Пра важнае без шаблонаў

Апублiкавана: 18 чэрвеня 2026 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Фільмаграфія Нацыянальнай кінастудыі ўзбагацілася дакументальна-ігравой карцінай “Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь”. У шырокі пракат яна выйшла перад Днём Дзяржаўнага сцяга, герба і гімна, які кожны год адзначаецца ў другую нядзелю мая.

Стужка завяршыла ўнікальную трылогію, што прадставіла гісторыю нацыянальных сімвалаў вачыма падлеткаў. Спалучэнне бясспрэчнай дакументальнай базы і лёгкіх для разумення сюжэтаў — канцэптуальная аснова самабытнага праекта.

— Імкнуліся ператварыць у казку тое, што звычайна распавядаюць складанымі словамі, і пазбавіць гімн налёту фармальнасці ва ўспрыманні юнага пакалення, — гаворыць рэжысёр Ксенія Стрэльчанка. — Для гэтага прыдумалі яркага і запамінальнага персанажа — Захавальніка гімна. Менавіта ён стаў для галоўнай гераіні — дапытлівай артысткі Соні — правадніком у падарожжы, што ахапіла найважнейшыя вехі гісторыі сімвала.

Маштабны шлях — ад палымяных акордаў “Інтэрнацыянала” да сучаснай версіі, зацверджанай усенародным рэферэндумам і Кіраўніком краіны ў 2002 годзе, — адлюстраваны жыва і лёгка, без аніякага намёку на “сумную лекцыю”.

 

МУДРЫЯ ПАРАДЫ

Дзеянне змясцілася ў 26 экранных хвілін. На здымкі, як расказала рэжысёр, спатрэбілася каля двух тыдняў:

— Прыдатныя лакацыі знайшліся на кінастудыі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і іншых культурных прасторах сталіцы. Нашмат больш часу заняло вывучэнне архіваў.

У якасці экспертаў выступілі вядомыя дзеячы мастацтва. Гэта, у прыватнасці, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч і дырыжор Аляксандр Фёдараў.

— Ветлівыя і шчырыя людзі! Ахвотна дапамагалі і вельмі падтрымлівалі нас, маладых спецыялістаў, — падзялілася ўражаннямі ад супрацоўніцтва Ксенія Стрэльчанка. — Асабліва ўдзячная кансультантам за іх неперадузяты погляд і мудрыя парады. Цяпер яшчэ ясней бачу, наколькі слушнымі і праніклівымі яны былі.

 

З АДКАЗНАСЦЮ

Галоўную гераіню стужкі сыграла ўладальніца гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу ў рамках XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Амалія Сухан.

— Дзякуючы ролі даведалася столькі новага! Фільм атрымаўся неверагодна займальным. Удалося раскрыць гісторыю стварэння тэксту і музыкі, растлумачыць, чаму мы ўстаём, калі гучаць гэтыя ўрачыстыя акорды, — адзначыла юная артыстка. — Рада, што аказалася часткай такой важнай карціны!

Педагог Амаліі, мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра эстраднай песні “Сябрынка” Таццяна Трухан таксама паўдзельнічала ў праекце. Цікава, што на ролі настаўніцу і вучаніцу зацвярджалі асобна. На здымачнай пляцоўцы, дарэчы, абедзве апынуліся ўпершыню.

— Хвалявалася! Прафесійнай акцёрскай адукацыі няма, але ў вобраз ужылася лёгка: знаходзілася ў звыклым амплуа кіраўніка творчага калектыву, — расказала выкладчыца. — З вялікім гонарам пакажу фільм выхаванцам тэатра “Сябрынка”! Дзеці часта выступаюць на розных дзяржаўных святах, дзе выконваюць гімн. Усе ў нас ведаюць яго на памяць.

 Асабліва паглыбіўся ў мінулае сімвала артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Кірыл Нікіцін, які стаў тым самым казачным Захавальнікам.

— Сярод мноства фактаў найбольш уразіла тое, якім доўгім і карпатлівым быў працэс напісання музыкі, — канстатаваў акцёр. — Да кожнай ноты аўтары падыходзілі з неверагоднай адказнасцю!

 

КАЛАСАЛЬНАЕ ЗНАЧЭННЕ

— Трылогія — важны крок у патрыятычным выхаванні новага пакалення. Гісторыя нацыянальных сімвалаў тут прадстаўлена без шаблонаў, проста і зразумела, — падкрэслівае Ксенія Стрэльчанка. — Карціна “Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь” мае каласальнае значэнне і для кінастудыі, і для мяне асабіста, бо гэта мой рэжысёрскі дэбют. Чакаю шчырых водгукаў!

Неўзабаве спадзяюся стварыць дакументальны праект пра маладых спецыялістаў. Хочацца распавесці пра іх жыццё ў розных кутках краіны. Герояў, дарэчы, ужо знайшлі. Вельмі яркія, пазітыўныя і цікавыя людзі! Атрымаецца нешта класнае і пазнавальнае. Сачыце за навінамі ў сацыяльных сетках “Беларусьфільма”!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

MAX TikTok