Оперны выканаўца з унікальным каларатурным сапрана, дацэнт кафедры спеваў і музычна-тэатральнага мастацтва Акадэміі музыкі Алена Шведава адзначыла юбілей. Пра здабыткі і мары заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, уладальніца медаля Францыска Скарыны распавяла “Культуры”.

ПРА МАРУ
— Здаецца, гаварыць і спяваць я пачала паралельна. Адзін з першых успамінаў тычыцца трохгадовага ўзросту. Я, маленькая дзяўчынка, пяю… Што б вы думалі? “Бухенвальдскі набат”! “Люди мира, на минуту встаньте!..” Потым была “Валгаградская бярозка”. Вельмі любіла Зыкіну, імітавала яе голас. Спрабавала спяваць у народнай манеры.
Ужо ў пяць гадоў бацькі павялі мяне на кінапробы. Тады “Беларусьфільм” аб’явіў кастынг на галоўную ролю ў карціне “Анюціна дарога”. А я была хударлявая, з вялікімі вачыма і буйнымі каленкамі — той самы тыпаж, што патрабаваўся рэжысёру. Зацвердзілі амаль адразу! Прадстаўнікі здымачнай групы прыязджалі па мяне ў садок, і я адчувала сябе сапраўднай зорачкай.
Але сыграць так і не выпала: па сцэнарыі я мусіла скакаць на кані, што па стане здароўя рабіць было непажадана. Тату з мамай спрабавалі ўгаварыць, але яны катэгарычна адмовіліся.
Мара стаць актрысай і спяваць нарадзілася менавіта тады — калі я не змагла патрапіць у свет кіно.

ПРА ГОЛАС
— У чацвёртым класе пачала хадзіць на заняткі па вакале ў Палац прафсаюзаў да выдатнага педагога Доры Кроз. Дора Захараўна — адна з першых выпускніц Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, да вайны працавала ў Вялікім тэатры, разам з ім перажыла эвакуацыю. Голас Доры Кроз гучаў і ў маштабных залах, і ў шпіталях.
Настаўніцу я вельмі паважала. Дагэтуль удзячная за навуку і магчымасць займацца любімай справай.
Калі споўнілася 17, вырашыла паступаць у кансерваторыю. Пайшла на праслухоўванне да Ніжнікавай. І па звычцы запела пад Зыкіну — грудным голасам. А Тамара Мікалаеўна кажа: “Пачакай, дзетачка, не так…” І паказала адно практыкаванне. У мяне атрымалася крыху вышэй. А пасля яшчэ і яшчэ. Чым далей — тым вышэй і тым прасцей мне станавілася і камфортней.
І ўсё ж адразу мяне не ўзялі праз узрост: не хапіла года. Але запрасілі ў рамках спецпрактыкі займацца ў Вольгі Лук’янёнак. Гэта быў крок да здзяйснення мары. Потым — падрыхтоўчае аддзяленне, паступленне, навучанне і выпуск.

ПРА РОЛІ
— З самага першага дня ў кансерваторыі — а можа, і раней — я хацела ролю ў аперэце ці нават оперы. Атрымаўшы адукацыю, праслухоўвалася ў тэатры, але з аб’ектыўных прычын давялося адмовіцца ад прапановы. Размеркавалася ў філармонію, дзе працавала два гады.
У той перыяд мы шмат гастралявалі з канцэртамі па ўсім Савецкім Саюзе. Выступалі ў калектывах, на сцэнах устаноў культуры, прадстаўлялі рэспубліку ў паўднёвых і паўночных рэгіёнах СССР, на Далёкім Усходзе…
У адзін цудоўны дзень мне патэлефанавалі з нашага Вялікага і запрасілі спець Царыцу ночы ў “Чароўнай флейце”. Ад хвалявання я не спала некалькі дзён: усё думала, ці спраўлюся. Справілася.
Пасля гэтага вобраза трапіла ў стажорскую групу тэатра. Ужо ў новай якасці выконвала партыю ў оперы “Казкі Гофмана” — вельмі складаную. Спектакль вяла знакаміты дырыжор Таццяна Каламійцава. Яна шмат са мной працавала, адточваючы гучанне да ідэалу. І цяпер здаецца, што магу ў любы момант — хоць сярод ночы — бездакорна спець тую партыю.
За час работы салісткай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета мне пашчасціла сыграць больш за 20 цэнтральных роляў. Гэта Разіна ў “Севільскім цырульніку”, Джыльда ў “Рыгалета”, Мюзета ў “Багеме”... Якая любімая? Напэўна, кожную люблю па-свойму. Яны быццам мае дзеці і дакладна — маё жыццё.

ПРА АКАДЭМІЮ
— Выкладаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі я пачала ў 2010-х: адчула ўнутраную патрэбу дзяліцца здабыткамі з моладдзю. Спярша сумяшчала, а ў 2021-м пакінула вялікую сцэну і перайшла ў ВНУ на пастаянную працу.
Такі крок быў для мяне няпростым. Але дзякуючы калектыву і маім студэнтам атрымліваю асалоду. Мне пашанцавала з канцэрт- майстрам: Настасся Бруянкова — выдатны прафесіянал і шчыры чалавек. І дзяўчынківыхаванкі старанныя, таленавітыя. З імі працаваць — задавальненне. Радуюся, калі яны дасягаюць якаснага гучання. На эмоцыях нават магу расцалаваць!
Увогуле, справу выкладчыка спеваў лічу складанай. Бо гучанне голасу ў многім залежыць ад фізіялогіі. Гэта тое, што не растлумачыш, не перадасі. Тут важнае разуменне і адчуванне самога артыста. Мы разбіраем прыклады, я дэманструю, як няправільна, — іншым разам аж хрыпну. Падказваю, вучу дыханню і адмысловым прыёмам. А калі ў рэшце рэшт дабіваемся станоўчага выніку — вельмі цешуся.
Ганаруся сваімі дзяўчатамі! Як і мае педагогі, заклікаю студэнтак да працавітасці, шчырасці выканання і ўпэўненасці ў сабе.
ПРА ШЧАСЦЕ
— Я — шчаслівы чалавек! Лёс падарыў сцэну, любімую прафесію, сустрэчы з найцікавейшымі людзьмі. Шчаслівая праз тое, як склалася жыццё, кар’ера. Я бачыла шмат дзяржаў, шмат культур і народаў. Пасля такіх падарожжаў адчуваеш яшчэ большую радасць, знаходзячыся ў сваёй краіне. Я ніколі не хацела кудысьці з’ехаць: мне цёпла і ўтульна ў маёй Беларусі, сярод шчырых, працавітых і творчых асоб. І ў гэтым таксама маё шчасце!
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА