яў тутэйшых воінаў. Экспазіцыя філіяла “Музей 5 форт” падрабязна знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй фартыфікацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

 

НОВЫЯ ЛАКАЦЫІ

З бюджэту Саюзнай дзяржавы на капітальны рамонт, рэстаўрацыю, рэканструкцыю і музеефікацыю аб’ектаў за 2024—2026 гады было выдаткавана амаль 500 мільёнаў расійскіх рублёў. Адрэстаўраваны мемарыялы “Смага”, “Зорка” і манумент “Мужнасць”. Апошні ачышчаны ад бруду, апрацаваны адмысловымі сродкамі супраць біяразбуральнікаў і пафарбаваны.

У заходняй частцы крэпасці да 85-й гадавіны пачатку абароны 21 чэрвеня 2026-га адкрылася мемарыяльная зона “Смутак”.

Яшчэ адзін з асноўных аб’ектаў, які атрымае новае жыццё ў выніку цяперашніх работ, — Паўднёвая казарма, дзе могуць размясціцца музейна-адукацыйны цэнтр, канферэнц-зала, бібліятэка і фондасховішча.

Таксама працы праводзіліся ва Усходнім форце Кобрынскага ўмацавання і на руінах былых казармаў 44-га стралковага палка. Меры па аднаўленні гістарычнага аблічча Паўднёвай брамы прымае Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр за кошт ахвяраванняў прыхаджан. Добраўпарадкаванне закранула і Валынскае ўмацаванне. Тут выдалены аварыйныя дрэвы, неўзабаве з’явяцца свежыя экскурсійныя маршруты, якія дапамогуць больш цэласна паказаць гісторыю крэпасці проста на месцы падзей.

Антон РУДАК. Фота аўтара, Кацярыны АНАСОВІЧ, Данііла ПІЎКАРЦА
і з сайта мемарыяльнага комплексу

 

MAX TikTok