Захаваць у сэрцы назаўжды

Апублiкавана: 19 чэрвеня 2026 Стужка Афіцыйна не указан Дата

Аўтар: Служба інфармацыі

22 чэрвеня — журботная дата ў календары нашай краіны. Гэта Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Бясконцыя 1418 дзён доўжыўся шлях да Перамогі. Па дадзеных Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, падчас ліхалецця на нашых землях загінула больш за 3 мільёны чалавек, звыш 380 тысяч было вывезена на прымусовыя працы. Фашысты стварылі тут каля 580 лагераў смерці...

Брэст першым прыняў варожы ўдар.

Штогод — і 2026-ы не выключэнне — горад над Бугам становіцца сэрцам маштабных мерапрыемстваў і акцый.

Так, у ноч на 22 чэрвеня, у 85-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыі мясцовай цытадэлі запланаваны шэраг падзей.

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы рыхтуе прэм’еру адноўленай пастаноўкі “Брэсцкая крэпасць”. Упершыню гэты твор паказалі ў 1953-м. Ён не сходзіў са сцэны больш за 30 гадоў. Спектакль сыгралі звыш 950 разоў не толькі для беларускіх, але і для замежных гледачоў — і цяпер ён вяртаецца.

Таксама будуць арганізаваны мітынг-рэквіем, ускладанне кветак да Вечнага агню — прысутныя змогуць ушанаваць памяць тых, хто аддаў жыццё за Перамогу.

Затым чакаецца ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Каля тысячы чалавек увасобяць гераічную абарону цвярдыні: мяркуецца відовішчны палёт самалётаў, на поле выйдзе кавалерыя, будзе разбіты палатачны лагер.

Акрамя таго, 20—22 чэрвеня ў Брэсце зладзяць ІІ Міжнародны форум Саюзнай дзяржавы “Вялікая спадчына — агульная будучыня”, у якім паўдзельнічаюць дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

У праграме — секцыі, прысвечаныя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны як кансалідуючаму фактару інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, духоўнакультурным асновам Перамогі, ідэалогіі неанацызму як пагрозе для цывілізацыйнага светапарадку ў кантэксце эскалацыі міжнароднай напружанасці.

Маштабны культурна-адукацыйны праект “Цягнік Памяці” 22 чэрвеня стартуе ў Брэсце. Ініцыятыва ахопіць восем гарадоў Беларусі і пяць — Расіі. Па маршруце праедуць 200 юнакоў і дзяўчат — выпускнікоў 10-х класаў.

На летніх канікулах ва ўстановах адукацыі працягваецца рэспубліканская патрыятычная акцыя “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”.

Яна накіравана на выхаванне ў новага пакалення любові да Радзімы, духоўна-маральных якасцей, павагі да абаронцаў Бацькаўшчыны, на зберажэнне гістарычнай памяці пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У рамках акцыі праводзяцца мітынгі, ускладанні кветак, урокі, конкурсы, сустрэчы са сведкамі падзей, з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый.

Больш за тое, ва ўстановах культуры Беларусі даступныя мерапрыемствы па тэме. Прыкладам, Нацыянальная бібліятэка прэзентавала сумесную з Нацыянальным архівам кніжна-дакументальную выставу “Сцяною мужнасці супраць агню вайны”. Гэтая экспазіцыя — даніна павагі ўсім, хто стаў на шляху варожага нашэсця. 22 чэрвеня ў краіне пройдуць жалобныя цырымоніі, мітынгі-рэквіемы на мемарыялах і пахаваннях.

У храмах святары адслужаць асаблівую памінальную паніхіду ў гонар ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Традыцыйна ў кожным кутку рэспублікі адбудзецца Усебеларуская хвіліна маўчання.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok